Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марк Цукербэрг папрасіў прабачэньня за глябальны збой у працы сэрвісаў Facebook


Заснавальнік кампаніі Facebook Марк Цукербэрг

Заснавальнік кампаніі Facebook Марк Цукербэрг папрасіў прабачэньня за маштабны збой, у выніку якога больш за 3,5 млрд карыстальнікаў сацсетак ва ўсім сьвеце на 6 гадзін былі адрэзаныя ня толькі ад сеткі Facebook, але і ад Instagram, Messenger і Whatsapp. Збой адбыўся каля 19:00 паводле менскага часу, а ліквідаваць непаладкі ўдалося, калі ў Менску была ўжо ноч.

Як паведаміла газэта New York Times, праблема была вырашаная пасьля таго, як у цэнтры апрацоўкі дадзеных у Каліфорніі інжынэры перазапусьцілі сэрвэры, аднак у кампаніі не пацьвярджаюць гэтую інфармацыю.

Замест гэтага Facebook адзначыў, што працуе над тым, каб дабрацца да сутнасьці таго, што адбылося, і зрабіць сваю інфраструктуру больш надзейнай.

Як сьцьвярджаюць у кампаніі, няма ніякіх указаньняў на тое, што дадзеныя карыстальнікаў былі скампрамэтаваныя.

Пра дакладныя прычыны збою не паведамляецца, аднак некаторыя экспэрты мяркуюць, што гаворка можа ісьці пра непаладкі ў працы DNS-сэрвэраў, якія выкарыстоўвае Facebook. DNS-сэрвэры часам параўноўваюць з адраснай кнігай інтэрнэту, яны накіроўваюць браўзэры і аплікацыі да сэрвэраў, дзе ўтрымліваецца патрэбная ім інфармацыя.

Рэпарцёр New York Times Раян Мак напісаў у Твітэры, што перасталі працаваць ня толькі сэрвісы кампаніі Facebook, але і яе ўнутраныя камунікацыйныя плятформы.

У панядзелак акцыі Facebook страцілі 4,89% свайго кошту ў параўнаньні з папярэднім днём, што зьвязваюць са збоем у працы Facebook, а таксама са скандальнымі прызнаньнямі былой супрацоўніцы кампаніі Фрэнсіс Хаўген пра тое, што імкненьне зарабіць для сеткі было куды больш важным, чым барацьба з дэзынфармацыяй.

Паводле дадзеных агенцтва Bloomberg, заснавальнік кампаніі Facebook Марк Цукербэрг усяго за некалькі гадзін страціў каля 6 млрд даляраў з прычыны падзеньня кошту акцый кампаніі.

Кожны дзень толькі сеткай Фэйсбук карыстаюцца па ўсім сьвеце каля 2 млрд чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG