Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Патэнцыйную выгаду ад гэтага мела зусім не беларуская дзяржава». Сьледчы журналіст пра таямнічую здабычу золата ў Зымбабвэ


Аляксандар Ярашэвіч

Сын былога кіраўніка справамі прэзыдэнта Беларусі Віктара Шэймана Сяргей і бізнэсовец Аляксандр Зінгман праз афшорную кампанію валодаюць доляй у фірме Zim Goldfields, якая здабывае золата ў Зымбабвэ. Гэта высьветлілі сьледчыя літоўскага цэнтра Siena, аб’яднаньня журналістаў-расьсьледвальнікаў OCCRP і тэлеканала «Белсат», вывучыўшы «Дасеь Пандоры».

Беларускі журналіст Аляксандар Ярашэвіч, які таксама працаваў над расьсьледаваньнем, расказаў тэлеканалу «Настоящее время» падрабязнасьці таго, што ўдалося даведацца.

— Нашае расьсьледаваньне тычыцца стасункаў Беларусі з Зымбабвэ. Гэтыя адносіны вельмі актыўна разьвіваліся ў апошні час, з 2015 году. І самая актыўная фаза — 2018-2019 гады. Беларускія чыноўнікі — у прыватнасьці, тагачасны кіраўнік справамі прэзыдэнта Віктар Шэйман, стары даўні паплечнік Лукашэнкі, — езьдзілі зь візытам у Зымбабвэ дамаўляцца аб пастаўках тэхнікі. Лукашэнка даручыў Шэйману быць куратарам афрыканскага напрамку.

Паколькі Зымбабвэ лічыцца ня вельмі платаздольнай краінай, то наўзамен беларускі бок папрасіў дазволу на здабычу золата ў Зымбабвэ. І яны гэты дазвол атрымалі. Але патэнцыйную выгаду ад гэтай угоды мела зусім ня беларуская дзяржава, а афшорная кампанія, бэнэфіцыярам якой зьяўляецца сын Віктара Сяргей Шэйман, а таксама ўплывовы беларускі бізнэсовец Аляксандар Зінгман.

— Як гэтыя людзі зьвязаныя з Лукашэнкам?

— Віктар Шэйман ішоў побач з Аляксандрам Лукашэнкам з 1994 году, калі ён прыйшоў да ўлады. Гэта чалавек, які ўвесь час дапамагаў яму, ён нават у нейкі час займаў пасаду памочніка прэзыдэнта ў спэцыяльных пытаньнях. Лукашэнка даручаў яму вырашэньне такіх далікатных пытаньняў. Але аказалася, што сын Шэймана зьяўляецца патэнцыйным бэнэфіцыярам здабычы золата ў Афрыцы.

Гэта значыць, Шэйман — давераная асоба Лукашэнкі, а сын Шэймана — гэта давераная асоба Шэймана.

Другі бізнэсовец, пра якога мы гаворым у нашым матэрыяле, — гэта Аляксандар Зінгман. Пра яго стала вядома даволі шмат у апошні час. Ён акурат браў на сябе пастаўкі тэхнікі ў Афрыку. Спачатку яны рабілі гэта праз ганконскую кампанію Afex разам зь іншым беларускім бізнэсоўцам Аляксандрам Шакуціным.

Потым, як нам расказаў Шакуцін, эўрапейскія банкі адмаўляліся праводзіць нейкія апэрацыі па ўгодах, таму што яго імя было таксычным, ён тады выйшаў з гэтага бізнэсу, і яны прадалі кампанію зымбабвійскаму адвакату Фару Мутамангіры — гэта чалавек, блізкі да тагачаснага прэзыдэнта Зымбабвэ Робэрта Мугабэ. І тады Зінгман пачаў гандляваць тэхнікай праз сваю кампанію, якая знаходзіцца ў Арабскіх Эміратах, яна называецца Aftrade.

— Пра якія сумы можа ісьці гаворка?

— Як выглядае сытуацыя: улады заяўлялі першапачаткова, калі толькі адносіны Зымбабвэ і Беларусі актывізаваліся, то першая заява была аб пастаўках тэхнікі на суму 150 млн даляраў, гэта было ў 2015 годзе.

У 2019 годзе Шэйман ужо як мінімум трэці раз лётаў у Зымбабвэ ў верасьні, і тады было заяўлена аб падпісаньні кантракту на суму 350 млн даляраў. Але ў той жа час статыстыка экспарту зь Беларусі ў Зымбабвэ трошкі адрозьніваецца ад тых лічбаў, якія агучваліся. За апошнія пяць гадоў — з 2016-га па 2020 год — туды было пастаўлена беларускай прадукцыі на 45 млн даляраў.

Што тычыцца золата, мы спрабавалі даведацца гэтую інфармацыю — аб абʼёмах яго здабычы, аб сумах заробленых, мы зьвярталіся і ў зымбабвійскую кампанію ZMDC, якая зьяўляецца саўладальнікам сумеснага прадпрыемства па здабычы золата, мы зьвярталіся з гэтым пытаньнем і да Аляксандра Зінгмана, мы зьвярталіся з гэтым пытаньнем і да Сяргея Шэймана, але нам ніхто не адказаў.

— Пра што сьведчыць гэтая розьніца паміж тым, што абяцалі экспартаваць у Беларусь, і тым, што рэальна экспартавалі?

— Тут могуць быць дзьве вэрсіі. Першая вэрсія — гэта тое, што ня ўсё, што заяўлялася, ажыцьцявілася ў рэальнасьці. То бок гэта, можа быць, былі іхныя пляны, а ў рэальнасьці атрымалася значна менш, чым яны плянавалі.

Другое, як мы ведаем, гандаль тэхнікай ішоў праз кампанію ў Ганконгу і кампаніі ў Арабскіх Эміратах. Магчыма, частка прыбытку асядала там, і таму яна не адлюстраваная ў статыстыцы аб экспарце зь Беларусі ў Зымбабвэ, але гэта толькі такая вэрсія.

— Вы яшчэ не сказалі, як Зінгман зьвязаны з Лукашэнкам.

— Зінгман, хутчэй, больш зьвязаны зь Віктарам Шэйманам, ён яго суправаджаў падчас гэтых візытаў у Зымбабвэ. І калі зымбабвійская прэса пісала аб гэтых сустрэчах, то яна пазначала Зінгмана як дарадцу Шэймана. Зінгман таксама зьяўляецца ганаровым консулам Зымбабвэ ў Беларусі, і само консульства знаходзіцца ў «Прэзыдэнт-гатэлі» ў цэнтры Менску. Гэты гатэль знаходзіцца ў падпарадкаваньні Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта, якое ўзначальваў Віктар Шэйман. Гэта даволі блізкае кола. На сустрэчах, якія былі ў Беларусі з удзелам Лукашэнкі, Зінгман таксама прысутнічаў.

— Вы чакаеце, што пасьля публікацыі расьсьледаваньня і відэа будзе нейкая рэакцыя з боку беларускіх уладаў?

— Цяжка вельмі спрагназаваць, ці адрэагуюць неяк беларускія ўлады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG