Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат сельсавету, шматдзетныя бацькі. Што зь беларусамі, якіх затрымалі за камэнтары наконт гібелі супрацоўніка КДБ


Кватэра, дзе адбылася перастрэлка паміж супрацоўнікам КДБ і Дзьмітрыем Федасюком і жыхаром Андрэем Зельцарам.

Па Беларусі прайшла хваля затрыманьняў людзей, якія пісалі камэнтары наконт гібелі ў перастрэлцы супрацоўніка EPAM Андрэя Зельцара і байца «Альфы» КДБ Дзьмітрыя Федасюка.

Трэцяга кастрычніка на тэлеканале АНТ выступіў намесьнік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч. Ён заявіў, што ў бот тэлеграма міліцыі зьвярнуліся 2 тысячы «неабыякавых грамадзян», якія прасілі «абараніць іх ад віртуальных змагароў і давалі інфармацыю». За камэнтары затрымалі каля 200 чалавек па ўсёй краіне.

Каго затрымалі за камэнтары?

Зьвязаныя з уладай тэлеграм-каналы і дзяржаўнае тэлебачаньне паказалі ў вечаровых праграмах «прызнаньні» затрыманых людзей, зьнятыя на камэру.

Адна з затрыманых жыве ў Гомельскай вобласьці. Яна выхоўвае з мужам траіх малых дзяцей. Працуе мэдыкам, дэпутатка сельскага савету. На відэа маладая жанчына прызнаецца, што напісала «нэгатыўны камэнтар» у адной з суполак «УКантакце» і абяцае больш так не рабіць.

У Гомлі праваахоўныя органы затрымалі сына і бацьку. Сын Сяргей Кірыенка працуе ў EPAM Systems. Затрыманы і «дае прызнаньні» і ягоны бацька, Уладзімер Кірыенка.

Невядомыя схапілі пры нявызначаных абставінах і гомельскага валянтэра Ільлю Міронава. Ён паведаміў маці, што затрыманы на 72 гадзіны.

З «пакаяньня» ў праўладных тэлеграм-каналах маці даведалася, што сына затрымалі за спачуваньні сям’і забітага Андрэя Зельцара. Валянтэра ня выпусьцілі з ІЧУ — перавялі ў СІЗА.

Праваабаронцы «Вясны» пішуць, што затрыманым інкрымінуюць артыкулы 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і 130 (распальваньне варожасьці) Крымінальнага кодэксу.

Як адбываліся затрыманьні?

Затрыманы жыхар Менску выхоўвае з жонкай траіх дзяцей. Сваякі расказалі, што 30 верасьня ў яго быў выходны. Дырэктарка папрасіла прыехаць на працу «паразмаўляць».

«Ён паехаў. Каля ўваходу сустрэў калегаў, павітаўся. Тыя спыталіся — што ён тут робіць у выходны? Адказаў, што прасілі прыехаць. Падышоў да дзьвярэй. Выскачылі людзі ў бронекамізэльках, масках, скруцілі, закінулі ў мікрааўтобус. Потым дома быў вобшук», — расказалі сваякі.

Яны дадалі, што акцыяў пратэсту мужчына не наведваў, міліцыя яго раней не затрымлівала. Сваякі ня могуць знайсьці пра яго ніякай інфармацыі.

«Ён сам патэлефанаваў з КДБ, сказаў, што ўзялі за камэнтар. Пасьля 72 гадзін з Акрэсьціна ён ня выйшаў», — зазначылі сваякі.

Адзінае, што яны даведаліся, — мужчыну інкрымінуюць частку 3 артыкула 130 КК — распальваньне варожасьці. Пакараньне — ад 5 да 12 гадоў.

29-гадовага Аляксандра, жыхара Бераставіцкага раёну, забралі «практычна з дому» — расказалі сваякі. Прайшоў вобшук, шукалі «забароненыя рэчывы». Нічога не знайшлі. Мужчыну перавялі ў Менск, на Акрэсьціна. Родныя шукаюць пра яго інфармацыю.

«Здаецца, яго ўзялі за камэнтар і абвінавачваюць у „абразе прадстаўніка ўлады“. Мы самі шукаем інфармацыю», — дадалі сваякі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG