Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне назвалі дзьве галоўныя пагрозы ад Беларусі


Непадалёк ад беларуска-ўкраінскай мяжы

Міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба лічыць неабходным узмацняць ахову мяжы зь Беларусьсю, улічваючы дзьве асноўныя існыя пагрозы — ваенную і міграцыйную.

«Першая пагроза — патэнцыйная ваенная пагроза. Я сьвядома кажу „патэнцыйная“, бо пакуль што мы ня бачым прамых прыкмет падрыхтоўкі ваеннай агрэсіі. Другая пагроза — паўтор міграцыйных крызісаў, якія Беларусь зладзіла зь Літвой і Польшчай», — заявіў міністар замежных справаў у інтэрвію інфармацыйнаму агенцтву «Інтерфакс-Україна».

У той жа час украінскі міністар лічыць, што з пункту гледжаньня арганізацыі патокаў незаконнай міграцыі Ўкраіна не настолькі цікавая для Беларусі.

«Бо мы ўсё роўна зловім просьбітаў прыстанішча ў Эўразьвязе. Або, калі яны нават трапяць у ЭЗ, паводле ўгоды аб рэадмісіі, мы іх прымем назад. Але ўсё роўна гэта крызіс і праблема. Таму я выступаю за ўзмацненьне беларуска-ўкраінскай мяжы», — патлумачыў Дзьмітро Кулеба.

Украінскі міністар таксама пракамэнтаваў заяву Аляксандра Лукашэнкі пра намеры ўзмацніць украінскі кірунак беларускай мяжы пры дапамозе Расеі.

«Калі беларусы за расейскія грошы узмоцняць бясьпеку мяжы з Украінай, я перахрышчуся і яшчэ ім падзякую, бо адтуль да нас можа прыйсьці пагроза. Мы самі будзем умацоўваць мяжу зь Беларусьсю. Калі і яны маюць намер гэта зрабіць — няхай Бог ім дапамагае. Нам патрэбна бясьпечная паўночная мяжа ў новай палітычнай рэальнасьці, у якой Беларусь цалкам сябе асацыявала з Расеяй».

Украінскі міністар таксама падкрэсьліў, што цяпер асноўнай функцыяй амбасады Ўкраіны ў Беларусі зьяўляецца абарона ўкраінскіх грамадзян, якія пакутуюць ад рэпрэсій.

«Я ведаю імёны ўкраінцаў, якіх незаконна, без падставаў кінулі ў Беларусі за краты. Мы робім усё магчымае, каб да іх ставіліся годна, пакуль яны за кратамі, і каб іх вызвалілі. Мы не разарвалі кантактаў, у нас ёсьць амбасада і амбасадар у Беларусі. Абарона інтарэсаў украінцаў, якія пакутуюць ад рэпрэсій беларускага рэжыму, зьяўляецца цяпер іх галоўнай задачай», — адзначыў Дзьмітро Кулеба.

Першага кастрычніка міністар унутраных спраў Украіны Дзяніс Манастырскі заявіў аб намеры цягам наступных двух гадоў завяршыць ўладкаваньне мяжы зь Беларусьсю і Расеяй. Паводле яго, ужо ў 2022 годзе пачнецца «вялікае будаўніцтва мяжы».

«Гэта і інжынэрныя збудаваньні, выкананыя спэцыялістамі, і ўвогуле інтэлектуальная мяжа, якая дазволіць памежнікам на 100 адсоткаў кантраляваць мяжу нашай краіны», — паведаміў міністар.

Дзяржаўная мяжа паміж Беларусьсю і Ўкраінай складае 1084,2 км, зь іх 758,3 км на сухаземным участку, 325,9 км на водным участку (па рэках Дняпро, Сож і Прыпяць) і каля 120 км у зоне адчужэньня каля Чарнобыльскай АЭС.

Тэрыторыя побач зь дзяржаўнай мяжой цяжкапраходная, вялікія плошчы пакрытыя густымі лясамі, балотамі, азярынамі і разгалінаванай сеткай мэліярацыйных каналаў, большасьць якіх даўно ня дзейнічае.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG