Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрымалі журналіста «Комсомольской правды», які пісаў пра загінулага Андрэя Зельцара

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота

Генадзь Мажэйка быў аўтарам артыкулу, у якім знаёмая загінулага Андрэя Зельцара станоўча пра яго выказалася. Апошні раз ён выходзіў на сувязь з Масквы, а ўжо ўначы на 2 кастрычніка апынуўся ў менскім ізалятары на Акрэсьціна.

1 кастрычніка ў кватэры Генадзя Мажэйкі прайшоў ператрус, паведаміла «Комсомольская правда». Паводле маці Генадзя Ірыны, ператрус правялі супрацоўнікі КДБ, ён цягнуўся каля дзьвюх з паловай гадзін.

У пастанове на ператрус былі пазначаны два артыкулы крымінальнага кодэксу:

  • распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варажнечы (арт. 130),
  • абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369).

З кватэры забралі флэшкі, наклейкі і значкі 2001-га году.

Генадзя Мажэйкі падчас ператрусу не было.

«Апошні раз мы гутарылі з сынам па відэасувязі днём 30 верасьня. Тады ён быў у гасьцініцы ў Маскве», — сказала маці.

Уначы з 1 на 2 кастрычніка маці Генадзя пазванілі і сказалі, што сын затрыманы і знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсьціна ў Менску. Больш ніякай інфармацыі ў блізкіх журналіста няма.

Раней «Комсомольская правда» паведаміла, што апошні раз з Мажэйкам размаўлялі 1 кастрычніка каля 16-й гадзіны.

Сунгоркін: «Яго затрымалі ні за што»

«Гэта ўсё, на мой погляд, жахліва, бо я лічу, што яго затрымалі ні за што ўвогуле, — сказаў «Эху Москвы» галоўны рэдактар «Комсомольской правды» Ўладзімір Сунгоркін. — Гэты хлопец, Генадзь Мажэйка, у нас працаваў вельмі шмат гадоў, я думаю, гадоў 15 у Беларусі. І ніколі ніякіх праблемаў зь ім не было, гэта нармальны добрасумленны журналіст. Тое, што яго затрымалі, я лічу, гэта абсалютная сваволя».

Сунгоркін дадаў, што выданьне будзе рабіць усё, каб дапамагчы Мажэйку.

«Вядома, усё, што ў нашых сілах, мы будзем рабіць, само сабой. Мы ніколі сваіх супрацоўнікаў ня кідаем у бядзе.

29 верасьня Міністэрства інфармацыі Беларусі заблякавала доступ да сайту беларускай «Камсамолкі». У міністэрстве абгрунтавалі рашэньне тым, што на сайце kp.by зьявілася публікацыя, у якой «зьмяшчаюцца зьвесткі, якія садзейнічаюць фармаваньню крыніц пагрозы нацыянальнай бясьпецы, якія палягаюць у штучным нагнятаньні напружанасьці і супрацьстаяньня ў грамадзтве».

Напярэдадні КП апублікавала камэнтар аднаклясьніцы забітага супрацоўнікамі КДБ праграміста Андрэя Зельцара, у якім тая станоўча пра яго выказалася. Гэта выклікала абурэньне праўладных тэлеграм-каналаў, пасьля чаго КП зьмяніла акцэнты ў матэрыяле. Паводле кіраўніка расейскай газэты «Комсомольская правда» Ўладзіміра Сунгоркіна, беларуская рэдакцыя «цалкам добрасумленна» асьвятляе сытуацыю ў краіне, але ўлады ўжо больш як год забараняюць распаўсюджваць і друкаваць выданьне.

1 кастрычніка прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна Дзьмітрый Пяскоў назваў блякаваньне незаконным.

Перастрэлка Андрэя Зельцара з групай КДБ. Што вядома

28 верасьня каля другой гадзіны дня супрацоўнікі КДБ у цывільнай вопратцы ўзламалі дзьверы і ўварваліся ў кватэру, дзе быў Андрэй Зельцар і ягоная жонка Марыя Ўсьпенская.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, Зельцар двойчы стрэліў і сьмяротна параніў аднаго з групы КДБ. Супрацоўнікі КДБ застрэлілі яго ў адказ.

Жонку, якая здымала здарэньне на тэлефон, затрымалі за дапамогу ў забойстве.

Андрэю Зельцару быў 31 год.

У 2008 годзе ён скончыў тэхнікум бізнэсу і права. З 2016-га працаваў у Epam кіраўніком групы (team lead).

Захапляўся фэхтаваньнем, бегам па прыродным рэльефе, трыятлёнам.

Вядома, што ён плаціў дзяржаўнае мыта на права паляваньня. Гэта можа значыць, што стрэльбу ён меў законна, і пра гэта было вядома адпаведным службам. Мяркуючы па фота ў інстаграме Зельцара, марка стрэльбы — «ИЖ-27».

17 жніўня 2020 году ў сваім інстаграме ён заклікаў да ўсеагульнай забастоўкі і «ісьці да канца».

Ягоная жонка Марыя Ўсьпенская працавала ў сетцы крамаў побытавай хіміі, ёй 40 гадоў. У іх ёсьць сын, які нарадзіўся ў 2012 годзе.

Пра загінулага супрацоўніка КДБ спачатку афіцыйна паведамілі толькі пазыўны «Нірвана». У дзень разьвітаньня зь ім, 1 верасьня, з паведамленьня БелТА стала вядома, што яго імя Дзьмітры Федасюк, ён афіцэр групы «А» КДБ. Раней гэтыя зьвесткі неафіцыйна паведаміў ByPol. Федасюку быў 31 год. У яго засталіся жонка і малое дзіцё.

Дзьмітры Федасюк
Дзьмітры Федасюк

Праўладныя СМІ апублікавалі відэа зь месца здарэньня каля восьмай гадзіны вечара. Яно было змантаванае з запісаў дзьвюх камэр — з боку сілавікоў і з боку Зельцара. Сілавікі патлумачылі запіс з пакою Зельцара ягоным жаданьнем «хайпануць».

Некаторыя карыстальнікі сацыяльных сетак палічылі відэа пастаноўкай. У іншых на падставе паказаных кадраў узьніклі сумненьні ў афіцыйнай вэрсіі здарэньня. Выказваліся розныя меркаваньні: і што байца КДБ маглі сьмяротна параніць свае ж, і што Зельцар страляў траўматычнымі, а не паляўнічымі, кулямі (якія, аднак, зблізку таксама маглі нанесьці сьмяротнае раненьне).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG