Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзевяноста шосты»: БНФ мяняе тактыку


Пікет БНФ каля міністэрства адукацыі супраць русіфікацыі, люты 1996. Фота з газэты "Свабода".

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста шосты», якая храналягічна завяршае аўтарскі цыкль на тэму найноўшай гісторыі Беларусі.

1996 год умясьціў у сябе масавыя выступы супраць інтэграцыйных дамоў Лукашэнкі і Ельцына, брутальнае зьбіцьцё мірных маніфэстантаў, галадоўку за кратамі Сіўчыка і Хадыкі, пераасэнсаваньне Вашынгтонам стаўленьня да Беларусі праз наданьне Зянону Пазьняку і аўтару кнігі палітычнага прытулку, нарэшце, спробу абвясьціць імпічмэнт Лукашэнку і рэфэрэндум, які зьмяніў Канстытуцыю.

Пра ўсё гэта — у кнізе «Дзевяноста шосты», якая неўзабаве зьявіцца на нашым сайце ў электронным варыянце. Пакуль прапануем вашай увазе фрагмэнты, якія будуць публікавацца па суботах і серадах.


З кватэры Сяргея Антончыка выносяць мэблю

Няпроста зацягваць канапу ў кватэру, але і спускаць не нашмат лягчэй, асабліва калі робіш гэта з восьмага паверху. А тут яшчэ — жыхары пад’езду выходзяць з кватэраў, а ўнізе — журналісты...

Маёмасьць колішняга дэпутата Апазыцыі БНФ Сяргея Антончыка, апісаная па рашэньню суду, была выстаўленая на продаж. Але ні канапа, ні стары тэлевізар, ні лядоўня не пакрывалі і сотай часткі таго, што вымусіў быў выплаціць Антончык кіраўніку справамі прэзыдэнта (і таксама былому дэпутату) Івану Ціцянкову ў якасьці кампэнсацыі за маральную шкоду, якую ён нанёс яму сваім дакладам аб карупцыі.

Старшыня камісіі Вярхоўнага Савету СССР па барацьбе з карупцыяй Мікалай Ігнатовіч (у 1991-1992 генэральны пракурор Беларусі) і дэпутат БНФ Сяргей Антончык, фота Ул. Сапагова, з сайту vytoki.net
Старшыня камісіі Вярхоўнага Савету СССР па барацьбе з карупцыяй Мікалай Ігнатовіч (у 1991-1992 генэральны пракурор Беларусі) і дэпутат БНФ Сяргей Антончык, фота Ул. Сапагова, з сайту vytoki.net

Антончыку прысудзілі выплаціць Ціцянкову 200 мільёнаў рублёў, па тым курсе — гэта больш чым 17 тысяч даляраў. У Сяргея такіх грошаў не было і блізка. Тады апісалі маёмасьць. Апісалі, трэба прызнаць, у поўнай адпаведнасьці з законам, які падыходзіць гуманна: членам сям’і пакідаецца нейкі мінімум для жыцьця: лыжка, відэлец, талеркі, крэслы, стол. У Сяргея і Тамары Антончыкаў трое дзяцей, школьнікі, так што крэслаў ім пакінулі аж пяць і не апісалі стол, за якім дзеці рабілі ўрокі. А вось лядоўня ў пералік прадметаў жыцьцёвай неабходнасьці не ўваходзіла, яе апісалі. Тэлевізар таксама. І нагадалі, што пакуль лядоўню і тэлевізар ня вынесьлі, Антончык нясе за іх фінансавую адказнасьць, калі нешта сапсуецца — давядзецца плаціць.

Так што дзеці Сяргея бачылі па тэлевізары выступ Лукашэнкі, у якім той заявіў, што Антончык можа ехаць на ўсе чатыры бакі, дзяржава выхавае і паставіць ягоных дзяцей на ногі.

Лукашэнка ўзмацняе ціск на былых дэпутатаў БНФ

Ціск на дэпутатаў Апазыцыі БНФ пачаўся яшчэ ў часе дзейнасьці нашых паўнамоцтваў, пасьля іх спыненьня ён узмацніўся. Паводле закону, былым дэпутатам павінна было быць прадстаўленае тое месца працы, на якім яны былі да дэпутацтва, альбо раўназначнае. Пракамуністычныя, праімпэрскія дэпутаты пайшлі «на падвышэньне» — кіраўнікамі структураў выканаўчай «вэртыкалі», міністрамі і іх намесьнікамі, амбасадарамі. Дэпутаты ж Апазыцыі БНФ ня проста былі выкінутыя на вуліцу а зазналі сапраўднае цкаваньне.

Уласна, перасьлед разгарнуўся супраць усіх актывістаў БНФ, у сталіцы і ў рэгіёнах, ён меў татальны характар — тысячы людзей апынуліся бяз працы, шмат хто спазнаў ціск ня толькі на сябе, але і на родных і блізкіх. Колішнія камуністы, якія засталіся пры ўладзе і атрымалі другое дыханьне з прыходам прэзыдэнта, помсьцілі сваім палітычным апанэнтам — за 25 жніўня 91-га, за Незалежнасьць, за спыненьне дзейнасьці КПБ-КПСС, за сапраўднае, хоць і нядоўгае нацыянальнае Адраджэньне.

І абараніць гэтых людзей мы ніяк не маглі — мы ўжо не былі дэпутатамі. А наш лёс не сказаць, каб цікавіў новаабраных дэпутатаў.

«Пасьля вяртаньня з адпачынку лідэр страйкавага руху і былы дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Сяргей Антончык звольнены па „скарачэньні штатаў“ з завода „Белвар“. Летась у жніўні, падчас страйку на Менскім мэтрапалітэне Антончык быў інтэрнаваны на тэрыторыі падразьдзяленьня ўнутраных войскаў. Хаця Канстытуцыя Беларусі прадугледжвае, што дэпутат не нясе юрыдычнай адказнасьці за дзейнасьць у Вярхоўным Савеце, спадару Антончыку было прысуджана выплаціць 200 мільёнаў рублёў маральнай кампэнсацыі кіраўніку справамі прэзыдэнта Івану Ціцянкову. Некалькі тыдняў таму да Антончыка ўжо зьвярталіся судовыя выканаўцы, каб апісаць ягоную хатнюю маёмасьць.

— Ціск з боку ўладаў адчуваюць і іншыя былыя дэпутаты апазыцыі, — кажа Сяргей Антончык. — Цяпер я чакаю адказу ад Генэральнага пракурора, рыхтую зварот да Старшыні Вярхоўнага Суда. Калі ўлады не пакінуць мяне ў спакоі, я буду зьвяртацца да міжнароднай супольнасьці з просьбай палітычнага прытулку. Бо гэта закранае ўжо ня толькі мяне аднаго, а маю сям’ю, маіх дзяцей». (Павет, «Свабода», 16 лютага 1996 г.).

Гэта была першая заява пра магчымы зварот па палітпрытулак ад беларускага палітыка ў незалежнай Беларусі.

Камуністы ідуць на кантакт і заяўляюць, што будуць падтрымліваць ініцыятыву БНФ

Парлямэнцкай трыбуны мы ўжо ня мелі. Доступ у дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, на тэлебачаньне і радыё быў заблякаваны. Заставалася адна пляцоўка, дзе БНФ ня меў канкурэнтаў — вуліца, вулічныя акцыі.

Самі падзеі прадыктавалі нам тактыку — правядзеньне хай і невялікіх, але рэгулярных пікетаў ды мітынгаў. Адной з нашых мэтаў была псыхалягічная падрыхтоўка людзей да выхаду на вуліцы — спачатку невялікай групай, у пару дзясяткаў чалавек, а потым, мы былі перакананыя, выйдуць тысячы. Мы правялі сэрыю такіх пікетаў, і такая тактыка, скарыстаная тады ўпершыню, пазьней будзе час ад часу выкарыстоўвацца апазыцыяй.

Нагодаў для пікетаў хапала, а інфармацыйны складнік гэтых дзеяньняў зьяўляўся маім абавязкам. Вось як гэта (і сам аўтар) выглядала ў люстэрку прэсы:

«БНФ выступае супраць акцыянаваньня расейскімі кампаніямі нафтапераапрацоўчых прадпрыемстваў Беларусі. Як паведаміў прэсавы сакратар Беларускага Народнага Фронту Сяргей Навумчык, апошняе пасяджэньне Ценевага кабінэту БНФ было прысьвечана пытаньню магчымага акцыянаваньня нафтапераапрацоўчых заводаў у Наваполацку і Мазыры расейскімі кампаніямі „ЛУКойл“, „Славнефть“ і „ЮКАс“. Выступаючы катэгарычна супраць перадачы кантрольнага пакету акцыяў беларускіх прадпрыемстваў у рукі расейскіх кампаніяў, што прывядзе да манапалізацыі галіны, на пасяджэньні Ценевага кабінэту прапаноўвалася разгарнуць кампанію супраць акцыянаваньня.

„Гэта могуць быць як пікеты і мітынгі, так і кансультацыі х парлямэнтарыямі“, — заявіў прэсавы сакратар. Па словах сп. Навумчыка, напрацоўкі Ценевага кабінэту ўжо перададзеныя ў парлямэнцкую фракцыю „Грамадзянскае дзеяньне“ і камуністычную фракцыю парлямэнту, якія павінны будуць ініцыяваць разгляд пытаньня аб уласнасьці нафтапераапрацоўчых заводаў на сэсіі парлямэнту. Па інфармацыі сп. Навумчыка, камуністы ахвотна пайшлі на кантакт і заявілі, што будуць падтрымліваць ініцыятыву БНФ». (СІМ, «Свабода», 26 студзеня 1996 г.).

Публікацыя ў газэце "Свабода" пра пікет БНФ, студзень 1996
Публікацыя ў газэце "Свабода" пра пікет БНФ, студзень 1996

Дарэчы, пад час гэтага пікету мне давялося даваць інтэрвію маскоўскаму каналу НТВ, у эфір выйшла якіх 20-25 сэкундаў, але іх хапіла, каб Лукашэнка пачаў папракаць нас у тым, што мы плацім грошы маскоўскім тэлеканалам («Вы ж ведаеце, колькі каштуе там хвіліна рэклямы!»).

Канешне, нікому і нічога мы не плацілі. Большасьць акрэдытаваных у Менску журналістаў (як маскоўскіх СМІ, гэтак і польскіх) самі выяўлялі інтарэс да нашых вулічных акцый. Хаця ў нейкай ступені спрацоўвалі і мае зь імі добрыя асабісты адносіны — і яны звычайна адгукаліся на запрашэньні. Аляксандар Старыкевіч з маскоўскіх «Известий», Аляксандар Ступнікаў з расейскіх тэлеканалаў, Уршуля Мікалайчык, Цэзар Галіньскі і Ўладзімер Пац з польскіх СМІ — працавалі прафэсійна, у інтарэсах сваіх чытачоў, гледачоў і слухачоў. Ну і, канешне, заўсёды на нашых мерапрыемствах былі карэспандэнты беларускай рэдакцыі Радыё Свабода.

Прысутнасьць журналістаў была для нас важная яшчэ і таму, што ў тыя дні міліцыянты яшчэ не адважваліся хапаць людзей пад тэлекамэрамі.

Пікеты былі прысьвечаныя ня толькі эканамічным праблемам. 15 лютага тры дзясяткі актывістаў Народнага Фронту сталі ў пікет перад міністэрствам адукацыі з пратэстам супраць русыфікацыі адукацыйнай сфэры. Людзі трымалі транспаранты з надпісамі «Не — абавязковаму экзамэну па рускай мове ў сярэдняй школе», «Ганьба русыфікатарам з міністэрства адукацыі».

Праз тыдзень, 22 лютага, на плошчы Незалежнасьці паўстаў пікет у абарону Сяргея Антончыка. Гэта быў першы пікет у абарону канкрэтнай асобы ў Рэспубліцы Беларусь (першы пасьля лета 1991-га, калі ў СІЗА знаходзіўся актывіст Фронту Валер Сядоў).

Сяргей Антончык выступае на пікеце ў падтрымку страйку ў Салігорску, 1990 гогд
Сяргей Антончык выступае на пікеце ў падтрымку страйку ў Салігорску, 1990 гогд

Закон ужо ня дзейнічае, міліцыя ўспрымае толькі слова начальніка

Заканадаўства тады не патрабавала браць дазвол на пікет — дастаткова было паведаміць пра яго ўладам. Што мы і зрабілі, перадаўшы адпаведную паперу ў Менгарвыканкам. Але раніцай старшыня гарвыканкаму Ўладзімер Ярмошын (будучы прэм’ер) пікет забараніў. Праз месяц я ўбачу Ярмошына ў атачэньні целаахоўнікаў пры самым першым у найноўшай гісторыі Беларусі жорсткім разгоне масавай акцыі — а ў той лютаўскі дзень да дубінак справа не дайшла, хаця адразу, як толькі мы сталі з плякатамі, зьявіліся міліцыянты і тры аўтамабілі з АМАПаўцамі.

Мы паказалі афіцэрам міліцыі вытрымкі заканадаўства, але гэта ня дзейнічала. Пасьля гэтага я папрасіў журналістаў, якія мелі акрэдытацыю ў Вярхоўным Савеце, схадзіць у Дом ураду і паклікаць віцэ-сьпікера Генадзя Карпенку (я ведаў пра сяброўства Карпенкі з Антончыкам і разумеў, што калі ён на месцы — дык абавязкова прыйдзе). І сапраўды, праз колькі хвілінаў Карпенка з’явіўся на плошчы.

І вось дэталь, якая добра характарызуе настроі таго часу. Як толькі прыйшоў Карпенка — машыны АМАПу імгненна зьехалі, а старэйшы сярод міліцыянтаў афіцэр патлумачыў віцэ-сьпікеру, што гэтыя аўтамабілі на плошчы — проста выпадковасьць. Прыкметна тут тое, што міліцыянты баяліся віцэ-сьпікера (пры тым, што Карпенка быў у апазыцыі да Лукашэнкі) — тады яшчэ дзейнічаў аўтарытэт заканадаўчай улады. І гэта праз два гады пасьля таго, як у адстаўку быў адпраўлены Станіслаў Шушкевіч, які заўсёды казаў, што ў яго «няма паўнамоцтваў» — паўнамоцтвы насамрэч былі, ва ўсякім разе, быў аўтарытэт улады; іншая справа — не было палітычнай волі.

Скончыўся пікет тым, што галоўны сярод міліцыянтаў папрасіў у нас ксэракопію закона, які рэглямэнтаваў пікеты — для сябе і для свайго начальства.

Публікацыя ў газэце "Свабода" пра пікет БНФ ля міністэрства адукацыі супрацаць русіфікацыі, люты 1996
Публікацыя ў газэце "Свабода" пра пікет БНФ ля міністэрства адукацыі супрацаць русіфікацыі, люты 1996

Два пікеты правёў БНФ, калі Лукашэнка выказаў намер ліквідаваць Канстытуцыйны Суд, бо «судзьдзі перашкаджаюць прэзыдэнту».

У канцы лютага некалькі дзясяткаў актывістаў БНФ сталі каля будынку адміністрацыі прэзыдэнта на Карла Маркса, непасрэдна пад вокнамі кабінэту Лукашэнкі. Самога Лукашэнку на ягоным пятым паверсе разглядзець на ўдалося, а вось супрацоўнікі адміністрацыі з вокнаў пазіралі, з усіх пяці паверхаў.

А праз два тыдні, 13-га сакавіка, мы выйшлі выйшлі пратэставаць супраць ліквідацыі Канстытуцыйнага Суду ўжо на плошчу Незалежнасьці. За паўгадзіны, што прастаяў пікет, з вокнаў аўтобусаў і тралейбусаў сотні людзей убачылі плякаты «БНФ падтрымлівае законнасьць», «Сёньня топчуць Канстытуцыйны Суд — заўтра зальюць Беларусь крывёю». Тут жа, калі Дому ўраду, мне і Юрыю Беленькаму былі выпісаныя позвы з патрабаваньнем з’явіцца ў РАЎС Маскоўскага раёну, дзе нас нас склалі пратаколы за адміністрацыйнае парушэньне (хаця, як я ўжо казаў, закон не прадугледжвае дазволу на пікеты).

Пікет у абарону Канстытуцыйнага Суду прайшоў і ў Віцебску, але «быў разагнаны міліцыяй. Пяць удзельнікаў пікету затрымалі і даставілі ў пастарунак... Цікавая акалічнасьць: міліцыя брала толькі тых пікетчыкаў, якія трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі». (Свабода, 19 сакавіка 1996 г.)

Нарэшце, невялікі мітынг 15 сакавіка ў гадавіну Канстытуцыі пратэставаў супраць намераў Лукашэнкі зьмяніць Асноўны закон.

Нехта з афіцыйных камэнтатараў у той час заўважыў, што «БНФ раскачвае лодку». Калі не зьвяртаць увагу на нэгатыўнае адценьне такой фармулёўкі — па сутнасьці, правільна. Нам трэба было вывесьці грамадзтва, найперш прыхільнікаў БНФ, з апатыі пасьля няўдалых для Фронту выбараў. Гэтыя нашыя пікеты, з аднаго боку, акцэнтавалі ўвагу грамадзтва на важных тэмах, а з другога — паказвалі, што Фронт жывы, не загнаны ў падпольле, і нават ня маючы прадстаўнікоў у парлямэнце, не спыніў палітычнай барацьбы — і пераносіць яе на вуліцы.

Пікеты БНФ — хаця і выходзіла на іх калі 50, а калі толькі 20 чалавек, — адыгралі важную ролю ў падрыхтоўцы да галоўнай акцыі вясны, якую потым гісторыкі назавуць «Менскай вясной-96» — адзначэньня 78-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Сьвята, аднак, па нашай задуме, павінна было мець ня столькі гістарычную скіраванасьць, колькі актуальную.

Падзеі маглі разгарнуцца так, што магло ня быць, што і дзе сьвяткаваць.

Кнігі Сяргея Навумчыка ў сэрыі «Білібліятэка Свабоды XXI стагодзьдзя»

Сяргей Навумчык
Сяргей Навумчык

Ашаламляльнае падарожжа ў будучыню, якая пакуль застаецца ў мінулым, вачыма ўдзельніка гістарычных падзей, дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі (1990–1995) Сяргея Навумчыка.

Дзевяноста першы

Гэта кніга пра тое, як дзякуючы спрыяльным абставінам і насуперак абставінам неспрыяльным у 1991 годзе Беларусь стала незалежнай.

Дзевяноста другі

Кніга пра год, калі быў забаронены рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах у Вярхоўны Савет, пачатак драмы беларускай дэмакратыі.

Дзевяноста трэці

Ва ўсёй вастрыні ў Беларусі аднаўляецца барацьба ў парлямэнце за і супраць вайсковых саюзаў, за энэргетычную незалежнасьць і супраць увядзеньня прэзыдэнцтва. Кніга расказвае пра ашаламляльныя здабыткі і паразы нацыянальнага адраджэньня і дэмакратыі, галоўных дзейных асобаў і драматычныя наступствы іх выбару для свабоды.

Дзевяноста чацьверты

Як карнавал дэмакратыі ператварыўся ў хаўтуры. У новай кнізе аўтар, якому давялося быць удзельнікам і сьведкам падзеяў, апісвае першыя прэзыдэнцкія выбары.​

Дзевяноста пяты

Увага чытача канцэнтруецца на галоўнай (паводле аўтара) падзеі году — рэфэрэндуме 1995 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG