Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго з палітвязьняў адпускалі на пахаваньне сваякоў, а каму адмаўлялі?


Разьвітаньне з бацькам палітвязьня Алеся Бяляцкага Віктарам Усьцінавічам, на якое сына не адпусьцілі з турмы. Сьветлагорск, 27 сьнежня 2011 г.

Вольга Севярынец папрасіла ўсіх, хто можа паўплываць на рашэньні, паспрыяць таму, каб яе мужа, палітвязьня Паўла Севярынца, адпусьцілі з турмы разьвітацца з бацькам.

1 кастрычніка 2021 году ў рэанімацыі ад каранавірусу памёр журналіст, паэт, публіцыст, перакладчык Кастусь Севярынец. Бацька палітвязьня, палітычнага дзеяча Паўла Севярынца меў хворае сэрца.

Нявестка Канстанціна Севярынца Вольга папрасіла ўсіх, хто можа паўплываць на рашэньні, паспрыяць таму, каб яе мужа Паўла адпусьцілі з турмы разьвітацца з бацькам:

«Зьвяртаемся да арганізацый, дыпляматаў і проста добрых людзей. Мы робім для гэтага, што можам. Просім аб малітве за душу Канстанціна Паўлавіча. Пахаваньне адбудзецца ў яго роднай вёсцы — Унорыцы».

Свабода ўзгадала самыя рэзанансныя моманты, калі падчас турэмных тэрмінаў палітвязьняў у іх паміралі блізкія сваякі.

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін

23 лютага 2008 году на 49-м годзе жыцьця ад анкалягічнай хваробы памерла жонка экс-кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Аляксандра Казуліна Ірына. Казулін на той момант адбываў пакараньне ў калёніі «Віцьба-3», і паўстала пытаньне, ці выпусьцяць палітыка з турмы на пахаваньне жонкі?

Двума гадамі раней былы рэктар БДУ Аляксандар Казулін быў асуджаны на 5,5 года зьняволеньня за «арганізацыю масавых беспарадкаў» 25 сакавіка 2006 году, неўзабаве пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Паводле прысуду, Казулін арганізаваў і ўзначаліў шэсьце пратэстоўцаў да ізалятара на Акрэсьціна, якое было разагнана з ужываньнем зброі. Казулін сваёй віны не прызнаў, падчас сьледзтва ён 53 дні трымаў галадоўку пратэсту. Увесь час, пакуль палітык заставаўся ў вязьніцы, ягонага вызваленьня і апраўданьня актыўна дамагаліся апазыцыйныя партыі і грамадзкасьць Беларусі, а таксама кіраўнікі краін Эўразьвязу і ЗША.

Не прамаўчалі на Захадзе і тады, калі ў Казуліна памерла жонка, але на пахаваньне яго спачатку не адпускалі. 24 лютага 2008 году стала вядома, што Аляксандар Казулін у вязьніцы абвясьціў галадоўку пратэсту. Тады ж стала вядома, што генэральны сакратар Рады Эўразьвязу, вярхоўны прадстаўнік у пытаньнях агульнай замежнай палітыкі і бясьпекі Хавіер Саляна заклікаў беларускія ўлады «неадкладна і безумоўна вызваліць з турмы Аляксандра Казуліна, каб ён быў разам зь сям’ёй у час пахаваньня сваёй жонкі».

У выніку ў ноч на 26 лютага палітвязьня на ўласным аўтамабілі прывёз у Менск да ягонага дому начальнік віцебскай калёніі. Як расказаў журналістам Аляксандар Казулін, яму далі 3 дні волі, і гэта адбылося па загадзе з самага верху.

Пахаваньне Ірыны Казулінай, Менск, 28 лютага 2008 г.
Пахаваньне Ірыны Казулінай, Менск, 28 лютага 2008 г.

Казулін сам заняўся арганізацыяй пахаваньня жонкі Ірыны. Спачатку плянавалася атрымаць месца пад пахаваньне на Ўсходніх могілках, але такога дазволу не далі. Адмовіла і адміністрацыя Кальварыйскіх могілак, і ў выніку 27 лютага Ірыну Казуліну пахавалі на могілках каля пасёлку Тарасава пад Менскам. А напярэдадні па Ірыне Казулінай адслужылі імшу ў Чырвоным касьцёле, разьвітацца з жонкай вядомага палітыка прыйшлі сотні людзей, перад уваходам у касьцёл стаяла доўгая чарга.

Для Радыё Свабода Казулін тады так патлумачыў тое, што ўлады пагадзіліся даць яму водпуск:

«Яны не маглі прадбачыць, што будзе такі ўсплёск народнай салідарнасьці з Ірынай. Не чакалі, што простая жанчына, беларуска, зможа абудзіць у людзях такія пачуцьці. Гэтым сьветлым пачуцьцям трэба даваць волю».

У той жа год, у жніўні, Аляксандар Казулін выйшаў на волю паводле ўказу Лукашэнкі аб памілаваньні, па якое не зьвяртаўся.

Былы лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч

У красавіку 2011 году ў тагачаснага лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча памерла маці Вольга, якая жыла ў Старых Дарогах. Дашкевіч у той час знаходзіўся ў менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага: у сакавіку яго асудзілі за «хуліганства» на 2 гады зьняволеньня, і ён чакаў апэляцыйнага разгляду прысуду. Пры гэтым ён нават ня браў удзелу ў мітынгу пратэсту на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня 2010 году. Яго затрымалі напярэдадні на ўскраіне Менску разам з актывістам Эдуардам Лобавым. У заплечніку Дашкевіча, паводле міліцыі, быў ледаруб.

«Пра сьмерць маці Зьмітра паведаміў ягоны бацька Вячаслаў, папрасіў накіраваць хадайніцтва ў суд, каб Зьмітра адпусьцілі. Маскоўскі раённы суд, за якім ён тады яшчэ лічыўся, бо прысуд не ўступіў у сілу, дазволіў, але на „Валадарцы“ ўпёрліся», — згадвае тыя падзеі жонка Зьмітра Дашкевіча Наста. Паводле Насты Дашкевіч, ёй давялося затраціць шмат сілаў, пабегаць па шматлікіх кабінэтах міліцэйскіх начальнікаў, каб урэшце яе будучаму мужу дазволілі на некалькі гадзін пакінуць муры вязьніцы.

«28 красавіка на трох машынах, з канвоем, Зьмітра прывезьлі ў Слуцак, да моргу, бо ў Старых Дарогах не было моргу. Яго вывелі і зьнялі кайданкі, але канваір побач заставаўся. Можа, хвілін 10 усё заняло. Ён разьвітаўся з маці, потым мы абняліся, сказалі адзін аднаму некалькі словаў. Ён гэтаксама коратка пагаварыў з бацькам, зь сябрамі, якія там былі, — і ўсё. Вывелі з памяшканьня моргу, зноў надзелі кайданкі і павезьлі ў Менск. А мы адтуль паехалі на могілкі ў Старыя Дарогі на пахаваньне», — расказала Наста Дашкевіч.

На волю Зьміцер Дашкевіч выйшаў у канцы жніўня 2013 году.

Старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі

4 жніўня 2011 году старшыню праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага арыштавалі па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў (утойваньне прыбыткаў у асабліва буйным памеры, ч.2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу). 24 кастрычніка 2011 году яго асудзілі на 4,5 года ў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.

Праваабаронца сваёй віны не прызнаў, заявіўшы, што ўсе грошы з рахункаў ішлі на праваабарончую дзейнасьць. Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд — палітычна матываваным.

Праз два месяцы пасьля прысуду, 24 сьнежня 2011 году, не дачакаўшыся спатканьня з сынам, на 83-м годзе жыцьця памёр бацька палітзьняволенага Віктар Бяляцкі. 26 сьнежня жонка палітвязьня Натальля атрымала ў Першамайскім судзе дазвол Алесю прысутнічаць на хаўтурах у Сьветлагорску, дзе сваякі вырашылі пахаваць Віктара Ўсьцінавіча побач з жонкай.

У гэтай машыне Алеся Бяляцкага прывезьлі на разьвітаньне з бацькам у морг.
У гэтай машыне Алеся Бяляцкага прывезьлі на разьвітаньне з бацькам у морг.

Бяляцкага прывезьлі на разьвітаньне і пусьцілі ў рытуальную залю без кайданкоў, але з канваірам. Аднак на самі хаўтуры палітвязьня не пусьцілі, а павезьлі назад у турму.

Пазьней у лісьце жонцы Бяляцкі напісаў, што сустрэча пры бацькавай труне была вельмі сумная: «Але добра, што так атрымалася, іначай я б адчуваў сябе вельмі кепска. Я і так адчуваю сябе вінаватым, што ня змог быць на пахаваньні. Ды нічога ня зробіш».

Як выявілася на разьвітаньні ў моргу, пра сьмерць бацькі Алесь даведаўся толькі ў дзень пахаваньня, яму пра гэта паведамілі раніцай 27 сьнежня перад ад’ездам у морг.

21 чэрвеня 2014 году Алеся Бяляцкага вызвалілі па амністыі. 14 ліпеня 2021 году яго зноў арыштавалі па палітычна матываванай крымінальнай справе, Бяляцкі перабывае за кратамі і цяпер. Яго зноў прызналі палітвязьнем.

Палітвязень Аляксандар Малчанаў

Жыхара Барысава Аляксандра Малчанава затрымалі пасьля ўдзелу ў мітынгу пратэсту 19 сьнежня 2010 году. Як высьветліў суд, калі калёна дэманстрантаў рухалася па праспэкце Незалежнасьці ад Кастрычніцкай плошчы на плошчу Незалежнасьці, ён уставіў бел-чырвона-белы сьцяг у гняздо для сьцягоў на будынку ўправы КДБ. Маладзёна вылічылі па запісе на відэакамэры, арыштавалі і прысудзілі яму 3 гады зьняволеньня.

Ужо ў верасьні 2011 году Малчанаў выйшаў на волю паводле ўказу аб памілаваньні, але ў красавіку 2012 году зноў апынуўся ў СІЗА — цяпер па абвінавачаньні ў крадзяжы мэталалому з заводу цяжкіх штамповак у Жодзіне. Віну Малчанаў прызнаў, а свой учынак патлумачыў цяжкім матэрыяльным становішчам, зьвязаным з тым, што яго як былога палітвязьня нідзе ня бралі на працу. Малчанава адправілі ў турму на 1,5 года зьняволеньня. У чэрвені, калі Аляксандар чакаў разгляду апэляцыйнай скаргі, у яго памерла маці. Не зважаючы на аргумэнты адвакатаў, на разьвітаньне зь ёю Малчанава не пусьцілі.

У 2015 годзе Малчанаў зьехаў ва Ўкраіну і ўступіў у склад сіл Антытэрарыстычнай апэрацыі, пра што сам паведаміў у Фэйсбуку. «Я ня змог спакойна сядзець дома, калі Расея напала на Ўкраіну», — патлумачыў свой учынак былы палітвязень.

Крымінальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь прадугледжвае

Артыкул 92. Выезды асуджаных да пазбаўленьня волі за межы папраўчых установаў:

  • 1. Асуджаным да пазбаўленьня волі, якія ўтрымліваюцца ў папраўчых калёніях для асобаў, што ўпершыню адбываюць пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі, і папраўчых калёніях для асобаў, што раней адбывалі пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі, ва ўмовах агульнага рэжыму, папраўчых калёніях-пасяленьнях і выхаваўчых калёніях, а таксама асуджаным, пакінутым ва ўстаноўленым парадку ў сьледчых ізалятарах для выкананьня работ па гаспадарчым абслугоўваньні, могуць быць дазволеныя кароткатэрміновыя выезды за межы папраўчых і выхаваўчых установаў працягласьцю да сямі сутак, ня лічачы часу, неабходнага для праезду туды і назад, у сувязі з выключнымі абставінамі, пазначанымі ў частцы пятай артыкула 59 гэтага Кодэксу, а таксама для папярэдняга вырашэньня пытаньняў працоўнага і бытавога ўладкаваньня пасьля вызваленьня.
  • 6. Дазвол на кароткатэрміновы выезд даецца начальнікам папраўчай установы па ўзгадненьні з пракурорам з улікам характару і цяжкасьці зробленага злачынства, асобы і паводзінаў асуджанага.

Артыкул 59. Парадак і ўмовы выкананьня пакараньня ў выглядзе арышту:

  • 5. Пры выключных абставінах (сьмерць ці цяжкая хвароба блізкага родзіча, якая пагражае яго жыцьцю, стыхійнае бедзтва, якое нанесла вялікую матэрыяльную шкоду асуджанаму ці яго сям’і) асуджаным да арышту рашэньнем начальніка арыштнага дому можа быць дазволеная тэлефонная размова працягласьцю да 15 хвілінаў з блізкімі родзічамі з аплатай з уласных сродкаў асуджанага.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG