Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будслаўскі касьцёл пасьля пажару накрылі часовым дахам, неўзабаве адновяцца набажэнствы


Сёлетні традыцыйны фэст у Будславе прайшоў пад адкрытым небам, архіўнае фота

Працягваецца аднаўленьне Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай, што пацярпеў ад травеньскага пажару.

«Мы зрабілі неабходную праектную дакумэнтацыю, усталявалі сыстэму крокваў і накрылі базыліку часовым дахам,— расказаў пробашч будслаўскай парафіі Дзьмітры Дубовік сайту Catholic.by. — Новыя кроквы — гэта мэталічныя фэрмы, якія ня толькі нясуць дах, а і зьяўляюцца сьцяжкамі для скляпеньняў у верхняй частцы будынку. Папярэднія, з дрэва, такой дадатковай функцыі не выконвалі, проста абапіраліся на сцены. Акрамя таго, мэталічныя фэрмы даюць магчымасьць зьменшыць колькасьць матэрыялу, што аблягчыла агульную вагу канструкцыі».

Паводле сьвятара, для меднага даху, які вельмі дорага каштуе, спатрэбіцца таксама драўлянае акратаваньне, і ўжо на яго будзе насьцілацца чарнавы дах і медзь. Пакуль задачай было накрыць скляпеньне, якое пацярпела ад вады падчас тушэньня пажару і сёлетніх дажджоў.

«Спадзяюся, што да ўрачыстасьці Ўсіх Сьвятых мы пачнем маліцца ў касьцёле. Ужо нават унесьлі ўсярэдзіну частку лавак. Пад купалам базылікі застаецца свабоднае месца, таму што гэта адзіная зона, якая пакуль выклікае занепакоенасьць. Але там зроблена адмысловая канструкцыя з мэталу і дрэва, якая яго надзейна страхуе», — патлумачыў ён.

Ксёндз Дзьмітры Дубовік шчыра падзякаваў ахвярадаўцам, валянтэрам, а таксама будаўнікам, якія працуюць вахтавым мэтадам без выходных.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG