Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У шэрагу ВНУ, школ і Нацыянальнай бібліятэцы эвакуацыя, прыйшлі паведамленьні аб мінах. «Замінавалі» і амбасаду Беларусі ў Вене


Праверка інфармацыі пра міну, ілюстрацыйнае фота

Праз інфармацыю аб мінаваньні абвясьцілі эвакуацыю наведнікаў Нацыянальнай бібліятэкі, а таксама вучняў, студэнтаў і выкладчыкаў шэрагу ВНУ і школ Беларусі.

Упраўленьне ўнутраных спраў Менгарвыканкаму ў сувязі з гэтым заявіла, што на месцы працуюць праваахоўнікі і адпаведныя падразьдзяленьні ратавальнікаў

«Сёньня ў міліцыю зьвярнуліся кіраўнікі навучальных устаноў і Нацыянальнай бібліятэкі, якія расказалі аб паведамленьнях на пошту пра закладзеныя выбуховыя прылады. Па кожным факце супрацоўнікі правядуць праверку», — заявілі ў менскай міліцыі.

Паводле Задзіночаньня беларускіх студэнтаў, а таксама паведамленьняў у СМІ, паведамленьні аб мінаваньні паступілі ў:

  • Менск: Нацыянальную бібліятэку,
  • Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце,
  • Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт (эвакуавалі галоўны корпус, юрфак, фізфак, факультэт міжнародных адносін),
  • Беларускі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт,
  • Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт,
  • Беларускі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт,
  • Беларускую дзяржаўную акадэмію сувязі,
  • Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўнівэрсытэт,
  • Беларускую дзяржаўную акадэмію авіяцыі,
  • Ліцэй БДУ,
  • Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт,
  • Юрыдычны каледж БДУ,
  • Інстытут кіраваньня і прадпрымальніцтва.
  • Берасьце: Берасьцейскі дзяржаўны тэхнічны ўнівэрсытэт,
  • Берасьцейскі дзяржаўны ўнівэрсытэт.
  • Віцебск: Віцебскую дзяржаўную акадэмію вэтэрынарнай мэдыцыны,
  • Віцебскі дзяржаўны ўнівэрсытэт.
  • Горадня: Горадзенскі дзяржаўны аграрны ўнівэрсытэт.
  • Гомель: Беларускі гандлёва-эканамічны ўнівэрсытэт.
  • Полацак: Полацкі дзяржаўны ўнівэрсытэт.

Акрамя гэтага, эвакуавалі некалькі школ і гімназій у Менску і Берасьці:

Чытачы @belsat расказваюць, што паведамленьні пра бомбу прыйшлі ў Менску ў гімназію № 11 і ў школу ў Малінаўцы, а ў школе № 196 «нясьпешна эвакуаваліся» пасьля першага ўроку, а цяпер дзяцей адправілі дамоў з другой зьмены. Таксама ў Менску эвакуавалі 31-ы дзіцячы сад з пачатковай школай, 9-ю гімназію і 28-ю гімназію. У школе № 33 у Берасьці некаторых дзяцей паднялі з ложкаў і выцягнулі на вуліцу чакаць. Таксама эвакуавалі берасьцейскія школы №№ 10, 13 і 28, вучняў выганялі, рэчы аддавалі праз вокны. Ці то празь мінаваньне, ці то праз пажар эвакуавалі школу № 9 у Брылевічах.

З установаў, паводле ЗБС, сёньня эвакуавалі: Falcon Club Arena, гатэль Marriott, Дом прэсы, Дом футболу, завод «Інтэграл», аддзел прымусовага выкананьня (Крычаў), Камянецкі райвыканкам.

З Баранавічаў паведамляюць, што ачэпленыя райвыканкам, а таксама школа ў Новай Мышы і дзіцячы сад у Паўднёвым.

Паведамленьні пра мінаваньні амбасадаў Беларусі за мяжой

Таксама паступілі паведамленьні пра мінаваньне ў беларускамоўную гімназію і консульства Беларусі ў Літве. Дзяцей забралі па дамах. На месцах працуюць сапёры.

Паліцыя Вены абсьледавала амбасаду Беларусі «з-за паведамленьня пра пагрозу будынку» — пагрозаў ня выявілі, піша ТАСС.

Паступіла паведамленьне пра мінаваньне амбасады Беларусі ў Бішкеку, яно таксама аказалася непраўдзівым, паведамілі ў міліцыі.

Раней у Беларусі неаднаразова паступалі паведамленьні пра мінаваньне будынкаў у Менску і ў іншых гарадах Беларусі, якія ўрэшце не пацьвярджаліся.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG