Лінкі ўнівэрсальнага доступу

CNN назвала Лукашэнку «прэзыдэнтам Беларусі», што выклікала буру крытыкі ў сацсетках


Аляксандар Лукашэнка даў інтэрвію тэлеканалу CNN, вытрымкі зь якога распаўсюдзіла яго прэс-служба і вядучы CNN. Поўная вэрсія мае выйсьці сёньня.

З Лукашэнкам гаварыў старэйшы міжнародны аглядальнік CNN у Расеі Мэцью Чэнс, які разьмясьціў анонс інтэрвію ў Twitter, назваўшы суразмоўцу «прэзыдэнтам Беларусі». Тым часам перамогу Аляксандра Лукашэнкі на выбарах 2020 году не прызналі ЗША, краіны Эўразьвязу, іншыя краіны сьвету.

Сам факт інтэрвію з Лукашэнкам і называньне яго «прэзыдэнтам» выклікаў шырокую крытычную рэакцыю ў сацыяльных сетках. На твіт Мэт'ю Чэнса прыйшло больш за 600 абураных адказаў.

Дасталася таксама і вядоўцы CNN Крыстыян Аманпур, якая перапосьціла ў Twitter фрагмэнт інтэрвію і таксама ўжыла тэрмін «прэзыдэнт».

У інтэрвію сярод іншага Чэнс са спасылкай на Human Rights Watch і Amnesty International запытаўся пра катаваньні затрыманых пасьля пратэстаў летам 2020 году ў Беларусі.

«Міжнародная амністыя паведамляе, што ізалятары ператварылі ў камэры катаваньняў. Затрыманыя ляжалі ў гразі і голыя, а паліцыянты білі іх дубінкамі. Вам не здаецца, што варта было б папрасіць прабачэньня за гэта?» — спытаўся Чэнс.

Лукашэнка ўсё абверг і назваў дадзеныя праваабаронцаў «фэйкамі». Ён сказаў, што ня мае за што прасіць прабачэньня. І калі б гэта было, ён зрабіў бы гэта празь беларускія СМІ.

Гаворачы пра мігранцкі крызіс на межах Беларусі, Лукашэнка папрасіў журналіста не перапыняць яго, калі Чэнс спрабаваў у яго нешта спытаць.

Лукашэнка таксама заявіў, што «Беларусь ужо даўно зьяўляецца фарпостам саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі... І пры неабходнасьці фарпост будзе створаны на працягу месяца».

Пра інтэрвію для CNN падрабязна паведамілі дзяржаўныя беларускія інфармацыйныя каналы, а аглядальніка CNN Мэт'ю Чэнса адзін з аналітыкаў у інтэрвію агенцтва БелТА назваў «свойго роду народным парлямэнтаром ад грамадзянскай супольнасьці Захаду».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG