Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхара Гомля, затрыманага за налепку з Пагоняй, судзяць за «масавыя беспарадкі»


Суд у Гомлі. Ілюстрацыйнае фота.

Суд Савецкага раёну Гомля пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да 40-гадовага Яўгена Маркаўца.

Яго затрымалі 28 траўня за налепку з «Пагоняй» на аўтамабілі, асудзілі на 12 сутак і за гэты час завялі дзьве крымінальныя справы — за масавыя беспарадкі і абразу прадстаўніка ўлады (артыкулы 342 і 369).

Маці Яўгена расказвала Свабодзе, што налепку на аўтамабілі заўважыў участковы:

«Яна была недзе 5 на 8 сантымэтраў. Зь бел-чырвона-белым сьцягам і Пагоняй. Участковы склаў пратакол, што Жэня правёў масавае мерапрыемства! З дапамогай налепкі! Жэню прысудзілі 12 сутак за налепку. А цяпер ён увогуле праходзіць у крымінальнай справе нібыта за нейкія заклікі ў інтэрнэце», –—падзялілася маці.

«Арганізацыяй масавых беспарадкаў» сьледзтва палічыла выказваньні Яўгена ў тэлеграм-чатах пра тое, што

  • час успамінаць партызанскія традыцыі продкаў,
  • пры блякаваньні дарог было б эфэктна падпаліць стары непатрэбны грузавік.

Яўген Маркавец сказаў, што напісаў гэтыя жартам, і сам ніякіх дзеяньняў не рабіў. Віну ў арганізацыі беспарадкаў ён не прызнаў.

Але не адмаўляў, што абразіў амапаўца. Ён патлумачыў, што летась у жніўні, калі міліцыянты білі людзей, ён мог на эмоцыях напісаць нешта абразьлівае.

Пацярпелы амапавец на судзе заявіў, што пасьля публікацыі ў тэлеграм-чатах ягоных пэрсанальных зьвестак і абразаў пад імі ягоная сям’я мусіла зьмяніць месца жыхарства. І дадаў, што ня можа такога дараваць. Ён запатрабаваў ад Яўгена Маркаўца 2 тысячы рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды.

Працэс вядзе судзьдзя Віталь Каўбеня. Працяг — на наступным тыдні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG