Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 30 верасьня: пагром у барда за сьцяг, ператрусы ў менскага анархіста і барысаўскага прадпрымальніка

абноўлена

Напад на Вячаслава Касінерава, архіўнае фота

Свабода сочыць за падзеямі ў Беларусі: не спыняюцца ператрусы ў актывістаў, працягваюцца суды паводле адміністрацыйных і крымінальных артыкулаў за пратэставыя дзеяньні.

Палітвязьню прысудзілі 3 гады «хіміі»

У судзе Ленінскага раёну Менску вынесьлі прысуд у крымінальнай справе палітвязьня Кірыла Чарткова, якога абвінавацілі ў «арганізацыі або актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак» (арт. 342 КК РБ). Маладога чалавека затрымалі 14 жніўня і зьмясьцілі пад варту ў СІЗА № 1.

Судзьдзя Юлія Шут пакарала яго 3 гадамі абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу, а таксама пастанавіла разгледзець у межах грамадзянскага вядзеньня матэрыяльны пазоў прадпрыемства «Менсктранс» у памеры 21 тысяча 667 рублёў, піша «Вясна».

Паводле сьледзтва, апоўначы 11 жніўня 2020 году Кірыл Чарткоў далучыўся да групы пратэстоўцаў і рухаўся па праспэкце Пушкіна, Прытыцкага і Кальварыйскай, «што пацягнула за сабой парушэньне працы транспарту і прадпрыемстваў», выкрыкваў лёзунгі і гучна пляскаў у далоні, «парушаючы спакой грамадзян», каля дому № 37 на вуліцы Кальварыйскай перагарадзіў рух транспарту.

Фігурант справы сказаў, што выйшаў на вуліцу пасьля заклікаў у інтэрнэце, пайшоў паглядзець, што адбываецца ў горадзе. Прызнаўся, што спыніў тралейбус 77, каб саступіць месца хуткай дапамозе. Пастаяў каля хвіліны, потым, калі кіроўца папрасіў адысьці, ён адышоў убок. Пракурор у спрэчках сказаў, што дзеяньні абвінавачанага кваліфікаваныя правільна.

Працяглы тэрмін калёніі за леташнія акцыі

Менчука асудзілі на 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле трох артыкулаў.

30 верасьня ў судзе Ленінскага раёну Менску вынесьлі прысуд 40-гадоваму Андрэю Навіцкаму. Пад вартай ён ад 1 чэрвеня.

Яго прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу — арт.368, арт.295 і арт.342, на гэтай падставе судзьдзя Тацяна Шоцік прысудзіла Навіцкаму 5 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Мужчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў трох мінулагодніх акцыях, абразе Лукашэнкі ў YouTube і незаконным захоўваньні пораху.

Калі Андрэя Навіцкага запыталі, чаму, нягледзячы на тое, што яго прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці, ён не перастаў хадзіць на масавыя мерапрыемствы, мянчук адказаў: «Праз тое, што сьвядома адмаўляюць у правядзеньні шэсьцяў, права на якія ў грамадзян ёсьць паводле Канстытуцыі».

Гомельскі актывіст пайшоў на суд і не вярнуўся

У Гомлі чарговым разам затрымалі актывіста і валянтэра Ільлю Міронава. Ягоная маці расказала праваабаронцам, што ранкам 30 верасьня сын пайшоў на суд, каб падтрымаць на працэсе палітзьняволенага, і не вярнуўся.

«Потым ён затэлефанаваў на хатні нумар і сказаў, што затрыманы на 72 гадзіны. Проста жах нейкі!» — абураецца Валянціна Міронава.

У другой палове дня стала вядома, што Ільлю Міронава папярэдне зьняволілі на 72 гадзіны за пост у сацсетках, у якім ён выказаў спачуваньне сям'і забітага ў перастрэлцы айцішніка Андрэя Зельцара.

Ільля Міронаў вядомы тым, што напісаў больш за 2500 лістоў палітвязьням. Ён носіць перадачы ў СІЗА і наведвае суды.

Нядаўна Міронаў ужо адбыў 25 сутак нібыта за пікет. Так судзьдзя Віктар Казачок патрактаваў надпіс на ягонай майцы — «Пишите письма».

Разграмілі кватэру літаратара Кудласевіча

Сілавікі ўварваліся да барда і пісьменьніка Анатоля Кудласевіча і ўчынілі там сапраўдны пагром. Увесну да яго ўжо прыходзілі праз падазрэньне ў тэрарыстычнай дзейнасьці.

Анатоль Кудласевіч падчас пратэстаў у Менску. 2020 г.
Анатоль Кудласевіч падчас пратэстаў у Менску. 2020 г.

«Маці вярнулася дадому, а там усё раскідана па падлозе — нават крупы і спэцыі. Няма бацькі, ноўтбукаў, мабільніка, асабістых рэчаў. Пры гэтым каштоўнасьці не кранутыя, — расказаў „Нашай Ніве“ іх сын Мікалай. — Я зьвязаўся з адвакатам, званіў у міліцыю. Дзяжурны сказаў: у тым раёне, дзе жывуць бацькі, працуе ГУБАЗіК».

Гаспадара затрымалі і адвезьлі да суду ў турму на Акрэсьціна. А 30 верасьня ягоную справу паводле ч.1 адміністрацыйнага артыкула 24.23 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) накіравалі на разгляд у суд Фрунзэнскага раёну Менску. У выніку судзьдзя Ала Скуратовіч аштрафавала творцу на 2900 рублёў за сьцяг на бальконе.

Анатоль Кудласевіч — інвалід другой групы, у яго выдалена адно лёгкае з прычыны анкалёгіі. Праз праблемы зь ціскам трэба пастаянна прымаць лекі, інакш ён пачынае задыхацца.

Літаратар не хаваў сваёй грамадзянскай пазыцыі, адкрыта выказваўся ў сацыяльных сетках, быў у камандзе Сяргея Ціханоўскага, езьдзіў зь ім па Беларусі. Летась, нягледзячы на інваліднасьць, Кудласевіча асудзілі на 10 сутак за «мітынг» падчас збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую.

У Менску шукалі братоў Касінеравых

30 верасьня сілавікі прыйшлі па месцы менскай прапіскі актывіста анархісцкага руху, аднаго з арганізатараў ініцыятывы ў падтрымку палітвязьняў dissident.bу Вячаслава Касінерава.

«Выламаная паштовая скрыня і ледзь ня выбітыя ўваходныя дзьверы ў кватэру, дзе пражываюць арандатары, бо большасьць чальцоў сям’і вымушана пакінула Беларусь праз пагрозы жыцьцю», — адзначаецца ў тэлеграм-канале ініцыятывы.

Сілавікоў найперш цікавіла месцазнаходжаньне братоў Вячаслава і Паўла Касінеравых, а таксама іхнай маці. Гэта ўжо ня першы ператрус за апошні час, да іх прыходзілі таксама вясной.

«Падобныя візыты мы лічым актамі запалохваньня, якія ў першую чаргу накіраваныя супраць актывістаў розных апазыцыйных рухаў, а ў сьвятле апошніх падзеяў ужо набылі ўсеагульны размах», — пракамэнтавалі ў сям’і Касінеравых.

У Барысаве цікавяцца паляўнічай зброяй

У Барысаве 30 верасьня адбыўся ператрус у мясцовага прадпрымальніка Аляксандра Статкевіча. З дому забралі ўсю тэхніку, а самога Аляксандра зьвезьлі ў невядомым кірунку.

Ператрус праходзіў у межах крымінальнай справы за тэрарызм (арт. 289 КК) і псаваньне маёмасьці (арт. 341 КК). Хто яго праводзіў, невядома, пратакол вобшуку візытэры таксама не пакінулі.

Паводле сьведак, сілавікі сарвалі са сьцяны плякат «Магутны Божа», а таксама пыталіся пра паляўнічую зброю, якой у прадпрымальніка ніколі не было.

За абразу міліцыянта з Бабруйску завялі 6 крымінальных спраў

За абразу бабруйскага міліцыянта ў камэнтарах у чаце ў Тэлеграме завялі крымінальныя справы ў дачыненьні да шасьці чалавек, паведамляе прэс-служба МУС. Камэнтары пакінулі трое бабруйчан, магілёвец, пэнсіянэрка з Клімавічаў і мянчук.

Магілёўца год таму ўжо асудзілі на два гады «хіміі» за абразу гэтага ж участковага і абавязалі выплаціць «пацярпеламу» кампэнсацыю маральнай шкоды. Жыхар Менску праходзіць падазраваным па 13 аналягічных крымінальных справах.

Ператрус і пратакол за рэпост з тэлеграм-каналу Сьцяпана Пуцілы

Супрацоўнікі Ленінскага РАУС Магілёва ўчора заявіліся дадому да магілёўца Сяргея Удальёва, піша MAYDAY. Сілавікі правялі агляд і канфіскавалі тэхніку — прычынай стаў репост у Facebook інфармацыі тэлеграм-каналу Сьцяпана Пуцілы, прызнанага экстрэмісцкім. На гаспадара таксама склалі адміністрацыйны пратакол па арт. 19.11 КаАП Беларусі. У бліжэйшы час Удальёва чакае суд за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.


Палітвязьня Івана Вярбіцкага, асуджанага да 8 гадоў і 1 месяца калёніі, зьбіраюцца пераводзіць на строгі рэжым

Вядома, што ў папраўчай калёніі на зняволенага гальшанца аказвалі ціск: два месяцы Івана ўтрымлівалі ў ШІЗА і ПКТ, зь якога яго павінны былі выпусьціць 5 кастрычніка. Сёньня стала вядома, што палітвязьня этапавалі ў магілёўскую турму №4, бо зьбіраюцца зьмяніць рэжым з узмоцненага на строгі праз шматлікія «парушэньні», піша «Вясна».

56-гадовы Іван Вярбіцкі — мастак з Гальшанаў, мае 2 вышэйшыя адукацыі. Яго абвінавацілі адразу па некалькіх сур’ёзных артыкулах — падбухторваньне да акта тэрарызму, незаконныя набыцьцё, захоўваньне боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, а таксама зьнішчэньне афіцыйных дакумэнтаў — і 15 сакавіка асудзілі да 8 гадоў і 1 месяца калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG