Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ўпалі заробкі бюджэтнікаў. Колькі цяпер атрымліваюць настаўнікі і мэдыкі


Ілюстрацыйнае фота

У работнікаў бюджэтных арганізацый Беларусі другі месяц запар падае сярэдні заробак, вынікае з дадзеных Белстату.

Рэальныя заробкі, якія разьлічваюць з папраўкай на рост коштаў, таксама зьнізіліся ў ліпені і жніўні.

У жніўні 2021 году сярэдняя зарплата бюджэтнікаў склала 1119,1 рубля, прааналізавала Zerkalo.io. Гэтая сума на 28,4 рубля, або на 2,5% меншая, чым месяцам раней. У ліпені гэты паказьнік таксама зьнізіўся — на 19,4 рубля да чэрвеня.

На колькі ўпалі заробкі лекараў і настаўнікаў

Сярэдні заробак у сфэры адукацыі ў жніўні — на ўзроўні 943 рублёў (гэта амаль на 19 рублёў менш, чым у ліпені). Настаўнікі ў сярэднім атрымлівалі ў мінулым месяцы 1118,9 рубля, выхавальнікі — 912,9 рубля, прафэсары і выкладчыкі — 1534,5 рубля.

У ахове здароўя жнівеньскі сярэдні заробак склаў 1284,3 рубля — гэта на 36,8 рубля менш, чым у ліпені. Лекары ў сярэднім атрымалі ў жніўні 2095,4 рубля, сярэдні мэдпэрсанал — 1287,9 рубля. Падзеньне ў параўнаньні зь ліпенем — 130,5 рубля і 53,7 рубля адпаведна.

Колькі вакансій для мэдыкаў і якія заробкі ім абяцаюць

У нацыянальным банку вакансій цяпер значыцца 2935 прапановаў ад наймальнікаў для лекараў-спэцыялістаў, па 1416 зь іх абяцаюць заробак да 800 рублёў. Для мэдсёстраў адкрытыя 2794 вакансіі, амаль па 2 тысячах зь іх гатовыя плаціць да 700 рублёў, пры гэтым сумы ў вакансіях часьцяком пазначаныя да выплаты падаткаў.

Як зарплаты зьядае інфляцыя

У жніўні ў бюджэтнікаў таксама ўпалі рэальныя заробкі, якія разьлічваюць з папраўкай на рост коштаў на тавары і платныя паслугі, — на 2,7% у параўнаньні зь ліпенем. У ліпені рэальныя зарплаты бюджэтнікаў упалі на 1,8% да чэрвеня.

Рэальныя заробкі ў адукацыі зьнізіліся ў жніўні на 2,2% да ліпеня, а ў ахове здароўя — на 3%. Да прыкладу, у лекараў яны ўпалі на 6,1%. З 1 жніўня Міністэрства аховы здароўя перагледзела надбаўкі за працу з COVID-19: адмянілі аплату «ковідных» за ўвесь месяц, калі мэдыкі працавалі з пацыентамі з каранавірусам толькі траціну зьменаў. Замест гэтага цяпер аплачваюць фактычную колькасьць зьменаў, адпрацаваную з «каранавіруснымі» пацыентамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG