Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніка расейскай ІТ-кампаніі, якая мае офіс у Беларусі, арыштавалі паводле падазрэньня ў дзяржаўнай здрадзе


Ільля Сачкоў

Заснавальніка Group-IB Ільлю Сачкова арыштавалі па справе аб дзяржаўнай здрадзе. Раней у офісе кампаніі адбыўся ператрус.

Лефортаўскі суд Масквы арыштаваў на два месяцы заснавальніка і генэральнага дырэктара Group-IB Ільлю Сачкова. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе суду.

Рашэньне было прынятае 28 верасьня. Сачкоў праходзіць падазраваным па справе аб дзяржаўнай здрадзе (артыкул 275 КК). Максымальнае пакараньне па гэтым артыкуле — 20 гадоў пазбаўленьня волі.

Таксама стала вядома, што не выходзіць на сувязь саўладальнік Group-IB Дзьмітрый Волкаў.

У 2018 годзе Group-IB адкрыла прадстаўніцтва ў Беларусі. Вясной 2020 году ААЦ сэртыфікаваў прадукт Group-IB — сыстэму раньняга папярэджаньня кібэрпагрозаў Threat Detection System.

Сачкоў выступае ў офісе сваёй кампаніі ў Маскве
Сачкоў выступае ў офісе сваёй кампаніі ў Маскве

Раней у маскоўскім офісе кампаніі па барацьбе з кібэрзлачыннасьцю прайшлі ператрусы. Прадстаўнік Group-IB пацьвердзіў «Настоящему времени», што ў офісе праходзілі «апэратыўныя мерапрыемствы». Супрацоўнікі праваахоўных органаў пакінулі офіс на Шарыкападшыпнікаўскай вуліцы ўвечары 28 верасьня, адзначыў суразмоўца.

Ён дадаў, што «топ-мэнэджмэнт і юрыдычныя службы кампаніі працуюць над праясьненьнем дадзенай сытуацыі». На пытаньні пра абвінавачаньні, вылучаныя на адрас Ільлі Сачкова, прадстаўнік кампаніі не адказаў.

Group-IB — адна зь вядучых расейскіх і сусьветных кампаній у сфэры кібэрбясьпекі. Ільля Сачкоў заснаваў кампанію ў 2003 годзе. Group-IB стварае праграмнае забесьпячэньне ў сфэры інфармацыйнай бясьпекі і аказвае паслугі па абароне аўтарскіх правоў у інтэрнэце. Сярод кліентаў кампаніі — Сбербанк, Альфа-Банк, «Мегафон» і «Ростех».

У 2018 годзе кампанія адкрыла штаб-кватэру ў Сынгапуры, хоць большасьць яе прадуктаў па-ранейшаму распрацоўваецца ў Расеі. Паводле словаў крыніцы RTVI, большую частку часу Сачкоў праводзіць у Сынгапуры.

Ён сябра экспэртных камітэтаў Дзярждумы, МЗС Расеі, Рады Эўропы і АБСЭ ў галіне кібэрзлачыннасьці. Group-IB супрацоўнічае ў тым ліку з Інтэрполам, АБСЭ, Эўраполам, а таксама з расейскімі сілавікамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG