Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гамельчука судзяць за камэнтары ў Telegram. Ад пабіцьця і арышту ён займеў псыхічны разлад


Суд Савецкага раёну 29 верасьня пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да 35-гадовага Юрыя Прахарэнкі. Яго абвінавачваюць у «абразе прэзыдэнта, міліцыянтаў, судзьдзяў, дэпутата». Усяго ў справе 23 пацярпелыя, у тым ліку Лукашэнка.

Сам Юры не прысутнічае на судзе. Ён у СІЗА. Экспэртыза паказала, што на фоне затрыманьня і пабіцьця ў жніўні 2020 году, а таксама крымінальнага перасьледу і зьмяшчэньня ў турму ў яго разьвіўся псыхічны разлад. Яго інтарэсы на судзе прадстаўляе бацька. Ён зазначыў, што сын страціў у СІЗА за тры месяцы 20 кіляграмаў вагі.

Паводле афіцыйнага абвінавачаньня, Юры быў падпісаны на каналы, дзе публікаваліся асабістыя зьвесткі сілавікоў. Са сьнежня па красавік ён пісаў «камэнтары абразьлівага характару, выказаныя ў непрыстойнай форме». Яго абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Сяргей Прахарэнка, бацька абвінавачанага, на судзе расказаў, што сын працаваў грузчыкам. Быў апалітычны. Позна ўвечары 11 жніўня 2020 году яго затрымалі ў цэнтры гораду, калі ён вяртаўся дахаты з прагулкі.

«Яго затрымалі, потым моцна пабілі ў Навабеліцкім РАУС. Потым далі 12 сутак, але Юры адсядзеў толькі 3 дні. Ён зафіксаваў сьляды пабіцьця, пісаў скаргі на затрыманьне і біцьцё, але сьледчыя не знайшлі вінаватых. Напісалі нам у адказе, што ўсе былі ў балаклавах, таму немагчыма вызначыць, хто менавіта яго пабіў», — тлумачыў на судзе бацька абвінавачанага.

Ён кажа, што сын — праўдаруб, ніколі не мірыўся зь несправядлівасьцю. Таму, не выключае Сяргей Прахарэнка, ён пакрыўдзіўся на сілавікоў і пісаў такія камэнтары.

«Я прасіў яго: „Юра, нічога не пішы, гэта сыстэма, ты нічога не даб’есься“», — зазначыў законны прадстаўнік.

Бацькі Юрыя плакалі на судзе.

Паседжаньні працягваюцца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG