Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракурор Швед паскардзіўся, што Польшча, Украіна, дзяржавы Балтыі ігнаруюць ягоныя запыты


Генэральны пракурор Беларусі Андрэй Швед у размове з журналістамі дзяржаўных СМІ прызнаўся, што суседнія краіны ігнаруюць узятыя на сябе міжнародныя абавязаньні і не адказваюць на запыты ягонага ведамства.

Заява кіраўніка Генпракуратуры прагучала на фоне нараканьняў на «аднабаковасьць сувязі» з калегамі ў шэрагу суседніх краінаў.

«Ёсьць міжнародная прававая база. Яна на сёньня мае юрыдычную сілу. Мы канстатуем: Польшча, Украіна, дзяржавы Балтыі фактычна ігнаруюць узятыя на сябе міжнародныя абавязаньні практычна па ўсіх злачынствах, у тым ліку зьвязаных з карупцыяй. Мы гэтую сытуацыю вывучаем, аналізуем», — цытуе Андрэя Шведа агенцтва БелТА.

Генпракурор адзначыў, што беларускі бок «на ўмовах узаемнасьці» гэтаксама на неакрэсьлены час прыпыніў супрацу па некаторых матэрыялах, якія паступілі са згаданых краін.

Неабходна ўнесьці яснасьць, ці патрэбны наогул падобнага роду дамовы, калі яны не выконваюцца, задаўся рытарычным пытаньнем генэральны пракурор Беларусі.

Раней улады шэрагу краін адмовіліся супрацоўнічаць у распачатай афіцыйным Менскам крымінальнай справе «аб генацыдзе жыхароў Беларусі падчас Вялікай айчыннай вайны».

Сярод іншага улады Беларусі ў чэрвені даслалі запыт у Генэральную пракуратуру Літвы пра дапамогу ў крымінальнай справе аб генацыдзе беларусаў у гады вайны. І цяпер атрымалі адказ.

Беларускія сьледчыя сьцьвярджалі, што ў 1941–1944 гады ў мэтанакіраваным забойстве людзей бралі ўдзел добраахвотнікі літоўскіх калябарацыйных фармаваньняў.

Яны прасілі дапытаць пэўных чальцоў карных батальёнаў, у тым ліку экс-прэзыдэнта Літвы Валдаса Адамкуса, якога назвалі даручэнцам «менскага мясьніка» Антанаса Людвіка Імпулявічуса-Імпуленаса.

1 верасьня стала вядома, што Генэральная пракуратура Літвы адмовіла беларускім уладам у іх просьбе, заявіўшы, што гэта можа нанесьці шкоду сувэрэнiтэту або бясьпецы, правам і законным інтарэсам грамадзян, вынікае з паведамленьня Генпракуратуры Беларусі.

Апрача таго паводле Шведа, Беларусь не атрымлівала афіцыйных адказаў ад краін Эўразьвязу на патрабаваньне выдаць дэмакратычных лідэраў Сьвятлану Ціханоўскую, Паўла Латушку, Валера Цапкалу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG