Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядомая асоба жанчыны, якая запісвала відэа з забітым праграмістам


Марыя Ўсьпенская на відэа з Андрэем Зельцарам у апошнія імгненьні ягонага жыцьця, 28 верасьня 2021

Зьявіліся падрабязнасьці аб тым, што за жанчына была на відэа з забітым супрацоўнікамі КДБ праграмістам Андрэем Зельцарам. Гэта ягоная жонка.

Як удалося даведацца Zerkalo.io, жанчыну на відэа завуць Марыя Ўсьпенская, ёй 40 гадоў. З Андрэем Зельцарам яна ў шлюбе ад 2011 году. Яна ад нараджэньня прапісаная ў той самай кватэры на вуліцы Якубоўскага, дзе адбылася перастрэлка, у якой загінуў яе муж. Яна вучылася ў школе на гэтай жа вуліцы.

Усьпенская працавала прадавачкай і эканамістам у крамах. Ад першага шлюбу яна мае сына, які вучыцца ў школе. Другі муж — Андрэй Зельцар — быў маладзейшым за жонку.

Як расказала адна са знаёмых Марыі, яны разам пасьля 10 жніўня хадзілі па раёне зьбіраць подпісы тых людзей, якія галасавалі за Сьвятлану Ціханоўскую — хацелі давесьці, што пратакол галасаваньня на іх участку сфальсыфікаваны і насамрэч за Ціханоўскую прагаласавала больш людзей, чым там пазначана. Яна назвала пару актыўнымі людзьмі.

Цяпер Марыя Ўсьпенская ў менскім ізалятары на завулку Акрэсьціна. У Сьледчым камітэце паведамілі, што жонка Зельцара «праводзіла відэаздымку» і «садзейнічала зьдзяйсьненьню злачынства». Яе затрымалі праз падазрэньне ў саўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ.

28 верасьня супрацоўнікі КДБ у цывільнай форме адзеньня ўзламалі дзьверы і ўварваліся ў менскую кватэру на вуліцы Якубоўскага, дзе знаходзіўся Андрэй Зельцар і ягоная жонка. Зельцар двойчы стрэліў і сьмяротна параніў аднаго з групы КДБ. У адказ яго застрэлілі. Мужчына меў афіцыйна зарэгістраваную зброю, бо ўваходзіў у Таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Таксама Зельцар займаўся фэхтаваньнем і трыятлёнам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG