Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 29 верасьня: на гукарэжысэра менскага тэатру завялі справу і зьмясьцілі яго ў СІЗА

абноўлена

Тэатар юнага гледача, дзе працаваў затрыманы гукарэжысэр Кірыл Салееў

Свабода сочыць за асноўнымі падзеямі ў судах Беларусі, дзе выносяць выракі грамадзянам паводле адміністрацыйных і крымінальных артыкулаў за пратэставыя дзеяньні.

Пракурор просіць 3 гады «хіміі» і 21 000 рублёў за спынены тралейбус

Суд Ленінскага раёну Менску 29 верасьня пачаў разгляд крымінальнай справы Кірыла Чарткова, якога вінавацяць у арганізацыі або актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак (арт. 342 КК).

Справу разглядае судзьдзя Юлія Шут, дзяржабвінаваўца — памочнік пракурора Вердыш.

19-гадовага палітвязьня затрымалі 14 жніўня, да суду ён быў зьмешчаны пад варту ў СІЗА № 1. З матэрыялаў сьледзтва вынікае: летась 11 жніўня ён рухаўся па праспэкце Пушкіна, вуліцах Прытыцкага і Кальварыйскай, што пацягнула за сабой парушэньне працы транспарту і прадпрыемстваў.

Акрамя таго, выкрыкваў лёзунгі і гучна пляскаў у далоні, парушаючы спакой грамадзян. Каля дому № 37 на вуліцы Кальварыйскай перагарадзіў рух транспарту.

Сваю віну Кірыл Чарткоў прызнаў часткова. Але ўдакладніў, што спыняў тралейбус 77-га маршруту, каб саступіць месца машыне хуткай дапамогі. Калі кіроўца пасьля гэтага папрасіў вызваліць дарогу, ён адыйшоў.

Аднак дзяржабвінаваўца лічыць, што дзеяньні фігуранта справы кваліфікаваныя правільна, зьмякчальных абставінаў ня выяўлена. І папрасіў суд прызнаць Кірыла Чарткова вінаватым, прызначыўшы яму 3 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу. У выпадку прызнаньня менчука вінаватым на карысьць «Менсктрансу» будзе спагнаная сума ў памеры 21 тысяча 667 рублёў.

Канчатковы прысуд агучаць 31 верасьня ў 14.30.

Гукарэжысэра вінавацяць у парушэньні грамадзкага парадку

Супрацоўніка сталічнага Тэатру юнага гледача Кірыла Салеева абвінавачваюць паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Цяпер яго трымаюць у менскім СІЗА № 1.

23-гадовага гукарэжысэра затрымалі 15 верасьня ў Менску. Ён сын вядомага беларускага мастацтвазнаўца, доктара філязофскіх навук, заслужанага дзеяча культуры Вадзіма Салеева.

Маладому чалавеку выставілі крымінальнае абвінавачаньне за «дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Аднак сутнасьць прэтэнзій пакуль невядомая.

Спачатку Кірыла Салеева трымалі ў турме на Акрэсьціна, а пасьля перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага, паведамляюць праваабаронцы цэнтру «Вясна».

«Справа Прахарэнкі» — 23 пацярпелыя, абвінавачаны не зьявіўся ў суд

У Гомлі пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да Юрыя Прахарэнкі, якога вінавацяць адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 391 (абраза судзьдзі або народнага засядацеля) і арт. 368 (абраза прэзыдэнта). Паводле афіцыйнага абвінавачаньня, Юры пісаў «камэнтары абразьлівага характару, выказаныя ў непрыстойнай форме», інфармуе «Вясна».

Прахарэнку затрымалі ў Гомлі 11 жніўня 2020 году, моцна зьбілі і, абвінаваціўшы ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, пакаралі адміністрацыйным арыштам на 12 сутак. Экспэртыза паказала, што на фоне затрыманьня і зьбіцьця, а таксама крымінальнага перасьледу і зьмяшчэньня ў турму ў яго разьвіўся псыхічны разлад. Ягоныя інтарэсы на судзе прадстаўляе бацька.

Сам абвінавачаны ў судзе не прысутнічае, сваякі кажуць, што малады чалавек знаходзіцца ў дэпрэсіўным стане, у яго заўважаныя панічныя атакі. За тры месяцы зьняволеньня Юры схуднеў на 20 кіляграмаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG