Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд пакінуў у сіле папярэджаньне ТБМ. Арганізацыі пагражае ліквідацыя


Старшыня ТБМ Алена Анісім

29 верасьня Вярхоўны суд адмовіў Таварыству беларускай мовы ў задавальненьні скаргі на папярэджаньне Міністэрства юстыцыі.

Пра гэта паведаміла ў фэйсбуку старшыня ТБМ Алена Анісім.

14 ліпеня ў сядзібе ТБМ адбыўся ператрус. Сілавікі забралі каляндарыкі, выдадзеныя ў 2018 годзе да 100-годзьдзя БНР, асобныя кнігі, аргтэхніку — маніторы, сыстэмныя блёкі. Ператрус адбываўся з санкцыі намесьніка пракурора Менску.

Менавіта ў гэтыя дні Міністэрства юстыцыі патрабавала ад ТБМ (як і ад іншых няўрадавых арганізацый — БАЖ, СБП, ЗБС «Бацькаўшчына») падаць дакумэнтацыю. Бухгальтарскія дакумэнты былі ў затрыманай 8 ліпеня Вольгі Раковіч, галоўнай бухгальтаркі «Нашай нівы», якая дапамагала ТБМ паводле дамовы падраду.

Грамадзкая арганізацыя ў той жа дзень атрымала два пісьмовыя папярэджаньні ад Міністэрства юстыцыі за нясвоечасова перададзеныя дакумэнты, якіх чыноўнікі патрабавалі ў межах пазаплянавай праверкі.

Пасьля гэтага міністэрства падало ў Вярхоўны суд пазоў аб ліквідацыі ТБМ. Першае пасяджэньне прызначылі на 27 жніўня, але адклалі на няпэўны час, бо ТБМ абскардзіла папярэджаньне.

У выпадку ліквідацыі ТБМ таксама зьнікнуць і заснаваныя таварыствам газэты «Наша слова» і «Новы час». 10 жніўня «Новы час» паведаміў пра спыненьне выхаду на паперы, бо ўсе друкарні адмовіліся выпускаць газэту.

Таварыства беларускай мовы існуе з 1989 году. Сярод яго ініцыятараў у той час былі Саюз беларускіх пісьменьнікаў, міністэрствы адукацыі і культуры, Акадэмія навук, Белтэлерадыёкампанія.

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Паводле праваабаронцаў «Вясны», ужо ліквідавалі больш за 30 НДА, больш за 100 — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Сярод ліквідаваных арганізацый

  • • Human Constanta
  • • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • • Гродна Лайф Медыя
  • • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
  • • Зьвяно
  • • Имена
  • • Мова нанова
  • • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • • ПЭН-цэнтар
  • • Прававая ініцыятыва
  • • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  • • Тэрыторыя правоў
  • • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • • Экадом
  • Таварыства беларускай мовы

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG