Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьня рок-музыку Ігара Банцэра з «хіміі» пераводзяць у калёнію


Ігар Банцэр

Рашэньне аб пераводзе прыняў суд Чыгуначнага раёну Віцебску 29 верасьня. Банцэру прысудзілі 1 месяц і 25 дзён калёніі агульнага рэжыму.

Суд быў выязны, праходзіў у будынку папраўчай установы адкрытага тыпу нумар 9 Віцебску, дзе Банцэр адбывае пакараньне з 17 чэрвеня. Паседжаньне праходзіла фактычна ў закрытым рэжыме.

Справу разглядаў судзьдзя Алексіенка, пракурор — Краўцоў.

Суд вырашыў зьмяніць яму рэжым утрыманьня на больш жорсткі пасьля некалькіх парушэньняў, якія былі ў Банцэра на «хіміі», прыкладам, што ён быў непаголены або спазьніўся на некалькі хвілін на адбой.

Банцэра ўзялі пад варту адразу пасьля абвяшчэньня рашэньня. Першы час ён правядзе ў СІЗА Віцебску, потым яго накіруюць у калёнію.

Банцэр меўся б выйсьці на волю ў лютым 2022 году, калі б заставаўся на «хіміі». Пісаць прашэньне аб памілаваньні ён адмовіўся, каб «ня здрадзіць самому сабе». Ён падкрэсьліваў, што неаднаразова меў магчымасьць выехаць з краіны, калі яго папярэджвалі, што пасадзяць, аднак абраў застацца на радзіме.

За апошні год ён двойчы доўга галадаў. Першы раз у сакавіку, калі сядзеў у горадзенскай турме падчас суду, 16 дзён бязь ежы і вады. Другі раз 19 дзён «на халоднай турэмнай вадзе з-пад крана», калі сядзеў у штрафным ізалятары на «хіміі». Ён моцна падарваў здароўе, у яго кепска працуе страўнік, ён значна саслабеў фізычна, хоць год таму быў у добрай спартовай форме.

Музыка сказаў, што трэцяй галадоўкі ў турме ён ужо не перажыве, аднак ня можа гарантаваць, што яе ня будзе.

«Я не пляную галадаваць трэці раз, як я не плянаваў і папярэднія галадоўкі. Аднак калі трэба адстойваць свае правы, абараняць сваю годнасьць, гэта фактычна адзіны спосаб. Яшчэ можна „ўскрывацца“ (рэзаць вены. — РС), але я супраць суіцыдаў», — сказаў рок-музыкант.

Хто такі Ігар Банцэр

  • Ігар Банцэр — музыкант, актывіст, журналіст, палітвязень.
  • Нарадзіўся 24 лютага 1980 году ў Менску. Зь дзяцінства жыў у Горадні. Бацька працаваў у МУС, маці — выхавацелькай у дзіцячым садку. Ігар паступіў вучыцца ў Варшаўскі ўнівэрсытэт на накірунак «міжнародныя адносіны». Аднак празь некалькі год спыніў вучобу праз хваробу. Пасьля складанай апэрацыі ён вырашыў не аднаўляцца ва ўнівэрсытэце.
  • Каля 10 гадоў працаваў у журналістыцы: карэспандэнтам горадзенскай незалежнай газэты «Пагоня», галоўным рэдактарам польскіх часопісаў Magazyn Polski і Głos znad Niemna ў выгнаньні. Некаторы час быў прэс-сакратаром непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў у Беларусі.
  • Стварыў і ўзначальваў культурную ўстанову «Горадзенскі рок-клюб», дзе займаўся музыкай з падлеткамі і моладзьдзю. У 2021 годзе ўлады ліквідавалі ягоную арганізацыю разам з сотняй іншых прыватных установаў.
  • Зь 2003 году быў лідэрам і сьпеваком свайго стрыт-панк гурта Mister X.
  • Зь 2007 году Банцэра шматкроць затрымлівалі і саджалі на содні. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году яго тройчы асуджалі на адміністрацыйны арышт.
  • 20 кастрычніка 2020 году Банцэра затрымалі за тое, што станцаваў без штаноў перад міліцыянтам Сяргеем Багдзевічам і дэманстраваў яму свае палавыя органы. У пацярпелага міліцыянта прэтэнзій да музыканта не было. Аднак на Банцэра завялі крымінальную справу за хуліганства (частка 1 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу).
  • Музыкант правёў у СІЗА горадзенскай турмы 5 месяцаў, амаль увесь час у адзіночных камэрах. Праходзіў псыхіятрычную экспэртызу ў Навінках. Тая паказала, што ён здаровы.
  • На судзе Банцэр віны не прызнаў. Ён настойваў, што падчас танцу заставаўся ў стрынгах, да таго ж, яго прыкрывала паясная торбачка. Судовы працэс вяла судзьдзя Натальля Козел, пракурор — Віктар Нічыпарук.
  • 3 сакавіка 2021 году ў першы дзень суду Банцэр абвесьціў «сухую галадоўку» на знак пратэсту. Ён пратрымаўся бязь ежы і вады 16 содняў да 19 сакавіка, калі яму прысудзілі 1,5 года «хіміі» і выпусьцілі ў залі суду. Пасьля пераліку тэрміну (1 дзень у СІЗА раўняецца 2 дням «хіміі»), палітвязьню заставалася сядзець 8 месяцаў.
  • Пасьля зьняволеньня ў гарадзенца выявілі падазрэньне на гепатыт С, а таксама сур’ёзныя праблемы са страўнікам і іншымі ўнутранымі органамі.
  • Ён пачаў адбываць пакараньне 17 чэрвеня 2021 году ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 9 у Віцебску. Яго не накіравалі на стацыянарнае лячэньне, нягледзячы на стан здароўя.
  • 5 жніўня палітвязень атрымаў 10 дзён штрафнога ізалятару за парушэньне правілаў установы. Потым яму тройчы працягвалі тэрмін утрыманьня ў ШІЗА да 40 дзён без перапынку.
  • Ігар Банцэр жанаты, мае трое дзяцей.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG