Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісія запрапанавала прыпыніць дамову аб спрашчэньні візавага рэжыму ў дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў

абноўлена

Эўракамісія 29 верасьня запрапанавала часткова прыпыніць дзеяньне пагадненьня Эўразьвязу зь Беларусьсю аб спрашчэньні візавага рэжыму.

Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі паведамілі віцэ-прэзыдэнт Эўракамісіі і камісар у прамоцыі эўрапейскага ладу жыцьця Mаргарытыс Схінас і камісар унутраных спраў ЭЗ Ільва Югансан.

«Мы ня будзем караць беларускі народ за дзеяньні ўладаў. Прыпыненьне дзеяньня зьяўляецца кропкавым, накіраваным на дзяржаўных чыноўнікаў і ўладальнікаў дыпляматычных пашпартоў. Але гэта моцны сыгнал, сыгнал, які не пакідае сумненьняў для іншых», — заявіў на прэс-канфэрэнцыі Маргарытыс Схінас.

Маргарытыс Схінас
Маргарытыс Схінас

«Тое, што мы цяпер бачым у Беларусі — гэта Лукашэнка ў роспачы, ён сапраўды пацярпеў ад эканамічных санкцый і санкцый, якія ўвялі супраць яго эўрапейцы. Ён сапраўды ў роспачы і спрабуе дэстабілізаваць Эўразьвяз, прыцягваючы мігрантаў, спрыяючы ім і штурхаючы іх у ЭЗ, — сказала ў сваю чаргу Ільва Югансан. — Для Лукашэнкі гэта таксама спосаб зарабіць. Здаецца, што ён запрашае людзей, якія могуць дазволіць сабе заплаціць каля 10 000 эўра за ўсю паездку. Ён насамрэч падманвае людзей, каб яны плацілі вялікія грошы толькі дзеля таго, каб трапіць у пастку і быць падманутымі».

«Мы ніколі не павінны быць слабымі ў адносінах да Лукашэнкі і таго, што ён робіць, таму што ён зробіць новыя крокі, я ў гэтым упэўненая, ён адчайны, і мы павінны мець цьвёрды адказ», — дадала камісар унутраных спраў ЭЗ.

Ільва Юхансан
Ільва Юхансан

Як паведамляецца ў адмысловым прэс-рэлізе, рашэньне прымаецца ў адказ на «спробы беларускага рэжыму дэстабілізаваць Эўразьвяз і ягоныя дзяржавы-сябры спрыяньнем нерэгулярнай міграцыі дзеля палітычных мэтаў», а таксама ў адказ на прыпыненьне Менскам дзеяньня пагадненьня з Брусэлем аб рэадмісіі.

Прэс-рэліз падкрэсьлівае, што прапанова Эўракамісіі датычыць «спэцыфічных катэгорый чыноўнікаў, зьвязаных зь беларускім рэжымам» і не закране звычайных грамадзян Беларусі, якія могуць далей карыстацца выгодамі, якія дае пагадненьне з Эўразьвязам аб спрашчэньні візавага рэжыму.

Пасьля таго, як прапанова Эўракамісіі будзе зацьверджаная Радай ЭЗ, абмежаваньні ў дзеяньні пагадненьня аб спрашчэньні візавага рэжыму зь Беларусьсю закрануць чальцоў беларускіх афіцыйных дэлегацый, запрошаных на тэрыторыю ЭЗ дзеля перамоваў, кансультацый або па праграмах абмену; афіцыйныя асобы беларускага ўраду цэнтральнага і рэгіянальнага ўзроўняў; дэпутатаў і членаў Нацыянальнага сходу Беларусі; судзьдзяў і чыноўнікаў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў Беларусі.

Як паведаміла Польскае Радыё напярэдадні рашэньня Эўракамісіі, спасылаючыся на ананімныя крыніцы ў Брусэлі, мяркуецца, што афіцыйныя асобы зь Беларусі будуць праходзіць жорсткія працэдуры пры атрыманьні візы для ўезду ў Эўразьвяз, а таксама ня будуць вызваленыя ад аплаты і не атрымаюць аўтаматычна шматразовых візаў.

  • Пагадненьні Брусэль — Менск аб спрашчэньні візавага рэжыму і аб рэадмісіі ўступілі ў сілу ў ліпені 2020-га. У прыватнасьці, паводле візавага пагадненьня наступіла зьніжэньне для беларусаў цаны на шэнгенскую візу да 35 эўра і скарачэньне тэрміну выдачы візаў да 10 дзён.
  • 28 чэрвеня 2021-га Менск прыняў рашэньне прыпыніць дзеяньне пагадненьня з ЭЗ аб рэадмісіі.

Міграцыйны крызіс – 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG