Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША выказалі шкадаваньне ў сувязі з тым, што Расея заблякавала канфэрэнцыю аб правах чалавека ў Варшаве


Энтані Блінкен

Дзяржсакратар Блінкен заявіў, што Вашынгтон будзе і далей заклікаць Маскву выконваць свае абавязаньні, уключаючы гарантыі асноўных свабодаў.

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен выказаў глыбокае шкадаваньне ў сувязі з тым, што канфэрэнцыя аб правах чалавека ў Эўропе і Эўразіі, якая мусіла адкрыцца ў Варшаве, не адбылася.

Паводле дзяржсакратара, канфэрэнцыя АБСЭ не адбылася з прычыны таго, што расейскі ўрад заблякаваў яе.

«Мы глыбока шкадуем аб спробе расейскага ўраду заблякаваць дасьледаваньне пагаршэньня становішча з правамі чалавека [у гэтай краіне]», — сказаў Блінкен.

Кіраўнік амэрыканскай дыпляматыі нагадаў, што на працягу дзесяцігодзьдзяў штогадовыя Нарады для разгляду выкананьня абавязаньняў у галіне чалавечага вымярэньня, на якіх за адным сталом зьбіраліся прадстаўнікі ўрадаў і грамадзянскай супольнасьці з усяго рэгіёну, былі адметнай рысай АБСЭ.

Блінкен адзначыў, што ЗША па-ранейшаму чакаюць, што АБСЭ і яе дзяржавы-ўдзельніцы будуць праводзіць штогадовыя нарады, як гэта прадпісана.

«Мы будзем і далей заклікаць Расею выконваць свае абавязаньні, якія ўключаюць у сябе гарантыі абароны асноўных свабод і даваньне грамадзянам магчымасьці прыцягваць свае ўрады да адказнасьці, у тым ліку праз правядзеньне свабодных і справядлівых выбараў», — сказаў дзяржсакратар.

«ЗША ня будуць ігнараваць парушэньні правоў чалавека, — указаў ён. — Мы будзем і далей рабіць усё магчымае, каб прыцягнуць увагу да ўсяго спэктру праблем у галіне правоў чалавека ў рэгіёне АБСЭ і будзем працаваць з саюзьнікамі і партнэрамі, каб абараніць прынцып правядзеньня ўсёабдымных штогадовых аглядаў чалавечага вымярэньня з актыўным удзелам грамадзянскай супольнасьці».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG