Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхар Гомля атрымаў год калёніі за тое, што сарваў дзяржаўны сьцяг


28 верасьня суд Савецкага раёну Гомля пакараў мясцовага жыхара Вячаслава Савічава годам пазбаўленьня волі за «зьдзек зь дзяржаўнага сымбалю». Шкоду ад злачынства ацанілі ў 21 рубель.

Судзіла Савічава Аліна Кошкіна.

Паводле матэрыялаў справы, 38-гадовы Вячаслаў Савічаў ішоў апоўначы па Рэчыцкім праспэкце. На будынку ён заўважыў сьцяг. «Я быў выпіўшы. Вырашыў праверыць свае здольнасьці — ці даскочу да сьцяга. Скокнуў, ухапіўся за яго, дрэўка зламалася, сьцяг упаў. Я ўбачыў мінака, які стаяў на прыпынку, спужаўся і адпіхнуў сьцяг нагой», — тлумачыў на судзе абвінавачаны.

Мінаком аказаўся супрацоўнік міліцыі. Ён вяртаўся з працы, і тут жа затрымаў чалавека. «Убачыў грамадзяніна, які трымаў сьцяг, потым ён яго адкінуў нагой. Я падышоў, сказаў: „Міліцыя“. Мне ён патлумачыў свае дзеяньні, што яму не падабаецца гэты сьцяг. Прасіў яго адпусьціць. Я выклікаў нарад і сказаў яму, што калі не падабаецца гэты сьцяг — хай едзе ў іншую краіну, там будзе іншы сьцяг», — казаў на судзе міліцыянт Пётра Рачкоў.

Сьцяг належаў камунальнаму прадпрыемству, каштаваў 21 рубель. Абвінавачаны купіў і занёс ім новы сьцяг.

Вячаслаў Савічаў сказаў, што раскайваецца. На сьледзтве ён сьведчыў, што сарваў сьцяг, бо «іх занадта шмат вісела па горадзе», і што «трымаецца далей ад палітыкі».

Пракурорка папікала абвінавачанага тым, што ён нідзе не працуе. «На што вы жывяце? Чаму не шукаеце нармальную працу? Сям’ю не плянуеце заводзіць? Ці дапамагаеце вы сваім бацькам? Чаму ў вас няма сталага заробку — вы ж мужчына ў самым росквіце сіл!» — пыталася пракурорка.

Яна прасіла пакараць абвінавачанага годам калёніі. Судзьдзя падтрымала прапанову. Вячаслава Савічава ўзялі пад варту ў залі суду.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG