Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржкантроль затрымаў уладальніка менскіх гандлёвых цэнтраў


Уваход у будынак Камітэту дзяржакантролю

Камітэт дзяржаўнага кантролю (КДК) пачаў крымінальную справу ў дачыненьні да менскага бізнэсоўца за нявыплату амаль 10 мільёнаў рублёў падаткаў.

«Крымінальная справа пачатая ў дачыненьні да заснавальніка таварыства з абмежаванай адказнасьцю, якое са студзеня 2019 году і па сакавік 2021-га не даплаціла ў бюджэт амаль 10 млн рублёў падаткаў за кошт рэалізацыі незаконнай схемы драбненьня бізнэсу. Гэты факт выявілі работнікі ўпраўленьня Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў па Менскай вобласьці і Менску», — паведамілі ў КДК.

Як пішуць у КДК, каб зьменшыць памер падатковых адлічэньняў, уладальнік гандлёвых цэнтраў нібыта арганізаваў разьмеркаваньне выручкі, атрыманай ад здачы памяшканьняў у арэнду, паміж 16 афіліяванымі структурамі.

Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю пачаў крымінальную справу, падазраваны затрыманы. У ведамстве адзначылі, што падчас ператрусаў у офісе і дома канфіскаваныя дакумэнты пра дзейнасьць афіліяваных структураў, носьбіты інфармацыі, чарнавыя запісы.

На маёмасьць камэрсанта накладзены арышт. Прозьвішча не называецца.

Напярэдадні СМІ паведамлялі пра затрыманьне ўласьніка буйных менскіх гандлёвых цэнтраў «Тытан», «Цівалі», «Трум» Віталя Сініцкага. Нібыта ён сам напісаў заяву, каб кантралёры праверылі законнасьць вядзеньня ім бізнэсу на фоне абвінавачаньняў у бок некаторых калегаў. Аднак верагодна, што замест праверкі яго адразу ж затрымалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG