Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зноў перасталі даходзіць лісты». Жонка палітвязьня Ігара Лосіка працягвае дзяжурыць пад СІЗА, дзе праходзіць закрыты суд


Ігар Лосік знаходзіцца 460 дзён за кратамі.

Мінула 460 дзён, як затрымалі блогера і кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка, якога цяпер судзяць у Гомельскім СІЗА разам зь Мікалаем Статкевічам, Сяргеем Ціханоўскім, Уладзімерам Цыгановічам, Арцёмам Сакавым і Дзьмітрыем Паповым. Працэс над імі цягнецца ўжо 4-ы месяц. Што ў ім новага?

«Адвакат ня можа ўсяго расказаць нават пра абвінавачаньне»

Паводле Дар’і Лосік, яе мужа вінавацяць па трох артыкулах, але зь іх ёй вядомыя толькі два, якія былі выстаўленыя яшчэ падчас сьледзтва. Яна кажа пра 2 частку артыкула 293 Крымінальнага кодэксу — гэта пра ўдзел у масавых беспарадках. А другое абвінавачаньне, паводле жонкі Ігара Лосіка, яму выстаўленае паводле 342 артыкула — пра арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх. У чым яшчэ вінавацяць Ігара, Дар’і невядома. Паводле яе, нават адвакат усяго расказаць не адважваецца, бо даў падпіску пра неразгалошваньне. А паколькі працэс закрыты, даведацца пра трэцяе абвінавачаньне няма магчымасьці.

Ці прызнае Ігар сябе вінаватым хаця б па адным з выстаўленых яму абвінавачаньняў? Пакуль Дар’я Лосік можа спаслацца толькі на ягоныя лісты. «Пісаў, што „не рабіў нічога з таго, у чым яго вінавацяць“», — кажа Дар’я Лосік.

«Магчыма, судзьдзя ня змог узяць на сябе адказнасьць асудзіць невінаватых»

Днямі ў мэдыя зьявілася інфармацыя, што ў працэсе зьмяніўся судзьдзя. Ці гэта так, Дар’я ня можа ані пацьвердзіць, ані абвергнуць.

«Таксама бачыла пра такое ў сацыяльных сетках са спасылкай на Эўрарадыё, але ў гомельскім СІЗА, дзе праходзіць працэс, нічога не паведамляюць, і абвесткі такой там няма. Там увогуле ніякай інфармацыі пра суд не вывешваюць. Магу сказаць толькі тое, што працэс не спынілі на перапынак, усё працягваецца. Калі судзьдзю сапраўды замянілі, дык маё меркаваньне, што гэта адбылося з важкай прычыны. Магчыма, былы судзьдзя ня змог узяць на сябе адказнасьць асуджаць невінаватых людзей. Інакш не магу гэта патлумачыць», — мяркуе Дар’я Лосік.

Ігар і Дар’я Лосікі пішуць адно аднаму шмат лістоў. Дар’я кажа, што ў яе ўжо каля 200 лістоў ад мужа, Прыкладна столькі ж напісала яна яму. Яшчэ два тыдні таму Дар’я атрымлівала па 3–4 лісты на тыдзень, але раптам ліставаньне абарвалася.

«Апошні быў на мінулым тыдні — і ўсё. Прычына мне невядомая. Пішу яму — адказу няма, але працягваю дасылаць лісты. Магчыма, зноў пачалося блякаваньне нашай перапіскі, такое ўжо бывала. І таму зьвяртаюся да людзей, якія яго падтрымліваюць, каб таксама яму пісалі, трэба прарваць гэтую блякаду. Спадзяюся, усё атрымаецца», — кажа Дар’я Лосік.

У апошнім лісьце Ігар Лосік папрасіў перадаць яму цёплыя рэчы. Паводле зьвестак, якія Дар’я атрымала ад сваякоў іншых вязьняў гомельскага СІЗА, там дагэтуль не ўключылі ацяпленьне, у камэрах холадна, таму большасьць просьбаў да сваякоў — менавіта пра цёплае адзеньне.

«Яшчэ тут пастаю і паеду купляць Ігару куртку», — кажа Дар’я Лосік. Наколькі ёй вядома, у гомельскім СІЗА яе мужа выводзілі на прагулкі ў турэмны дворык, але прагулкі спыніліся ў канцы чэрвеня, калі пачаўся працэс.

«Абяцала Ігару, што буду побач»

Кожны панядзелак Дар’я прыяжджае ў Гомель з Баранавічаў і да пятніцы дзяжурыць каля ўваходу ў СІЗА. За гэты час яна ніводнага разу ня бачыла мужа нават выпадкова, праз шкло ці ў калідоры. Дык навошта тады дзяжурыць?

«Я гэтак абяцала Ігару, што буду побач зь ім увесь працэс. Каб ён ведаў, што я тут, каб яму было лягчэй трымацца», — тлумачыць сваю вахту жонка палітвязьня.

Паводле Дар’і, пакуль яна каля СІЗА, за ёй назіраюць адмысловыя супрацоўнікі ў цывільным.

«Іх бывае ад 6 да 10 чалавек. Сочаць, перагаворваюцца з кімсьці па сувязі, але мне не замінаюць», — кажа пра невядомых Дар’я.

У канцы жніўня Юры Васкрасенскі заявіў, што ўключыў Ігара Лосіка ў сьпіс першых ста палітвязьняў, якіх ён мае намер прапанаваць вызваліць Аляксандру Лукашэнку. Сяргей Ціханоўскі, якога судзяць на тым жа працэсе, на пачатку верасьня паведаміў з-за кратаў, што ніхто з абвінавачаных у ягонай справе прашэньня аб памілаваньні на імя Лукашэнкі не пісаў.

Дар’я Лосік сказала, што ў лістах яе мужа нічога няма адносна прапановы Юрыя Васкрасенскага. Паводле яе, Ігар выключаў для сябе такую магчымасьць, паўтараючы, што ён ні ў чым не вінаваты.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG