Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд ліквідаваў грамадзкае абʼяднаньне, якое змагалася супраць хатняга гвалту


На пазоў Міністэрства юстыцыі Вярхоўны суд ліквідаваў міжнароднае грамадзкае абʼяднаньне «Гендэрныя пэрспэктывы».

«Гэтае несправядлівае рашэньне ня можа закрэсьліць 11 гадоў цяжкай, не заўсёды ўдзячнай працы», — заявіла абʼяднаньне ў фэйсбуку.

«Нам не зразумець, як пасьля столькіх гадоў цеснага супрацоўніцтва зь дзяржавай, бясконцага ўдзелу ва ўсялякіх радах, працоўных групах, каардынацыйных мэханізмах, нарадах і іншым гэтая ж дзяржава ў адзін дзень палічыла нашую працу неэфэктыўнай і нават злачыннай, забараніўшы яе працягваць.

Відавочна, што да патрэбаў вялізнай колькасьць жанчын, якія зазнаюць хатні гвалт ці дыскрымінацыю паводле полу і якіх мы абаранялі ўвесь гэты час у меру сваіх сіл, цяпер няма справы», — адзначыла МГА «Гендэрныя пэрспэктывы».

Таксама 28 верасьня Вярхоўны суд вырашаў, ці ліквідаваць грамадзкае абʼяднаньне «Жаночы незалежны дэмакратычны рух». Яно існуе з 1993 году.

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Паводле праваабаронцаў «Вясны», ужо ліквідавалі больш за 30 НДА, больш за 100 — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Сярод ліквідаваных арганізацый

  • • Human Constanta
  • • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • • Гродна Лайф Медыя
  • • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
  • • Зьвяно
  • • Имена
  • • Мова нанова
  • • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • • ПЭН-цэнтар
  • • Прававая ініцыятыва
  • • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  • • Тэрыторыя правоў
  • • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • • Экадом
  • Таварыства беларускай мовы

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG