Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беспадстаўныя інсынуацыі». Кіеў адрэагаваў на заяву Лукашэнкі пра дамову з Пуціным наконт мяжы з Украінай


Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба

У Кіеве параілі Аляксандру Лукашэнку задумацца над захаваньнем сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі, каб не ператварыцца ў прыдатак Расеі.

«Імаверна, што Аляксандар Лукашэнка ўжо цалкам засвоіў шаблёны расейскай прапагандысцкай рыторыкі наконт пагрозаў з боку краін Захаду і Ўкраіны ў прыватнасьці. Ён расказвае пра прывідныя амэрыканскія базы і лягеры баевікоў ва Ўкраіне, паралельна ператвараючы суседнюю нам Беларусь у суцэльную вайсковую базу Расеі», — заявіў прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Украіны Алег Нікаленка.

Паводле яго, менавіта з боку Расеі сёньня паходзяць асноўныя пагрозы для Ўкраіны і Беларусі.

«Захаваць сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі, а не ператварыцца ў прыдатак Расеі — вось над чым трэба задумацца ў Менску. Украіна ніколі ня ўмешвалася і ня будзе ўмешвацца ў справы суседняй Беларусі. Украіна таксама ніколі ня будзе ствараць аніякіх пагрозаў для бясьпекі беларускага народу», — падкрэсьліў прадстаўнік МЗС Украіны.

Алег Нікаленка дадаў, што ў той жа час Украіна будзе ўсімі сродкамі абараняць сваю свабоду, незалежнасьць і свабодны дэмакратычны выбар украінскага народу на карысьць эўрапейскай ды эўраатлянтычнай інтэграцыі.

«Мы робім гэта ня супраць некага, а выключна таму, што бачым будучыню Ўкраіны ў аб’яднанай сям’і свабодных эўрапейскіх народаў, дзе каштоўнасьць жыцьця, чалавечая годнасьць і дэмакратычны выбар зьяўляюцца непарушнымі. І такая ж будучыня адпавядае інтарэсам Беларусі», — заявіў Алег Нікаленка.

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба адрэагаваў на заяву прэсавага сакратара расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна пра тое, што сумесныя дзеяньні Масквы і Менску ў адказ на разьмяшчэньне войскаў NATO ва Ўкраіне павінны забясьпечыць бясьпеку як Расеі, так і Беларусі.

«„Чырвоныя лініі“ Пуціна абмяжоўваюцца тэрыторыяй Расеі. З нашага боку расейска-ўкраінскай мяжы мы самі разьбяромся, што нам рабіць у інтарэсах украінскага народу і бясьпекі Ўкраіны ды Эўропы», — напісаў Дзьмітро Кулеба на сваёй старонцы ў Twitter.

Што папярэднічала?

27 верасьня на нарадзе з кіраўнікамі сілавога блёку падчас абмеркаваньня сытуацыі зь мігрантамі на мяжы Беларусі і Эўразьвязу Аляксандар Лукашэнка расказаў, пра што ён дамовіўся з Пуціным наконт мяжы з Украінай.

«Асаблівая ўвага ўкраінскаму ўчастку — што мы там будзем рабіць. Вы бачыце, яны туды, ва Ўкраіну, цягнуць натаўскія войскі. Пад выглядам навучальных цэнтраў яны ствараюць фактычна базы. Базы Злучаныя Штаты ствараюць ва Ўкраіне. Ясна, што нам трэба на гэта рэагаваць», — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго, гэтая тэматыка абмяркоўвалася на сустрэчах з кіраўніком Расеі Ўладзімірам Пуціным.

«Мы з прэзыдэнтам Расеі праводзілі і праводзім кансультацыі ў гэтым пытаньні і дамовіліся, што там трэба рабіць нейкія дзеяньні. У адваротным выпадку мы заўтра будзем мець проста на мяжы Беларусі і Расеі непрымальную для нас сытуацыю. Аж да разьмяшчэньня ракет адпаведнай далёкасьці. Мы на гэта не падпісваліся і дапусьціць гэтага ня можам. На жаль, кіраўніцтва Ўкраіны — яны наплявалі на ўласны народ і яны ня чуюць, што мы выказваем гэтыя заклапочанасьці», — сказаў Лукашэнка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG