Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Быў гарантам стабільнасьці — стаў рухавіком дэстабілізацыі


Аляксандар Лукашэнка

У пэўнай часткі грамадзтва, асабліва сярод прыхільнікаў Лукашэнкі, існуе пэўнае запатрабаваньне на стабільнасьць. Аднак уся палітыка рэжыму скіравана цяпер на штучнае стварэньне надзвычайнай сытуацыі, дэстабілізацыю.

Сьцісла:

  • Прыхільнікі Лукашэнкі баяцца забурэньняў і хацелі б аднаўленьня «дарэвалюцыйнага» статус-кво.
  • Але «перагарнуць старонку» не дае якраз сам Лукашэнка.
  • Паводле дзяржаўных мэдыя, краіна знаходзіцца ў стане вайны з унутранымі і вонкавымі ворагамі.
  • Апошні год улады ўзялі курс на штучную палітычную мабілізацыю грамадзтва.
  • Беларусь увязалася ў бясконцыя вонкавыя канфлікты.
  • Рэжым правакуе ўвядзеньне новых заходніх санкцый.

Пасьля бурнага 2020 году ў Беларусі стварылася сытуацыя своеасаблівага пату. Здавалася б, для кіроўнага рэжыму найбольш аптымальнай палітыкай выжываньня была б стратэгія перагорнутай старонкі. Кіруючыся лёгікай, што пратэст задушаны і яго аднаўленьне малаімавернае, уладзе Лукашэнкі больш нічога не пагражае, то можна перагарнуць старонку, аб’явіць, што мінулым годам здарылася нейкая недарэчнасьць (як варыянт, арганізаваны Захадам мяцеж), якую трэба проста забыць, як страшны сон. І вярнуцца ва ўмоўны 2019 год, усім супакоіцца, аднавіць «дарэвалюцыйны» статус-кво і працягваць жыць, як жылі раней. І спадзявацца на сілу інэрцыі жыцьцёвага працэсу, забесьпячэньне легітымнасьці рэжыму з дапамогай звычкі, традыцыі.

Сацыяльная база прыхільнікаў Лукашэнкі складаецца і з тых людзей (умоўных «ябацек»), якія ня так ужо любяць свайго правадыра, але інстынктыўна баяцца перамен (памяць пра гарбачоўскую перабудову, страчаныя банкаўскія ўклады, сацыяльна-эканамічны абвал 1990-х гадоў і інш.).

Таксама пэўная частка насельніцтва, якая не галасавала за Лукашэнку, цяпер, калі ўлада прадэманстравала сілу, хіснулася да рэжыму. Часткова са страху, а часткова і таму, што таксама баіцца забурэньняў.

Ну а супрацоўнікі дзяржапарату з прычын самой прыроды дзяржаўных інстытутаў зацікаўлены ў тым, каб існавалі нейкія стабільныя правілы, законы, устойлівыя працэдуры.

Гэта значыць, у пэўнай часткі грамадзтва, асабліва сярод прыхільнікаў Лукашэнкі, існуе відавочнае запатрабаваньне на стабільнасьць, няхай сабе ў выглядзе застою і мяккага аўтарытарызму.

Аднак на гэтым шляху існуе адна вялікая праблема. Яна мае імя і прозьвішча. Перагарнуць старонку не дае якраз сам Аляксандар Лукашэнка.

Уся палітыка рэжыму пасьля задушэньня пратэсту скіравана на штучнае стварэньне надзвычайнай, экстрэмальнай сытуацыі, сьвядомае нагнятаньне напружанасьці, давядзеньне палітычнай барацьбы да ступені псыхалягічнай вайны, масавай гістэрыі.

Справа ня толькі ў маштабных рэпрэсіях, рутынізацыі гвалту. Хоць гэта трымае сілавыя структуры ў рэжыме пэрманэнтнай мабілізацыі.

Калі абываталь уключае БТ, то бачыць, што ніякага спакою і стабільнасьці ў краіне няма. Бясконцая гістэрыя. Паводле дзяржаўных мэдыя, краіна знаходзіцца ў стане бесьперапыннай вайны з унутранымі і вонкавымі ворагамі. Нейкія экстрэмісты, тэрарысты, снайпэры запаланілі краіну. У Беларусь увесь час завозіцца зброя. Знойдзены шпіёны на прадпрыемствах. Якая стабільнасьць, калі вакол ворагі?

Можна не глядзець БТ. Аднак дзяржава «дастае» абываталя на кожным кроку. Калі папярэднія 26 гадоў улады праводзілі палітыку дэмабілізацыі і дэпалітызацыі грамадзтва, то цяпер усё з дакладнасьцю наадварот.

Апошні год улады ўзялі курс на штучную палітычную мабілізацыю грамадзтва. Ухіліцца ад палітыкі стала немагчымым. У працоўных калектывах людзей прымушаюць падпісваць розныя пэтыцыі ў падтрымку рэжыму, нейкія заявы пратэсту супраць заходніх санкцый. Школы на вачах пераводзяць на казарменнае становішча, а настаўнікаў ператвараюць у «камісараў у пыльных шлемах». Ад спартоўцаў патрабуюць публічнай дэманстрацыі ляяльнасьці. Работнікаў ЖЭС прымушаюць сачыць, каб не было пратэставай сымболікі. Адміністрацыя прадпрыемстваў павінна выяўляць і лавіць шпіёнаў. І гэтак далей.

Улада сканцэнтравана выключна на вырашэньні праблем выжываньня, знаходзіцца ў пастаянным напружаньні і таму ня здольная вырашаць іншыя праблемы і актуальныя задачы, якія паўстаюць перад краінай.

Нарэшце, Беларусь увязалася ў бясконцыя вонкавыя канфлікты. Лукашэнка ператварыў унутрыпалітычны беларускі крызіс у вострую рэгіянальную праблему, крызіс міжнароднай бясьпекі. Вонкавая ізаляцыя краіны, статус ізгоя сталі відавочнымі, іх ужо немагчыма схаваць.

Прычым менавіта правакацыі афіцыйнага Менску спрычыніліся да сур’ёзных санкцый з боку Захаду. Рэальныя эканамічныя санкцыі ЭЗ і ЗША ўвялі толькі летам, пасьля гісторыі з самалётам. Усе ранейшыя абмежаваньні былі хутчэй, сымбалічнымі, зьяўляліся больш нейкімі пужалкамі.

Цяпер разрастаецца мігранцкі крызіс, арганізаваны ўладамі. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі кваліфікаваў яго як «штурм польскай мяжы». У адказ ЭЗ рыхтуе пяты пакет санкцый, магчыма, больш жорсткіх. Лукашэнка пачаў гаварыць пра ваеннае супрацьстаяньне з Украінай.

А наперадзе сур’ёзныя страты ад санкцый зь невядомымі, непрадказальнымі наступствамі. Людзі інтуітыўна гэта адчуваюць, таму здымаюць банкаўскія ўклады. Калі мераць сытуацыю савецкім часам, то ад пэрыяду застою і стабільнасьці брэжнеўскай эпохі краіна раптам цягам году адкінутая ў сталінскія часы.

То бок, чым далей Лукашэнка ва ўладзе, тым больш краіна апускаецца ў турбулентнасьць. Цана захаваньня ягонай улады для народу, у тым ліку для «ябацек», павялічваецца. Атрымліваецца, што Лукашэнка, які 26 гадоў быў гарантам стабільнасьці, цяпер ператварыўся ў галоўны фактар дэстабілізацыі. І тым самым падрывае матывацыю падтрымкі сваіх прыхільнікаў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG