Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На карысьць Крамля». У Кіеве абураныя дамовай Вугоршчыны з Расеяй аб пастаўках газу ў абход Украіны


Кампрэсарная газавая станцыя ў Расеі. Архіўнае фота.

МЗС Украіны назвала палітычным і эканамічна неабгрунтаваным падпісаньне Вугоршчынай дамовы з расейскім «Газпромам» аб пастаўках прыроднага газу ў абыход украінскай тэрыторыі.

27 верасьня, калі стала вядома аб падпісаньні доўгатэрміновага газавага кантракту, Украіна перанесла заплянаванае на 29–30 верасьня пасяджэньне супольнай вугорска-ўкраінскай міжурадавай эканамічнай камісіі.

«Зьдзіўленыя і расчараваныя... Лічым гэта выключна палітычным, эканамічна неабгрунтаваным рашэньнем, ухваленым на карысьць Крамлю і на шкоду нацыянальным інтарэсам Украіны і ўкраінска-вугорскім дачыненьням, што не адпавядае прынцыпам Дагавору аб асновах добрасуседзтва і супрацы між Украінай і Вугоршчынай ад 6 сьнежня 1991 году», — гаворыцца ў заяве ўкраінскага МЗС.

У Кіеве перакананыя, што для Вугоршчыны больш выгадна ажыцьцяўляць пастаўкі прыроднага газу праз газатранспартную сыстэму Ўкраіны, бо гэты шлях найкарацейшы.

У Міністэрстве замежных спраў Украіны таксама заявілі, што зьвернуцца ў Эўрапейскую камісію па атрыманьне ацэнкі адпаведнасьці новай вугорска-расейскай газавай угоды эўрапейскаму заканадаўству ў галіне энэргетыкі.

«Сёньня МЗС Украіны ініцыявала перанос пасяджэньня (супольнай міжурадавай) камісіі на пазьнейшы тэрмін, паколькі вугорска-расейская газавая ўгода будзе мець істотны ўплыў на энэргетычную бясьпеку Ўкраіны і Эўропы, стварае новыя абставіны, якія патрабуюць усебаковага аналізу рызыкаў і пагрозаў, а таксама ўзгодненых дзеяньняў краін рэгіёну, каб мінімізаваць нэгатыўныя наступствы», — падкрэсьлілі ў МЗС Украіны.

Што папярэднічала?

10 верасьня расейская кампанія «Газпром» заявіла пра завяршэньне будаўніцтва газаправоду «Паўночны паток-2». Ён разьлічаны на перапампоўваньне 55 млрд кубамэтраў газу ў год ад кампрэсарнай станцыі «Славянская» ў Кінгісэпскім раёне Ленінградзкай вобласьці да балтыйскага ўзьбярэжжа Нямеччыны. Агульная працягласьць магістралі ў дзьвюх нітках — 2460 км.

«Газпром» дабудоўваў «Паўночны паток — 2» уласнымі намаганьнямі, бо праз накладзеныя Злучанымі Штатамі санкцыі ягоны швайцарскі падрадчык спыніў працу па ўкладцы трубы.

«Газпром» ацэньвае, што пастаўкі праз «Паўночны паток — 2» будуць на 20% таньнейшыя, чым празь Беларусь або Ўкраіну. Амэрыканскімі санкцыямі, уведзенымі ў сьнежні 2019 году супраць «Паўночнага патоку — 2», былі задаволеныя Польшча, Украіна і краіны Балтыі. Тагачасны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп ня ўтойваў, што ягоная дзяржава зацікаўленая прадаваць Эўропе свой звадкаваны газ.

Аднак пасьля візыту ў Вашынгтон Ангелы Мэркель ЗША адмовіліся ад санкцыяў супраць трубаправоду па дне Балтыкі. Вашынгтон і Бэрлін заявілі пра гарантыі Ўкраіне ў выпадку газавага ціску з боку Масквы, пра інвэстыцыі ў альтэрнатыўныя крыніцы энэргіі і пра дапамогу з дывэрсыфікацыяй. Польшча і Ўкраіна выступілі супраць падобнай дамоўленасьці Вашынгтону і Бэрліну.

Што чакае ў сувязі з завяршэньнем праекту Беларусь?

Што тычыцца Беларусі, то, паколькі «Паўночны паток — 2» яе абмінае, яна, бясспрэчна, страціць вялікую частку даходаў за транзыт газу. Але дакладная сума невядомая, яна складае камэрцыйную таямніцу.

Даччынае прадпрыемства расейскага «Газпрому» ад 2011 году валодае беларускай часткай газаправоду Ямал — Эўропа. Да таго ж, «Газпрому» ў Беларусі належыць і былая беларуская газатранспартная сыстэма «Белтрансгаз». Некаторыя экспэрты лічаць, што менавіта той факт, што Расея валодае транзытнымі трубамі ў Беларусі, не дазволіць ёй адмовіцца ад перасылкі газу празь Беларусь.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG