Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка расказаў, пра што ён дамовіўся з Пуціным наконт мяжы з Украінай


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін. Архіўнае фота

Заява прагучала на нарадзе з кіраўнікамі сілавога блёку падчас абмеркаваньня сытуацыі зь мігрантамі на мяжы Беларусі і Эўразьвязу. Аляксандар Лукашэнка выказаўся і аб мяжы з Украінай.

«Асаблівая ўвага ўкраінскаму ўчастку — што мы там будзем рабіць. Вы бачыце, яны туды, ва Ўкраіну, цягнуць натаўскія войскі. Пад выглядам навучальных цэнтраў яны ствараюць фактычна базы. Базы Злучаныя Штаты ствараюць ва Ўкраіне. Ясна, што нам трэба на гэта рэагаваць», — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго, гэтая тэматыка абмяркоўвалася на сустрэчах з кіраўніком Расеі Ўладзімірам Пуціным.

«Мы з прэзыдэнтам Расеі праводзілі і праводзім кансультацыі ў гэтым пытаньні і дамовіліся, што там трэба рабіць нейкія дзеяньні. У адваротным выпадку мы заўтра будзем мець проста на мяжы Беларусі і Расеі непрымальную для нас сытуацыю. Аж да разьмяшчэньня ракет адпаведнай далёкасьці. Мы на гэта не падпісваліся і дапусьціць гэтага ня можам. На жаль, кіраўніцтва Украіны — яны наплявалі на ўласны народ і яны ня чуюць, што мы выказваем гэтыя заклапочанасьці», — сказаў Лукашэнка.

У Крамлі сёньня заявілі, што сумесныя дзеяньні ў адказ Масквы і Менску на разьмяшчэньне войскаў NATO ва Ўкраіне павінны забясьпечыць бясьпеку як Расеі, так і Беларусі.

«Гэта тыя дзеяньні, якія гарантуюць бясьпеку нашых дзьвюх саюзных дзяржаў», — заявіў прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў, адказваючы на пытаньне журналістаў, што цытуе «Інтэрфакс».

«Тэма патэнцыйнага пашырэньня вайсковай інфраструктуры NATO на тэрыторыі Ўкраіны неаднаразова згадвалася прэзыдэнтам Пуціным, і прэзыдэнт Пуцін казаў, што гэта знаходзіцца за мяжой тых самых «чырвоных ліній», пра якія ён неаднаразова казаў», — сказаў Пяскоў.

12 верасьня, наведваючы вучэньні, Лукашэнка паведаміў, што Беларусь плянуе закупіць расейскага ўзбраеньня больш як на мільярд даляраў.

Паводле яго, гэтая тэма закраналася на яго перамовах з прэзыдэнтам РФ Уладзіміра Пуціным 9 верасьня.

«Я яму яшчэ раз нагадаў пра С-400, расказаў яму, дзе мы хочам паставіць гэтыя комплексы. Дзякуй Богу, цяпер у нас цалкам комплексамі С-300 перакрыты пэрымэтар на заходнім кірунку. Але, як вы ведаеце, у нас і паўднёвы кірунак дадаўся. Мы зь беларускімі генэраламі і расейцамі абмяркоўвалі гэтую тэму. Нас пачынаюць з поўдня падаграваць. А што яшчэ будзе... Мы павінны рыхтавацца — 1200 кілямэтраў мяжа з Украінай. Таму нам давядзецца закрываць і гэты пэрымэтар. І мы вялі якраз гаворку пра тое, што С-400 нам будзе да месца. І ён даў даручэньне міністру абароны, каб з нашымі прапрацавалі гэтыя пытаньні для таго, каб можна было паставіць гэтыя комплексы нам», — расказаў Лукашэнка.

Лукашэнка паведаміў, што ўзгоднены пералік узбраеньня, якое да 2025 году паставяць у Беларусь.

«Гэта каля дзясятка самалётаў, частка нам ужо паступіла, гэта некалькі дзясяткаў верталётаў Тор-М2. Вялікія аб’ёмы. Сьведчыць гэта пра тое, што і мы, і Расейская Фэдэрацыя вельмі сурʼёзна ўспрымаем гэты заходні кірунак, дзе мы знаходзімся непасрэдна ў судакрананьні з натаўскімі войскамі», — сказаў Лукашэнка.

Апошняя сустрэча Лукашэнкі і Пуціна адбылася ў Маскве 9 верасьня. Вышэйшы дзяржсавет саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі пройдзе паводле пляну 4 лістапада. Мяркуецца, што на ім Лукашэнка і Пуцін канчаткова зацьвердзяць пакет новых інтэграцыйных пагадненьняў.

24–26 верасьня Лукашэнка быў зь візытам у Сочы, але з кім ён там сустракаўся, невядома.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG