Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гуманітарная катастрофа». Лукашэнка абвінаваціў Захад у міграцыйным крызісе на межах Беларусі


Мігранты на беларуска-польскай мяжы. Архіўнае фота

Сытуацыю зь мігрантамі на мяжы Беларусі і Эўразьвязу Аляксандар Лукашэнка назваў «гуманітарнай катастрофай». Пра гэта ён заявіў на нарадзе з кіраўнікамі сілавога блёку.

«Давайце параімся, як далей будзем працаваць. Гэта ж ня справа, што людзі пакутуюць. Ну так, апранулі іх, накармілі, дровы адвезьлі, намёты перадалі. Але зімой яны замерзнуць! Гэта ж людзі, якія прыйшлі за тысячы кілямэтраў з поўдня. Карацей, гуманітарная катастрофа на мяжы. Увялі надзвычайнае становішча суседзі, нікога не пускаюць. Каб ніхто ня ведаў, як там паміраюць людзі», — цытуе ягоная прэсавая служба.

Пры гэтым Лукашэнка абвяргае абвінавачваньні ў адрас Беларусі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі і перакладае адказнасьць на неназваную «міжнародную злачынную групу».

«Кіраўнікі асобных дзяржаў робяць заявы, у якіх прамым тэкстам абвінавачваюць нашу краіну ў арганізацыі міграцыйнага крызісу. Больш за тое, сваімі абвінавачваньнямі вырашылі ўвесьці ў зман і ўсю сусьветную супольнасьць — вазьміце іх выступы на Генэральнай Асамблеі ААН. Ясна, што такое Польшча — пад парасонам амэрыканцаў. Яны праблем дастаўляюць Эўразьвязу ня меней, чым нам. І ціснуць далей, заяўляючы, што мы выбудоўваем нейкую гібрыдную атаку супраць Эўропы».

Лукашэнка назваў падобныя абвінавачаньні «глупствам», сьцьвярджаючы, краіны Захаду самі вінаватыя ў міграцыйным крызісе.

«Вы іх туды клікалі, разбурыўшы тыя краіны. Вы — першапрычына таго, што людзі бягуць ад вайны на Захад. Таму трэба разьбірацца там. І я ўжо ня раз падкрэсьліваў, што гэта міжнародная банда, якая адтуль людзей перавозіць ня толькі празь Беларусь. Празь Міжземнае мора яшчэ больш скіроўваецца ў Эўразьвяз народу. Валам ідуць. І гэта ўсё арганізавана адпаведнымі людзьмі».

Агулам Лукашэнка ахарактарызаваў «неспрыяльнай» для Беларусі сытуацыю ў шэрагу сумежных краін, таму давядзецца рэагаваць адпаведна.

«Больш за тое, кіраўніцтва гэтых краін узяло курс на канфрантацыю зь Беларусьсю. Таму трэба разгледзець сытуацыю ня толькі з улікам таго, што адбываецца зь мігрантамі. Ня трэба засяроджвацца толькі на гэтым пытаньні. У нас вельмі сур’ёзныя іншыя, больш важныя праблемы. Праблемы, зьвязаныя з абаронай. У Польшчы разгортваюцца войскі, прычым замежных дзяржаў — зразумела, што ня супраць Нямеччыны. Бачым, як пішчом лезе Літва ў кожную шчыліну, каб паказаць сваю адданасьць NATO і ЗША», — сказаў ён.

Лукашэнка выказаў шкадаваньне, што туды ж «шчэміцца» і Ўкраіна, адкрываючы «паўднёвы фронт» супраць Беларусі. Маўляў, спачатку туды рынуліся «зьбеглыя», а цяпер там нібыта ствараюцца вучэбна-трэнавальныя лягеры, дзе мэтанакіравана навучаюць баевікоў.

Міграцыйны крызіс-2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG