Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прызначылі новага судзьдзю ў справе Ціханоўскага, Статкевіча і Лосіка. Што пра яго вядома?


Суд над групай палітвязьняў, паседжаньне 24 чэрвеня 2021 году, Ігар Лосік і Сяргей Ціханоўскі

Папярэдняга судзьдзю павысілі, а з новым закрыты ад грамадзкасьці працэс можа пачацца нанова.

Новым судзьдзём у справе групы палітвязьняў стаў Мікалай Доля, інфармуе «Эўрарадыё». Папярэдняга — Мікалая Бакунова — павысілі, ён стаў старшынём суду Чыгуначнага раёну Гомля.

Мікалай Доля таксама браў удзел у «палітычных» працэсах, 10 гадоў таму. У 2011 годзе ў Рэчыцы ён аштрафаваў заснавальніка гомельскага сайту «Сильные новости» Пятра Кузьняцова за «парушэньне заканадаўства аб друку». Тады супрацоўнікі ДАІ знайшлі ў машыне Кузьняцова ўлёткі пра разгон Плошчы 2010 году ў Менску. Судзьдзя палічыў іх пэрыядычным выданьнем.

У 2014 годзе Долю перавялі з Рэчыцы ў Гомельскі абласны суд, дзе ён працуе і сёньня. Уваходзіць у калегію па крымінальных справах.

Менавіта ў гэтым судзе слухаюць справу палітвязьняў Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка, Мікалая Статкевіча, Уладзімера Цыгановіча, Арцёма Сакалова і Зьмітра Папова.

Суд адбываецца ў закрытым рэжыме, зьвестак пра яго амаль ня маюць нават сваякі падсудных. Падсудным пагражае да 12-15 гадоў зьняволеньня.

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня.

11 сакавіка 2021 года Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

Па якім артыкуле Лосіку выставілі новыя абвінавачаньні, невядома. Ягоны адвакат Дзьмітрый Лепрэтар пад падпіскай аб неразгалошваньні.

Дома Ігара чакаюць жонка і двухгадовая дачка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG