Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За перасылку паведамленьня Tut.by у прыватнай перапісцы ўпершыню пакаралі арыштам


За перасылку ў прыватнай перапісцы паведамленьня тэлеграм-каналу «Tut.by новости | Zerkаlo.iо» жыхара Менску пакаралі 15-суткавым арыштам, паведамляе «Вясна».

23 верасьня сілавікі затрымалі 36-гадовага Паўла Сьмірнова і даставілі яго ў Фрунзэнскі РУУС Менску для «прафіляктычнай гутаркі», бо раней, паводле «Вясны», ён удзельнічаў у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.

Падчас гутаркі Сьмірноў аддаў міліцыянтам свой тэлефон, у якім яны знайшлі перасылку паведамленьня з тэлеграм-каналу Tut.by у прыватнай перапісцы зь сябрам 23 верасьня. За гэта на яго склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або прапагандуе такую дзейнасьць»).

24 верасьня справу Паўла разгледзела судзьдзя Фрунзэнскага раёну Тацяна Палулех. Сваю віну мужчына прызнаў і дадаў, што ня ведаў аб прызнаньні тэлеграм-каналу «экстрэмісцкім». У выніку судзьдзя Палулех прызнала яго вінаватым і арыштавала на 15 сутак. У праўладных каналах зьявілася пакаяльнае відэа са Сьмірновым.

Гэта першы вядомы выпадак, калі асудзілі за перасылку паведамленьня з каналу Tut.by. Раней ужо былі выпадкі, калі беларусаў судзілі за перасылку пастоў з «экстрэмісцкіх» каналаў адзін аднаму, але якіх менавіта каналаў — не вядома.

13 жніўня суд у Менску прызнаў экстрэмісцкімі матэрыялы парталу Tut.by і яго пераемніка Zerkalo.io, а таксама іх сацыяльных сетак.

Раней улады пазбавілі Tut.by статусу СМІ, а цяпер могуць прызнаць матэрыялы парталу «экстрэмісцкімі». 15 супрацоўнікаў рэдакцыі знаходзяцца за кратамі як падазраваныя ў крымінальнай справе. Сайт заблякаваны рашэньнем Міністэрства інфармацыі, аднак 8 ліпеня група супрацоўнікаў рэдакцыі абвясьціла аб стварэньні на базе Tut.by новага праекту — Zerkalo.io.

Пра перасьлед Tut.by

  • 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
  • У справе затрымалі агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (вызвалілі 1 верасьня) і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
  • Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
  • Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
  • У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі быў пазбаўлены статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
  • Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.
  • 13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
  • 7 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу супраць тутбаеўцаў — за распальваньне варожасьці, учыненае групай асобаў (ч. 3 арт. 130). Ім пагражае да 12 гадоў зьняволеньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG