Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская рада культуры: пасьля выбараў рэпрэсавалі сама меней 800 творцаў


Кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін.

Рэпрэсіі адбіліся на ўсёй культуры, нават калі не закранулі кагосьці асабіста.

Кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін у інтэрвію расейскай «Новой газете» расказаў, колькі беларускіх творцаў ад пачатку леташніх пратэстаў трапілі пад рэпрэсіі.

«Паводле апошніх дадзеных, агулам рэпрэсіі ў Беларусі зазналі каля 40 тысяч чалавек. Зь іх 800 — дзеячы культуры. Гэта тое, што мы ведаем. Па маіх прыкідках, рэальная лічба як мінімум удвая большая. Але рэпрэсіі адбіліся на ўсёй культуры, нават калі не закранулі кагосьці асабіста. Сытуацыя мёртвая. Усе спробы нешта правесьці, нават ціха і акуратна, заканчваюцца налётамі і затрыманьнямі. Канцэртныя пляцоўкі яшчэ неяк існуюць за кошт гастроляў палітычна нэўтральных выканаўцаў, астатнія пад забаронай», — паведаміў Сяргей Будкін расейскаму выданьню.

Таксама ён адказаў на пытаньне: ці пазыцыянуе сябе Беларуская рада культуры ў выгнаньні альтэрнатывай дзяржаўнаму Мінкульту?

«Мы пазыцыянуем сябе як культурны штаб новай Беларусі. У першую чаргу ўзялі на сябе адказнасьць за інфармаваньне людзей пра тое, што адбываецца з культурай. Другі напрамак — дапамога. Трэці — стратэгія, абмеркаваньне культурных рэформаў. Калі прыйдзе час, трэба нешта пакласьці на стол новаму прэзыдэнту. І чацьвёртае — прадстаўляем Беларусь на міжнародных форумах. Так, на пасяджэньні краін «Усходняга партнэрства», дзе сустракаліся міністры культуры, былі мы, ніякая паважаная структура ў Эўропе ня будзе размаўляць зь людзьмі Лукашэнкі».

Сяргей Будкін таксама пералічыў міжнародныя кампаніі, якія прывялі да контразахадаў супраць рэжыму. Самая пасьпяховая — нядопуск Беларусі на конкурс «Эўравізія» і выключэньне Белтэлерадыёкампаніі з Эўрапейскага вяшчальнага зьвязу. Як вынік, ня будзе прадстаўнікоў краіны і ў дзіцячым конкурсе.

Цяпер Беларуская рада культуры рыхтуе кампанію супраць менскага кінафэстывалю «Лістапад», каб яго пазбавілі міжнароднай акрэдытацыі, а эўрапейскія рэжысэры і прадусары байкатавалі імпрэзу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG