Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне зьнішчылі вялікую партыю кантрабандных цыгарэт зь Беларусі. ВІДЭА


Украінскія памежнікі выявілі партыю кантрабандных цыгарэт беларускай вытворчасьці. Архіўнае фота

За апошні месяц украінскія памежнікі спынілі некалькі спробаў перамяшчэньня кантрабанды беларускага тытуню ва Ўкраіну.

У Роўне, адным з памежных зь Беларусьсю абласных цэнтраў Украіны, зьнішчылі партыю затрыманых сёлета ў чэрвені на беларуска-ўкраінскай мяжы кантрабандных цыгарэт беларускай вытворчасьці.

Як паведамілі ў Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны, на адным з ровенскіх прадпрыемстваў у прысутнасьці прадстаўнікоў фіскальных органаў спалілі 15 тысяч пачак нелегальных тытунёвых вырабаў.

За апошні месяц украінскія памежнікі спынілі некалькі спробаў перамяшчэньня кантрабанды беларускага тытуню ва Ўкраіну:

  • 23 верасьня на тэрыторыі ўкраінскага пункту пропуску «Новыя Ярылавічы» (Чарнігаўская вобласьць) памежнікі канфіскавалі чарговую партыю цыгарэт зь Беларусі і грузавы аўтамабіль, у якім грамадзянін Украіны спрабаваў перавезьці кантрабанду. Памежнікі ацанілі вартасьць канфіскаванага ў 100 тысяч грыўняў (амаль 4 тысячы даляраў у эквіваленце).
  • 20 верасьня ў Валынскай вобласьці затрымалі 2,5 тысячы пачкаў беларускіх цыгарэт.
  • 16 верасьня таксама ў Валынскай вобласьці — 7 тысяч пачкаў цыгарэт.

Як паведамілі Свабодзе ў Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны, сёлета за паўгода на беларуска-ўкраінскай мяжы папярэдзілі незаконны ўвоз на тэрыторыю Ўкраіны 100 тысяч пачкаў беларускіх цыгарэт.

Паводле дасьледаваньня маркетынгавай кампаніі Kantar (Кіеў), якая ажыцьцяўляе маніторынг нелегальнага гандлю тытунёвымі вырабамі ва Ўкраіне, у 2020 годзе доля беларускага кантрабанднага тытуню на ўкраінскім рынку складала 14%, а ў першай палове 2021-га яна павялічылася да 42%. І гэта прадукцыя Горадзенскай тытунёвай фабрыкі пад маркамі Фэст, NZ і Credo.

У той жа час, згодна з дасьледаваньнем, ва Ўкраіне істотна павялічылася частка кантрафактнай тытунёвай прадукцыі, якая вырабляецца на падпольных фабрыках, і яшчэ больш — цыгарэт, якія не маркуюцца акцызнымі маркамі і прадугледжаныя для крамаў бязмытнага гандлю, так званага Duty Free Only.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG