Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ААН Байдэн заявіць пра непрымальнасьць «халоднай вайны» зь любой краінай сьвету


Джо Байдэн

У сваім першым выступе перад Генэральнай Асамблеяй ААН прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн сфакусуецца на дыпляматыі і супрацоўніцтве, паведамілі ў адміністрацыі Байдэна.

У сваім першым выступе ў якасьці кіраўніка дзяржавы на Генэральнай Асамблеі ААН прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн будзе адстойваць свой шматбаковы падыход і прасоўваць арыентаваны на дыпляматыю сьветапогляд. Пра гэта паведамілі прадстаўнікі адміністрацыі.

«Гэта важны і значны тыдзень для прэзыдэнта Байдэна і яго лідэрства на сусьветнай арэне, а таксама для прасоўваньня некаторых важных прыярытэтаў у рэчышчы нацыянальнай бясьпекі Амэрыкі і сьвету і працьвітаньня ва ўсім сьвеце», — цытуе «Голас Амэрыкі» высокапастаўленага прадстаўніка адміністрацыі.

Паводле выданьня, тТакая пазыцыя ашаламляльна кантрастуе з дактрынай «Амэрыка перш за ўсё», якую рэалізоўваў ягоны папярэднік Дональд Трамп.

Штогадовыя агульныя дэбаты даюць удзельнікам Генэральнай Асамблеі магчымасьць абмеркаваць праблемы рэгіянальнага і глябальнага значэньня.

У панядзелак увечары Байдэн адправіўся ў Нью-Ёрк, каб асабіста зьвярнуцца прыкладна да 100 кіраўнікоў дзяржаў у штаб-кватэры ААН і сустрэцца падчас асамблеі з прэм’ер-міністрам Аўстраліі Скотам Морысанам.

На мінулым тыдні ЗША, Аўстралія і Вялікая Брытанія абвясьцілі пра пагадненьне, якое прадугледжвае перадачу Аўстраліі амэрыканскіх тэхналёгій, зьвязаных са стварэньнем атамных падводных лодак, і досьведу брытанскіх ВМС, каб дапамагчы гэтай краіне супрацьстаяць пагрозам у Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне.

Многія аналітыкі ўбачылі ў гэтым кроку спробу супрацьстаяць росту ўплыву Кітаю ў рэгіёне.

У ААН Байдэн таксама раскажа пра сваё неадназначнае рашэньне вывесьці войскі з Афганістану, што, паводле яго, зьяўляецца часткай намаганьняў у пераарыентацыі ўвагі адміністрацыі на рэальнага суперніка — Кітай.

У нядзелю генэральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш заклікаў ЗША і Кітай прадухіліць тое, што ён назваў патэнцыйнай «халоднай вайной», і заклікаў дзьве краіны выправіць свае «цалкам разладжаныя» адносіны.

«Я б не пагадзілася з такой характарыстыкай гэтых адносін», — сказала прэс-сакратар Белага дома Джэн Псакі.

«Заўтра прэзыдэнт выступіць з прамовай на Генэральнай Асамблеі ААН, і ён абсалютна выразна дасьць зразумець, што не зьбіраецца весьці ў будучыні „халодную вайну“ ні з адной краінай сьвету», — дадала яна.

Высокапастаўлены прадстаўнік адміністрацыі Байдэна заявіў, што прэзыдэнт закране гэтыя тэмы ў сваім выступе ў аўторак раніцай.

«Цэнтральным тэзісам ягонага выступу стане тое, што мы закрываем разьдзел 20-гадовай вайны і адкрываем разьдзел інтэнсіўнай дыпляматыі, абʼядноўваючы саюзьнікаў, партнэраў і інстытуты для вырашэньня асноўных праблемаў нашага часу, — сказаў ён. — Энэргічная канкурэнцыя зь вялікімі дзяржавамі, але ня новая „халодная вайна“».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG