Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чарговыя праявы антыўкраінскіх дзеяньняў». МЗС Украіны патрабуе вызваліць свайго грамадзяніна


Будынак Міністэрства замежных спраў Украіны

Міністэрства замежных спраў Украіны лічыць незаконным асуджэньне на тры гады пазбаўленьня волі грамадзяніна Ўкраіны Міхайлы Феранца і патрабуе ад беларускіх уладаў тэрмінова яго вызваліць.

20 верасьня суд Заводзкага раёну Менску асудзіў грамадзяніна Ўкраіны Міхайлу Феранца на тры гады пазбаўленьня волі за нібыта ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці.

«Сапраўдных доказаў віны грамадзяніна Ўкраіны ў судзе не паказалі. Сваю віну Міхайла Феранец не прызнаў і праз адваката плянуе падаваць апэляцыю. Лічым справу Міхайлы Феранца палітычна матываванай, а вырак несправядлівым і супрацьпраўным. Бяздоказнае абвінавачаньне і неправавое асуджэньне грамадзяніна Ўкраіны зьяўляюцца чарговымі праявамі антыўкраінскіх дзеяньняў Менску», — адзначаецца ў заяве МЗС Украіны.

У зьнешнепалітычным ведамстве Ўкраіны асобна зьвярнулі ўвагу на тое, што суд не залічыў сем месяцаў знаходжаньня ўкраінца ў сьледчым ізалятары ў агульны тэрмін пакараньня.

«Справа Міхайлы Феранца — чарговы прыклад беларускага „правасудзьдзя“, у выніку якога за кратамі апынуліся дзясяткі і сотні мясцовых журналістаў і праваабаронцаў, грамадзкіх актывістаў, праграмістаў, студэнтаў і звычайных грамадзян Беларусі. Патрабуем тэрмінова вызваліць грамадзяніна Ўкраіны Міхайлу Феранца. Працягнем абараняць ягоныя інтарэсы ўсімі даступнымі сродкамі», — адзначаецца ў заяве МЗС Украіны.

Адначасова Кіеў заклікаў уладу ў Беларусі спыніць рэпрэсіі супраць грамадзян, вярнуцца на шлях дэмакратычнага разьвіцьця, вызваліць усіх палітычных вязьняў і пачаць інклюзіўны дыялёг з усімі прадстаўнікамі беларускага грамадзтва.

«Украіна пасьлядоўна падтрымлівае незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі, а таксама памкненьні беларускага народу жыць у свабоднай, дэмакратычнай, эўрапейскай дзяржаве, у якой улічваецца голас кожнага грамадзяніна», — заявілі ў МЗС Украіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG