Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня пачынаецца кінафэстываль «Паўночнае зьзяньне». У праграме 5 беларускіх фільмаў


З 20 па 30 верасьня фэстываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае зьзяньне» прадстаўляе сучасныя вострасацыяльныя фільмы. Фэстываль адбудзецца сёмы раз — ужо другі раз ён пройдзе онлайн.

Сёлета ў праграму ўвайшлі 24 фільмы: зь іх 19 са Швэцыі, Даніі, Фінляндыі, Ісьляндыі, Нарвэгіі, Літвы, Латвіі і Эстоніі, а таксама 5 фільмаў беларускіх творцаў.

Беларусы цяпер ствараюць кіно і ў Польшчы, і ў Францыі, і ў Бэльгіі, і ў Эстоніі, і ў ЗША. У «беларускай» праграме 2021 году будуць наступныя фільмы:

«Тата», Польшча, 2020, Марыя Якімовіч

У сваёй аўтабіяграфічнай хроніцы Марыя Якімовіч спрабуе зразумець жудасныя мэтамарфозы свайго бацькі. У фільме выкарыстаныя старыя фатаздымкі, сямейная VHS-хроніка, аб’яднаныя ў аўтарскае выказваньне з дапамогай тэхнікі каляжу.

«Агульная мова», Эстонія, Беларусь, 2020, Воля Чайкоўская

Рэжысэрскі дэбют заснавальніцы «Паўночнага зьзяньня» Волі Чайкоўскай. У адзін са сваіх прыездаў у бацькоўскую хату ў Віцебску яна паставіла камэру і запісала свае размовы з бацькамі.

«Тры таварышы», Расея, Беларусь, 2020, Уладзімер Уладзімеравіч Казлоў

Адзін дзень з жыцьця Глеба, Улада і Гошы, маладых супрацоўнікаў аддзелу продажаў аптовай кампаніі. Уладзімер Казлоў, ураджэнец Магілёва, які ўжо даўно жыве ў Маскве, паказвае ў нечым небясьпечнае, а ў нечым агіднае ў сваім натуралізьме падарожжа.

«Кунашыр», Францыя, 2021, Уладзімер Георгіевіч Казлоў

Гісторыя француза зь беларускімі каранямі Ўладзімера Казлова (у беларускай праграме сёлета два рэжысэры з аднолькавымі імем і прозьвішчам). Фільм пра адзін з Курыльскіх астравоў. Да 1946 году там жылі японцы і айны, але аднойчы іх выселілі савецкія ўлады. Цяпер на востраве жывуць рыбакі і памежнікі.

«Сойка», ЗША, 2020, Анастасія Сергіеня

«Сойка» — аўтабіяграфічная карціна менскай рэжысэркі Анастасіі Сергіені. Мігранцкі Нью-Ёрк вачыма беларускі Ганны.

Выбіраў беларускія фільмы для «Паўночнага зьзяньня» кінакрытык Антон Сідарэнка. Вось ягоны відэазварот:

Усе стужкі можна будзе глядзець ня толькі на дэсктопах, але і на мабільных прыладах iOS праз мабільную аплікацыю фэстывалю. Купіць пакеты на блёкі праграмы і на канкрэтныя фільмы можна на сайце фэстывалю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG