Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незнаёмец вярнуў сям’і палітзьняволенай мабільнік, куплены ў краме канфіскату


Палітзьняволеная Ларыса Танкашкур.

Сям’і палітзьняволенай Ларысы Танкашкур, якая адбывае пакараньне за выдаваньне дадзеных міліцыянтаў, вярнулі ейны мабільны тэлефон.

Гэта зрабіў з добрых пачуцьцяў незнаёмы Ларысе чалавек, кажуць сваякі палітзьняволенай.

Мабільнік Ларысы Танкашкур быў канфіскаваны ў палітзьняволенай пасьля завядзеньня на яе крымінальнай справы. Тэлефон канфіскавалі паводле прысуду і пазьней выставілі на продаж у краме канфіскату. Але цяпер ён зноў у доме Ларысы Танкашкур і чакае яе вяртаньня зь вязьніцы.

«Пазваніў невядомы чалавек. Сказаў, што купіў гэты мабільнік у краме канфіскату, мой нумар захаваўся, і ён яго набраў, каб проста высьветліць гісторыю таго тэлефона. А як даведаўся, чый гэта мабільны, дык сам прапанаваў, што верне яго без усялякіх умоваў. Мабільнік ужо дома. Вось такая ў нас добрая навіна. Ларыса вернецца, а тэлефон яе ўжо чакае, можна будзе хутка зьвязацца з усімі людзьмі, зь якімі раней яна кантактавала», — паведаміла сваячка Ларысы Танкашкур.

Паштарка зь Менску Ларыса Танкашкур зь ліпеня адбывае трохмесячнае зьняволеньне за выдаваньне прыватных зьвестак міліцыянтаў, якія пражываюць на ўчастку, дзе яна працавала. На судзе Ларыса Танкашкур патлумачыла свой учынак абурэньнем дзеяньнямі сілавікоў, якія білі пратэстоўцаў. Жанчына цалкам прызнала віну.

Адбывае пакараньне Ларыса Танкашкур у Баранавіцкім арыштным доме, які знаходзіцца на тэрыторыі Баранавіцкага СІЗА. У першыя два месяцы арышту ў палітзьняволенай былі праблемы зь ліставаньнем. Таксама на ўмовах адбыцьця пакараньня адбілася тое, што яе адразу прызналі «схільнай да экстрэмізму».

Днямі сваякі атрымалі ад яе чарговы ліст.

«Пісаць асабліва няма пра што. Галоўнае, што калектыў у камэры падабраўся добры, мне пашанцавала. Але час ідзе марудна, хоць і ёсьць пра што пагаварыць. Гуляем у шашкі, чытаю кнігі. Выводзяць на прагулкі і ў душ, стаўленьне да нас добрае. Усё астатняе пры сустрэчы абмяркуем», — напісала Ларыса ў апошнім лісьце сваякам.

Тэрмін арышту для Ларысы Танкашкур заканчваецца 30 верасьня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG