Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паплечніка Бабарыкі з Магілёва асудзілі за махлярства і перавышэньне паўнамоцтваў


Уладзімер Дудараў у бытнасьць намесьніка кіраўніка Магілёўскага гарвыканкаму, архіўнае фота.

Палітвязьня Ўладзімера Дударава, у мінулым аднаго з кіраўнікоў Магілёва і паплечніка зьняволенага прэтэндэнта ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі, пакаралі калёніяй тэрмінам на 7 гадоў і 6 месяцаў.

Як інфармуюць праваабаронцы, 20 верасьня старшыня суду Чавускага раёну Алена Каралько прызнала Ўладзімера Дударава вінаватым у злачынствах, прадугледжаных ч. 3 арт. 426 (перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў) і ч. 4 арт. 209 (махлярства) Крымінальнага кодэксу, і прысудзіла 7,5 года няволі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з забаронай на 5 гадоў займаць пэўныя пасады.

Уладзімер Дудараў знаходзіцца пад вартай з 11 чэрвеня 2020 году, сваёй віны не прызнаў.

Згодна з матэрыяламі справы, былы чыноўнік незаконна пераабсталяваў у жылое памяшканьне частку паверха шматпавярховага дома ў Магілёве, дзе пражывае зь сям’ёй. Страты ацэньваюцца ў 41 381 рублёў.

У справе фігураваў і дом бацькі абвінавачанага — нібыта без адпаведнай дазвольнай дакумэнтацыі яго адбудавалі наноў, а не адрамантавалі. Паводле абвінавачаньня, зрабіць гэта ўдалося дзякуючы злоўжываньню службовымі паўнамоцтвамі ў бытнасьць Уладзімера Дударава намесьнікам старшыні гарвыканкаму.

Справа аб пераабсталяваньні тэхнічнага паверха ў 2016 годзе ўжо разглядалася ў судовым парадку і яе спынілі праз адсутнасьць складу адміністрацыйнага парушэньня. Думкі экспэртаў адносна пабудовы нібыта новага дома разышліся. Маці Уладзімера Дударава сьцьвярджала, што гаворка пра спадчыну мужа ад яго бацькоў, ніхто нічога ня зносіў.

Уладзімер Дудараў ня першы з магілёўскіх чальцоў ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, хто трапіў пад крымінальны перасьлед.

Летась у чэрвені затрымалі кіраўніка абласной дырэкцыі «Белгазпрамбанку» Сяргея Кармызава. 26 лютага суд Кастрычніцкага раёну Магілёва асудзіў яго на 3 гады калёніі агульнага рэжыму за перавышэньне службовых паўнамоцтваў з нанясеньнем шкоды ў буйным памеры — нібыта незаконна выдаў крэдыт на 75 тысяч рублёў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG