Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Непрымальна для ўсіх дэмакратычных краінаў». У Грузіі незадаволеныя акрэдытацыяй беларускай дэлегацыі назіральнікам на выбарах


Акцыя пратэсту ў Батумі супраць прыезду прадстаўнікоў ЦВК Беларусі на выбары.

Апазыцыя ў Грузіі лічыць гэта непрымальным, а беларуская дыяспара — «цынізмам».

Беларусы, якія жывуць у Грузіі, запатрабавалі ад грузінскага Цэнтрвыбаркаму ануляваць акрэдытацыю беларускай дэлегацыі на выбарах у органы мясцовага самакіраваньня і правялі ў Тбілісі акцыю пратэсту, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Па словах пратэстоўцаў, яны лічаць «цынізмам» прысутнасьць у якасьці міжнародных назіральнікаў прадстаўнікоў беларускага ЦВК, які на працягу многіх гадоў фальсыфікуе выбары ў Беларусі і супраць супрацоўнікаў якога дзейнічаюць міжнародныя санкцыі.

Грузінскія апазыцыянэры падтрымалі патрабаваньне грамадзянаў Беларусі, многія зь якіх вымушаны хавацца ў Грузіі ад перасьледу рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Апанэнты грузінскіх уладаў сьцьвярджаюць, што ЦВК Грузіі знаходзіцца ў падначаленьні ў кіруючай «Грузінскай мары», якая спрабуе пашырыць колькасьць міжнародных назіральнікаў на выбарах за кошт недэмакратычных краінаў. Апазыцыянэры настойваюць, што тым самым улады паспрабуюць заручыцца станоўчымі водгукамі пра выбары — нават у выпадку іх фальсыфікацыі.

У грузінскім ЦВК у адказ на абвінавачваньні заявілі, што дзейнічаюць згодна з заканадаўствам, а не па палітычных меркаваньнях, і заклікалі крытычна настроеных грамадзян «не маніпуляваць» дадзенай тэмай.

Праваабаронцы, аднак, нагадваюць: нягледзячы на тое, што грузінскае заканадаўства аб рэгістрацыі назіральнікаў досыць лібэральнае, у ім гаворыцца аб недапушчальнасьці рэгістраваць у якасьці назіральнікаў парушальнікаў правоў чалавека.

«ЦВК Беларусі сфальсыфікаваў вынікі выбараў, і гэта пацягнула за сабой чалавечыя ахвяры, затрыманьні, перасьлед людзей. Да таго ж кіраўніца ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына — у санкцыйным сьпісе ЭЗ. Пра што тут яшчэ казаць? Таму я лічу гэта ўсё ж такі палітычным рашэньнем», — заявіла СМІ выканаўчы дырэктар «Міжнароднага таварыства за справядлівыя выбары і дэмакратыю» Ніно Далідзэ.

Нягледзячы на тое, што старшыня Цэнтрвыбаркаму Беларусі Лідзія Ярмошына афіцыйна зарэгістраваная ў дакумэнтах грузінскага ЦВК у якасьці назіральніка на муніцыпальных выбарах, беларускі ЦВК заявіў, што Ярмошына не плянавала прысутнічаць на грузінскіх выбарах і што ў Грузію 2 кастрычніка прыедуць два іншых супрацоўніка ЦВК Беларусі.

Лідэр апазыцыйнага руху «Час» Эленэ Хаштарыя канстатуе: калі да выбараў мінулага года ў Беларусі быў «цяжкі рэжым», то пасьля іх ён стаў «агрэсыўна дыктатарскім», гэта значыць катэгарычна непрымальным для ўсіх дэмакратычных краінаў і для тых, што імкнуцца стаць дэмакратычнымі.

«Немагчыма разглядаць дадзены факт паасобку, гэта ланцуг шэрагу прарасейскіх рашэньняў нашых уладаў, пачынаючы з падпісаньня пагадненьня аб супрацоўніцтве Камітэта дзяржбясьпекі Беларусі і Службы дзяржбясьпекі Грузіі. Прычым Беларусь нядаўна інтэгравала гэтую сфэру з Расіяй, так што зараз ужо мы наўпрост падлучаныя да РФ. Гэта таксама інтэнсыфікацыя авіязносін з Беларусьсю, у той час як увесь сьвет прыпыніў паветраную сувязь з гэтай краінай... усё гэта паказвае якія прыярытэты ў нашага кіраўніцтва», — адзначае Хаштарыя.

Іншы грузінскі апазыцыянэр, Зураб Гірчы Джапарыдзэ, нагадвае, што нягледзячы на магчымыя «задумы» кіруючай «Грузінскай мары», за выбарамі 2 кастрычніка будуць назіраць шматлікія дэлегацыі з АБСЭ, ЗША, і краін ЭЗ, колькасьць якіх у любым выпадку перавысіць тых назіральнікаў, чыя сумленнасьць можа выклікаць пытаньні.

«У краіне ўжо знаходзіцца доўгатэрміновая місія назіральнікаў АБСЭ, да якіх дададуцца назіральнікі з кароткатэрміновай місіі, у выніку, у краіне будзе 350 назіральнікаў толькі ад АБСЭ, таксама будуць назіральнікі з розных структур ЭЗ і ЗША, так што колькасна назіральнікаў будзе прыблізна ў пятнаццаць разоў больш, чым на парлямэнцкіх выбарах у мінулым годзе. Адпаведна, улады дарэмна спадзяюцца, гульні гэтым разам дакладна ня пройдуць», — падкрэсьлівае Джапарыдзэ.

  • Выбары ў органы мясцовага самакіраваньня заплянаваныя ў Грузіі на 2 кастрычніка. Гэтыя выбары атрымалі дадатковае значэньне, паколькі ў красавіку, падпісаўшы пагадненьне з апазыцыяй пры пасярэдніцтве ЭЗ, улады абяцалі правесьці пазачарговыя парлямэнцкія выбары ў тым выпадку, калі на выбарах 2 кастрычніка кіруючая «Грузінская мара» набярэ менш за 43% галасоў. Пасьля гэтага, 28 ліпеня, партыя ўлады заявіла, што адмаўляецца ад гэтага абавязацельства, так як частка апазыцыі, у прыватнасьці самая буйная апазыцыйная партыя — «Адзіны нацыянальны рух», так і не падпісала пагадненьне, вядомае як «пагадненьне прэзыдэнта ЭЗ Шарля Мішэля».
  • У выніку партыя ўсё ж падпісала пагадненьне 2 верасьня, але партыя ўлады сказала, што гэта трэба было зрабіць своечасова і што зараз «Грузінская мара» ня мае намеру мяняць свайго рашэньня. Нягледзячы на тое, што ўлады заявілі аб выхадзе з «пагадненьня Мішэля», апазыцыя працягвае называць выбары 2 кастрычніка «рэфэрэндумам».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG