Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Іране заявілі, што надалей будуць забараняць спартоўцам спаборнічаць з прадстаўнікамі Ізраілю


Алі Хамэнэі

Вярхоўны лідэр Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў спартоўцам краіны, што яны павінны працягваць унікаць сустрэч на спартовых пляцоўках з атлетамі Ізраілю.

Нават пагроза дыскваліфікацыі не павінна гэтаму замінаць, лічыць аятала.

«Любы іранскі спартовец, варты гэтага імя, ня можа паціснуць руку прадстаўніку крымінальнага рэжыму толькі каб заваяваць мэдаль», — сказаў Алі Хамэнэі на прыёме ў гонар іранскіх прызэраў Гульняў у Токіо, які адбыўся ў Тэгеране 18 верасьня.

Аятала заявіў, што Захад спрабуе здабыць легітымнасьць для «генацыднага, незаконнага сыянісцкага рэжыму» на міжнароднай арэне дзякуючы спартовым спаборніцтвам.

На Алімпійскіх гульнях у Токіо атлеты Ірану заваявалі 7 мэдалёў, у тым ліку 3 залатыя. На сёлетняй Паралімпіядзе ў іранцаў 24 мэдалі.

Іран не прызнае дзяржаву Ізраіль і аказвае ціск на сваіх спартоўцаў з тым, каб яны ўнікалі сустрэч з ізраільцянамі. Самым вядомым выпадкам зьяўляецца гісторыя дзюдаіста Саіда Малаеі, які ў 2019 годзе праз ціск нацыянальнай фэдэрацыі вымушана зьняўся з чэмпіянату сьвету, каб не сустрэцца на наступным этапе з прадстаўніком Ізраілю. Спартовец не ўхваліў рашэньня ўладаў сваёй краіны і адмовіўся вяртацца на радзіму, пачаўшы выступаць за Манголію, для якой заваяваў у Токіо срэбны мэдаль. Фэдэрацыю дзюдо Ірану за ціск на спартоўца адлучылі ад усіх турніраў на 4 гады.

Іранцы — не адзіныя атлеты ў сьвеце, якія адмаўляюцца ад сустрэч з ізраільцянамі. На Алімпійскіх гульнях сёлета прадстаўнік Альжыру Фэтхі Нурын зьняўся са спаборніцтваў у дзюдо, каб у наступным раўндзе пазьбегчы патэнцыйнай сустрэчы зь дзюдаістам Ізраілю. За гэта альжырца часова дыскваліфікавалі, забараніўшы выступаць у міжнародных спаборніцтвах.

У Ізраілі, у сваю чаргу, такіх абмежаваньняў не існуе. Спартовыя ўлады краіны не заяўлялі пра адмову сустракацца з іранскімі атлетамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG