Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рома, яны ўсё адно сядуць


«Двор перамен» каля дома, дзе жыў Раман Бандарэнка. 15 лістапада 2020 году

Цуду не адбылося, і расьсьледаваньне ў крымінальнай справе па факце сьмерці Рамана Бандарэнкі прыпынілі. Ня тое каб я надта спадзявалася, што будзе сапраўднае афіцыйнае расьсьледаваньне і што людзі, якія літаральна да сьмерці зьбілі маладога моцнага мужчыну, сядуць у турму. У Беларусі за такое больш не саджаюць, і мы за апошні год добра гэта вывучылі. Але я адмаўляюся звыкацца з такім.

У найлепшых традыцыях карціны сьвету «і што вы нам зробіце?» Генэральная пракуратура заявіла, што расьсьледаваньне прыпынена, бо яна дагэтуль ня вызначыла асобу злачынцы. У такія моманты мне здаецца, што яны натуральна зьдзекуюцца і правяраюць, дзе ж той пункт невяртаньня, пасьля якога цярпеньне беларусак і беларусаў па-сапраўднаму лопне. Пакуль ня лопнула. Вось пракуратура і спрабуе новыя гарызонты, так бы мовіць.

Кібэрпартызаны і былыя сілавікі збольшага ўсё раскрылі ў першы месяц пасьля нападу на Рамана. Вядома ж, у журналісцкіх матэрыялах мы прытрымліваемся этычных стандартаў і не займаемся непасрэдным абвінавачваньнем асобных людзей. Мы пішам «аўдыёзапіс з галасамі, падобнымі да галасоў Баскава, Эйсмант і Шакуты». Але рэжым Лукашэнкі шмат гадоў вучыў нас падыходу «Ну вы ж самі ўсё разумееце», і цяпер нашая чарга сказаць гэтыя словы.

Ну вы ж самі ўсё разумееце...

Цудоўна разумееце, што ўся справа Бандарэнкі падрабязна задакумэнтаваная. Што праведзена фанаскапічная экспэртыза аўдыё, на якім двое мужчын абмяркоўваюць дэталі зьбіцьця Рамана, і што гэтая экспэртыза пастанавіла: галасы належаць Дзьмітрыю Баскаву і Дзмітрыю Шакуту.

Разумееце, што Раман Бандарэнка ня быў п’яны, калі яго зьбівалі, і што прысуды Кацярыне Барысевіч, Арцёму Сарокіну, Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай — выключна палітычныя. І што ўсе людзі, датычныя іх выракаў, парушылі закон.

Вы мусіце разумець, што ўсе дакумэнты і доказы, датычныя справы Бандарэнкі, знаходзяцца ў бясьпечным месцы, і што аднойчы іх перададуць новаму сьледзтву. І вы ж разумееце, што лёгка можаце стаць наступным Раманам Бандарэнкам, калі «нешта пойдзе ня так». Нічога асабістага, вы ж самі разумееце...

Мне страшна нават уявіць, у якім пекле жывуць родныя Рамана ўсе гэтыя месяцы пасьля ягонага забойства. І так, я разумею, што ў любым выпадку гэта хутчэй за ўсё прызнаюць не забойствам, а нанясеньнем цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, якія па неасьцярожнасьці прывялі да сьмерці чалавека. Але гэта важна для судовага разбіраньня. Я ж хачу проста па-чалавечы называць рэчы сваімі імёнамі.

Чалавек, які выйшаў негвалтоўна абараняць важнае для яго месца, за што быў зьбіты так моцна, што памёр менш чым праз суткі, варты таго, каб пра яго сьмерць казалі ўсё як ёсьць. І дакладна варты таго, каб людзі, якія пазбавілі яго жыцьця, адказалі за гэтае злачынства.

Рома, гэта яшчэ не канец. Яны абавязкова сядуць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG