Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская пра праграмы інтэграцыі з Расеяй: Лукашэнка ня мае паўнамоцтваў заключаць зьдзелкі ад імя народу


Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота

Сьвятлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у онлайн-канфэрэнцыі эканамічнай пляцоўкі «Беларуска-расейскі экспэртны дыялёг». Сама яна цяпер у Парыжы, дзе сустракаецца з францускімі палітыкамі і грамадзкімі дзеячамі.

Сьвятлана Ціханоўская падкрэсьліла важнасьць эканамічных стасункаў Беларусі і Расеі, але пры гэтым адзначыла: улады Беларусі сваёй палітыкай давялі сытуацыю да такога стану, што ўсходні напрамак застаўся безальтэрнатыўным.

«У той час як Лукашэнка падпісвае „дарожныя мапы інтэграцыі“, беларусы працягваюць адстойваць сувэрэнітэт, якім ён бессаромна гандлюе.

Таму я хачу нагадаць, што новая ўлада можа не прызнаць дамоўленасьці Лукашэнкі пасьля 5 лістапада 2020 году, бо гэта дамоўленасьці чалавека, які нелегітымна ўтрымлівае ўладу тэрорам і больш ня мае паўнамоцтваў выступаць і заключаць зьдзелкі ад імя народу.

Ня ведаю, на што разьлічваюць у Крамлі, ведучы зь ім перамовы... Пры новай уладзе больш ня будзе закулісных угодаў, вядомых толькі вузкаму колу асобаў. Нельга, каб лёс краіны і яе народу залежаў ад прыхамаці аднаго чалавека. Уся дзейнасьць павінна кіравацца законам і быць абсалютна адкрытай для грамадзтва», — заявіла Ціханоўская.

Паводле падлікаў эканамічнага блёку Офіса Сьвятланы Ціханоўскай, за 27 гадоў пры ўладзе рэжым Лукашэнкі змарнаваў 150 млрд даляраў, якія Расея ўклала наўзамен на ляяльнасьць.

Пакуль Лукашэнка і ягонае атачэньне набіваюць кішэні, даўгі па рахунках дастаюцца ўсёй краіне, мяркуе Сьвятлана Ціханоўская.

«Беларуска-расейскі экспэртны дыялёг» — пляцоўка для абмену думкамі і досьведам паміж эканамістамі зь Беларусі і Расеі. Часткай ініцыятывы таксама ёсьць аднайменны цыкль сэмінараў, прысьвечаны абмеркаваньню бягучых і будучых праблемаў і магчымасьцяў у адносінах паміж дзьвюма краінамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG