Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка і новы прэзыдэнт Ірану абмеркавалі досьвед жыцьця пад заходнімі санкцыямі


Аляксандар Лукашэнка і Эбрагім Раісі.

Сустрэча адбылася ў Душанбэ, дзе прайшоў саміт АДКБ і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

Аляксандар Лукашэнка ў Душанбэ сустрэўся з новаабраным прэзыдэнтам Ірану Эбрагімам Раісі, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

У час сустрэчы яны ўдзялілі асаблівую ўвагу заходнім санкцыям, якія дзейнічаюць супраць абедзьвюх дзяржаў. Лукашэнка адзначыў, што Беларусь «заўсёды жыла пад санкцыямі, але тым, хто ўводзіў супраць краіны абмежавальныя захады, гэта не прыносіла ніякага эфэкту».

«Калі санкцыі і прыносілі нейкую шкоду Беларусі, Ірану, іншым краінам, дык толькі таму, што мы самі ў гэтым вінаватыя. Мы не заўсёды былі дамоваздольнымі, не заўсёды знаходзілі той шлях, па якім павінны былі прайсьці ва ўмовах санкцыйнага ціску. Таму ўсё ў нашых руках».

Эбрагім Раісі сказаў, што бачыць у Беларусі «прагрэс у сацыяльна-эканамічным разьвіцьці», на ягоную думку, разьвіваецца таксама і Іран.

«Самі амэрыканцы заўжды прызнаюць той факт, што палітыка максымальнага ціску не спрацоўвае. Мы лічым, што санкцыі ня могуць прыпыніць рух Ірану наперад».

Таксама на сустрэчы Раісі і Лукашэнка прызналі, што цяперашні ўзровень двухбаковых адносін дзяржаў «не адпавядае патэнцыялу».

Што трэба ведаць пра санкцыі супраць Ірану

У 2004 годзе ў Іране выявілі цэнтрыфугі для ўзбагачэньня ўрану, якія не знаходзіліся пад кантролем МАГАТЭ. Краіны Захаду абвінавацілі Іран у імкненьні атрымаць ядзерную зброю.

У 2006–2010 гадах санкцыі супраць Ірану ўвяла ААН. Яны прадугледжвалі забарону на імпарт у Іран ядзерных тэхналёгій і матэрыялаў і на пазыкі, а таксама на экспарт і імпарт шэрагу ўзбраеньняў і замарожваньне рахункаў некаторых фізычных асобаў і кампаній. У 2007 годзе падобныя санкцыі ўвёў і Эўразьвяз. Увесь час гэтыя санкцыі пашыраліся.

Экспэрты лічаць, што менавіта санкцыі прымусілі Іран сесьці за стол перамоваў у 2015 годзе. У 2016 годзе Іран пацьвердзіў выкананьне абавязаньняў і пагадзіўся перадаць сваю ядзерную дзейнасьць пад кантроль МАГАТЭ на 25 гадоў.

Эўразьвяз адмяніў частку санкцый. Тагачасны прэзыдэнт ЗША Барак Абама таксама падпісаў указ аб іх зьмякчэньні. Наступны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп праводзіў палітыку для аднаўленьня санкцыяў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG