Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта зьмена аднаго акупацыйнага рэжыму іншым». Украінскі гісторык расказаў, як ва Ўкраіне ставяцца да 17 верасьня


Савецкі танк Т-28 на вуліцы Львова, верасень 1939

Падзеі, якія адбыліся 17 верасьня 1939 году, зьмянілі геаграфічную мапу Ўсходняй Эўропы. Тады Чырвоная армія, скарыстаўшыся нападам нацысцкай Нямеччыны на Польшчу, без абвяшчэньня вайны ўварвалася на тэрыторыю Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Гэтыя землі ў міжваенны пэрыяд знаходзіліся ў складзе Польшчы.

Тыя падзеі нібыта аб’ядноўваюць гісторыю трох краін, але кожная зь іх ацэньвае гэтую гісторыю па-свойму. У Беларусі на 17 верасьня ўлады прызначылі «Дзень народнага адзінства». Ці быў ён такім па сутнасьці 82 гады таму і зь якіх прычын ва Ўкраіне гэты дзень ня лічаць аб’яднаўчым, Свабодзе расказаў гісторык, супрацоўнік Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці Паўло Падабед.

«Залаты верасень»

Паўло Падабед кажа, што ніколі ні ў навуцы, ні ў жыцьці не сутыкаўся з ацэнкамі падзей 17 верасьня 1939 году як дня вяртаньня, саборнасьці ці аб’яднаньня ўкраінцаў.

Паўло Падабед на адной зь беларускіх акцыяў у Кіеве, 18 ліпеня 2020 году
Паўло Падабед на адной зь беларускіх акцыяў у Кіеве, 18 ліпеня 2020 году

«Разьдзяленьне ўкраінскіх земляў Збручам на Вялікую і Заходнюю Ўкраіну існавала ў міжваенны пэрыяд не празь міжусобіцы ці нязгоду між украінцамі або праз адметнасьці ў канфэсійнай культуры, як гэта даволі часта намагаецца навязаць расейская прапаганда. Гэта вынік паразы першых вызваленчых змаганьняў украінцаў, вынік перамогі Чырвонай арміі і адступленьня арміі Ўкраінскай Народнай Рэспублікі на захад, яе інтэрнаваньня ў Польшчы і, адпаведна, — акупацыі большасьці ўкраінскіх зямель Чырвонай арміяй у лістападзе 1920 году, а Польшчай — заходніх украінскіх зямель», — расказвае гісторык.

Паводле яго, ва Ўкраіне навукоўцы, краязнаўцы, дасьледчыкі і звычайныя грамадзяне часьцей называюць гэтыя падзеі «залатым верасьнем».

«Для нас гэта зьмена аднаго акупацыйнага рэжыму іншым, і дзеля справядлівасьці варта сказаць, што той рэжым, які прынесла Чырвоная армія на тэрыторыю Галічыны і Валыні, істотна адрозьніваўся ад польскай акупацыі. У межах польскай дзяржавы ўкраінцы мелі шмат няхай і абмежаваных, але замацаваных правоў і свабодаў, якімі яны не маглі карыстацца пад бальшавіцкім рэжымам. І гэтая гісторыя датычыць ня толькі Заходняй Украіны ці культуры заходніх украінцаў. Акупацыя гэтых абласьцей Чырвонай арміяй непасрэдна закранула і ўкраінскую інтэлігенцыю, якая ўцякала з Цэнтральнай і Ўсходняй на Заходнюю Ўкраіну ад бальшавікоў».

Паўло Падабед дадаў, што прыход Чырвонай арміі стаў пачаткам паляваньня на ўкраінскую інтэлігенцыю зь першай хвалі палітычнай міграцыі, зьвязаную з арміяй або зь дзяржаўнымі ці навуковымі ўстановамі Ўкраінскай Народнай Рэспублікі.

«Гэтых людзей сыстэматычна вышуквалі савецкія карныя органы і зьнішчалі. Таму нейкіх пазытыўных канатацый я не магу прыгадаць ні са свайго школьнага дзяцінства, ні зь сямейных гісторый ці з расказаў маёй жонкі, якая паходзіць зь зямель, захопленых Савецкім Саюзам у верасьні 1939 году. І нейкіх глярыфікацыйных размоў ці нейкага вызваленчага дыскурсу не існавала. Мы разумеем, што гэты акт быў зацьверджаны сілай зброі Чырвонай арміі і тэрорам, які потым быў на тых тэрыторыях», — падкрэсьліў гісторык.

Паводле яго, пасьля падпарадкаваньня Савецкаму Саюзу на тэрыторыі Заходняй Украіны адбыўся дэмантаж усяго ранейшага ладу жыцьця — ладу, які ператварыў тыя землі ў прытулак для ўцекачоў з Савецкай Украіны.

«Калі параўноўваць рэжымы — польскі на заходнеўкраінскіх землях да верасьня 1939 году і тое, што мела месца пасьля ўварваньня Чырвонай арміі, — то гэта абсалютна розныя плянэты палітычнага жыцьця. Таму што ўкраінцы страцілі магчымасьць палітычнага прадстаўніцтва сваіх інтарэсаў. Пэўныя рады, якія склікаліся на тэрыторыі Заходняй Украіны і абвяшчалі рэзалюцыі пра далучэньне да Савецкага Саюзу, мелі абсалютна дэкляратыўны характар, як і ў балтыйскіх дзяржавах пры акупацыі».

«І галоўнае — разам зь ліквідацыяй палітычнага плюралізму і прадстаўніцтва сваіх палітычных інтарэсаў Галічыну і Валынь пакінулі ня толькі тыя эмігранты, якія ўцякалі раней з Харкава, Адэсы ці Кіева. Уцякала ўжо і мясцовая прафэсура, ня толькі ўкраінская — гэта і палякі, і габрэі, якія былі вымушаныя выехаць са Львова. І гэта вынік ня польскага панаваньня, а прыходу бальшавікоў і Чырвонай арміі», — дадаў Паўло Падабед.

«Ва Ўкраіне 17 верасьня ніколі ня стала б днём адзінства»

Ва Ўкраіне дзень саборнасьці адзначаецца 22 студзеня — у гэты дзень 1919 году аб’ядналіся Ўкраінская Народная Рэспубліка і Заходне-Ўкраінская Народная Рэспубліка.

«Але нават калі б гісторыя склалася інакш, наўрад ці дата 17 верасьня магла б стаць днём адзінства ва Ўкраіне. Бо дагэтуль генэалягічныя гісторыі пэўных сямей перапоўненыя траўмамі савецкай акупацыі», — мяркуе Паўло Падабед.

Паўло Падабед
Паўло Падабед

У гэтым кантэксьце гісторык нагадаў, што пасьля захопу Чырвонай арміяй на Заходняй Украіне гвалтоўна ліквідавалі грэка-каталіцкую царкву.

«Гэта быў фактычна тэрор над галіцкім духавенствам, праз кроў, пагрозы, сьмяротныя пакараньні, прымус інтэлігенцыі падтрымаць ліквідацыю грэка-каталіцкай царквы і пераходзіць да праваслаўнай царквы, што адлюстравалася потым у канфэсійных канфліктах 1989–1991 гадоў на тэрыторыі Заходняй Украіны. Тыя супярэчнасьці і барацьба за храмы — гэта ж былі не багаслоўскія канфлікты і не канфлікты між украінцамі. Гэта вынік акупацыйнай палітыкі, і ў людзей засталося пачуцьцё крыўды і абражанасьці ня толькі на Савецкі Саюз і савецкі рэжым, а і на праваслаўных увогуле», — патлумачыў Паўло Падабед.

Як гэтыя падзеі выкладаюць ва ўкраінскіх школах

Украінскія школьнікі вывучаюць гэты пэрыяд украінскай гісторыі ў 11 клясе.

«Калі 17 верасьня 1939 году Чырвоная армія перайшла (раку) Збруч і ступіла на тэрыторыю Заходняй Украіны, СССР таксама стаў краінай-агрэсаркай. Распачатыя ваенныя дзеяньні цалкам узгадняліся з пунктамі таемнага пратаколу да „пакту Молатава-Рыбэнтропа“. Афіцыйна ж увядзеньне савецкіх войскаў тлумачылася неабходнасьцю абараніць жыцьцё і маёмасьць насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі», — гаворыцца ў падручніку гісторыі Ўкраіны.

Падручнік гісторыі Ўкраіны, старонкі пра падзеі 17 верасьня 1939 году
Падручнік гісторыі Ўкраіны, старонкі пра падзеі 17 верасьня 1939 году

«Каб узаконіць далучэньне заходнеўкраінскіх зямель да УССР, у кастрычніку 1939 году правялі выбары ў Народны сход Заходняй Украіны. Для заходнеўкраінцаў, якія мелі досьвед дэмакратычных выбараў, гэтыя „выбары“ выглядалі фарсам. Усе кандыдаты мусілі быць абавязкова прызнаныя ўладай, належаць да „блёку партыі і народу“. Выбары праводзіліся пад пільным наглядам карных органаў, галасаваць дазвалялася і жаўнерам Чырвонай Арміі, хоць яны не былі грамадзянамі гэтых абласьцей».

«Упершыню за шмат стагодзьдзяў украінскія землі аб’ядналіся ў складзе адзінай дзяржавы. Аднак, павялічваючы свае тэрыторыі, Крэмль, вядома, кіраваўся не ідэяй украінскай саборнасьці, а ідэаламі расейскай імпэрскасьці. Мэханічнае аб’яднаньне ўкраінскіх зямель „па-сталінску“ прывяло не да вырашэньня актуальных пытаньняў украінскага народу, а да страты гістарычных нацыянальна-дэмакратычных дасягненьняў. Гэта выклікала фармаваньне ўкраінскага руху супраціву супраць савецкай улады», — адзначаюць аўтары ўкраінскага падручніка.

Украінская мова ў абмен на «вызваленьне ад калянізацыі»

У падручніку гаворыцца, што савецкае кіраўніцтва стварала з Савецкага Саюзу вобраз вызваліцеля Заходняй Украіны «ад буржуазнага польскага каляніялізму». І каб прасунуць гэтае ўяўленьне ў сьвядомасьць, на захопленых тэрыторыях пачалі ўкраінізацыю — усе двухмоўныя школы і гімназіі пераводзілі на ўкраінскую мову, у Львове пачаў дзейнічаць украінскамоўны тэатар.

«Найгоршае, да чаго прывяла палітыка Савецкага Саюзу, — гэта тое, што пад маркай „украінізацыі“ адбывалася ўніфікацыя культурнага і палітычнага жыцьця. Гэта мэтанакіраваная палітыка Масквы, якую яна выкарыстоўвала ня толькі ва Ўкраіне. Гэтая палітыка рэалізоўвалася і на іншых тэрыторыях Савецкага Саюзу, у тым ліку ў дачыненьні да безьдзяржаўных народаў. Украінізацыя ніякім чынам ня тычылася палітычнага жыцьця, а права ўкраінцаў на адукацыю на роднай мове ці пэўнае грамадзкае жыцьцё было вельмі дакладна рэглямэнтавана канкрэтнымі рамкамі», — кажа супрацоўнік Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці Паўло Падабед.

Што такое «Дзень народнага адзінства»

Паміж СССР і Нямеччынай у жніўні 1939 году была падпісаная дамова аб новых межах і сфэрах уплыву ва Ўсходняй Эўропе («пакт Молатава — Рыбэнтропа»). 17 верасьня 1939 году савецкая Чырвоная армія, скарыстаўшыся нападам нацысцкай Нямеччыны на Польшчу, без абвяшчэньня вайны ўварвалася на тэрыторыю Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Гэтыя землі ў міжваенны пэрыяд знаходзіліся ў складзе Польшчы.

Дзяржаўным сьвятам у СССР гэты дзень не лічыўся: пра «ўзьяднаньне БССР і Заходняй Беларусі» згадвалі, але стрымана і сьціпла. Ні ўрачыстых сходаў, ні мітынгаў ці парадаў у гэтыя дні не праводзілася.
7 чэрвеня 2021 году Аляксандар Лукашэнка, які ўтрымлівае ўладу ў Рэспубліцы Беларусь, заснаваў сьвята «Дзень народнага адзінства».

Рашэньне адзначаць падзеі 17 верасьня 1939 году як дзяржаўнае сьвята выклікала рэзка нэгатыўную рэакцыю ў суседзяў — у МЗС Літвы заявілі, што афіцыйны Менск «ігнаруе злачынствы, учыненыя двума самымі жорсткімі таталітарнымі рэжымамі ХХ стагодзьдзя».

У польскім МЗС заснаваньне сьвята назвалі «часткай дзеяньняў Расеі, накіраваных на пераасэнсаваньне надзвычай складанай гісторыі нашага рэгіёну». У Варшаве не сумняваюцца, што Лукашэнка выконвае тым самым расейскую палітыку перагляду складанай гісторыі рэгіёну.

Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы назваў гэтую дату «Днём адзінства двух таталітарызмаў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG