Замаскварэцкі суд Масквы суд прыпыніў рашэньне аб непажаданасьці знаходжаньня ў Расеі беларускага коміка Мірзалізадэ. Такім чынам, комік можа вярнуцца ў Расею, пакуль суд разглядае ягоны пазоў аб прызнаньні рашэньня паліцыі незаконным. Пра гэта паведаміў адвакат Ідрака Мірзалізадэ Сяргей Бадамшын.
Цяпер Мірзалізадэ патрабуе адмяніць рашэньне МУС Расеі аб пажыцьцёвым забароне на ўезд у краіну. Сваёй віну стэндапэр не прызнаў, але прынёс прабачэньні тым, каго пакрыўдзіў словамі з выступу.
Ідрак Мірзалізадэ нарадзіўся ў Азэрбайджане, а дзяцінства і юнацтва правёў у Беларусі. Па пашпарце ён беларус, па нацыянальнасьці — талыш. Пасля ўнівэрсытэту Ідрак пераехаў у Маскву, дзе гуляў у КВЗ і прымаў удзел у здымках камэдыйных шоў на расейскіх каналах.
За што і як пакаралі коміка
У канцы жніўня МУС Расеі абвясьціў аб пажыцьцёвай «непажаданасьці знаходжаньня» грамадзяніна Беларусі коміка Ідрака Мірзалізадэ ў Расеі.
«У сваім публічным выступе Ідрак Мірзалізадэ дапусьціў выразы, якія ўзбуджаюць нянавісьць і варожасьць да асобаў расейскай нацыянальнасьці, прыніжаюць іх чалавечую годнасьць. У сувязі з гэтым яго знаходжаньне на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі прызнана такім, якое пагражае грамадзкаму парадку, правам і законным інтарэсам іншых асобаў», — заявіла паведамленьні ведамства.
Тады ў МУС Расеі таксама зазначылі, што лічаць «недапушчальнымі выказваньні, накіраваныя на дэстабілізацыю міжнацыянальных адносін, незалежна ад формы іх падачы».
У сакавіку 2021 году Мірзалізадэ атрымаў від на жыхарства ў Расеі.
10 жніўня Таганскі раённы суд Масквы арыштаваў коміка на 10 сутак за жарт аб арэндзе кватэры і расейцах. Ён расказаў гісторыю, як спрабаваў зьняць жыльлё і падчас агляду ўбачыў запэцканы калам матрац.
«Відаць, расейцы абмазваюцца г...ном і кладуцца спаць», — пажартаваў комік.
Пасьля гэтага Мірзалізадэ пачалі вінаваціць у русафобіі. 27 ліпеня гумарыст паведаміў, што яго пабілі ў цэнтры Масквы. 9 жніўня коміка арыштавалі на 10 сутак праз абвінавачваньне ва ўзбуджэньні нянавісьці.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com