Лінкі ўнівэрсальнага доступу

17 верасьня: сьвята, якое пражыве не даўжэй, чым антыпольская палітыка


Вуліцы 17 верасьня дагэтуль можна сустрэць шмат у якіх гарадах і мястэчках на Горадзеншчыне і Берасьцейшчыне. Свае назвы яны атрымалі альбо ў 1939–41, альбо ў першыя пасьляваенныя гады. Была такая вуліца і ў маім мястэчку ў Шчучынскім раёне. Праўда, на пачатку 90-х гадоў неяк неўпрыкмет зьнікла: стала ці то Касьцельнай, ці то Гродзенскай.

У 70–80-я гады ўжо мала хто памятаў, чым была адметная гэтая дата — 17 верасьня. Дзяржаўным сьвятам у СССР гэты дзень не лічыўся, і афіцыйная прапаганда на яго зьвяртала мала ўвагі. Пра «ўзьяднаньне БССР і Заходняй Беларусі» згадвалі, але стрымана і сьціпла. Ні ўрачыстых сходаў, ні мітынгаў, ні тым больш парадаў у гэтыя дні не праводзілася. Чаму тады было так і чаму цяпер усё зьмянілася?

Афіцыйна гэта не афішавалася, але было відавочна: пасьля таго як Польшча стала сацыялістычнай і далучылася да савецкага блёку, разьдзьмухваць старыя вуглі антыпольскай прапаганды Маскве было няёмка. Тым больш што гістарычным падмуркам для 17 верасьня быў сумнавядомы пакт Молатава — Рыбэнтропа, сакрэтныя пратаколы да якога з плянамі падзелу паміж Гітлерам і Сталіным краінаў Усходняй Эўропы ў Крамлі старанна хавалі ажно да 1989 году.

Іншая відавочная прычына: пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР у рэспубліцы рэзка павялічылася колькасьць этнічных палякаў — адзін час іх тут налічвалася больш як паўмільёна. На гэтым тле сьвяткаваць падзею, якая мае яўна антыпольскую накіраванасьць, савецкія ідэолягі лічылі недарэчным.

І вось у 2021 годзе дзень 17 верасьня прадпісана лічыць дзяржаўным сьвятам, «актам гістарычнай справядлівасьці ў адносінах да беларускага народу, разьдзеленага супраць яго волі ў 1921 годзе паводле ўмоў Рыскай мірнай дамовы». Што было недарэчным пры Хрушчову і Брэжневу, стала дарэчным пры Лукашэнку.

Чаканьні і расчараваньні верасьня 1939-га

У гэтыя дні афіцыйная беларуская прапаганда часта паказвае кінахроніку савецкага часу — як насельніцтва Заходняй Беларусі сустракае Чырвоную армію кветкамі і прывітальнымі брамамі. Гэта далёка не заўсёды былі пастановачныя кадры. Я ня раз гутарыў на гэтую тэму са сваімі землякамі — відавочцамі і сьведкамі тых падзей. У многіх зь іх і радасьць, і спадзяваньні ў верасьні 1939-га былі зусім шчырыя.

Савецкі плякат 1939 году
Савецкі плякат 1939 году

Мой дзед Уладзіслаў у 30-я гады меў ужо ўласны лямпавы радыёпрымач. І часта, зь вялізнай цікавасьцю, слухаў радыё зь Менску. Магу ўявіць, пра што там тады расказвалі: пра заможнае і шчасьлівае жыцьцё ў калгасах, пра ўсеагульную роўнасьць і дабрабыт, пра трыюмф сацыяльнай справядлівасьці. Людзям у заходнебеларускіх вёсках, якія гэта слухалі, цяжка было дапусьціць думку, што пачутае — на 90 працэнтаў хлусьня і прапаганда. У Польшчы былі іншыя стандарты журналістыкі, іншыя газэты і радыё.

Ня ведаю, наколькі шырока тады разышлася сярод людзей кніга Францішка Аляхновіча «У кіпцюрах ГПУ» — пранізьлівая споведзь даверлівага беларуса, які, паверыўшы савецкай прапагандзе, зьехаў з Польшчы ў БССР і амаль адразу ж трапіў у сталінскі ГУЛАГ. Наўрад ці яе масава чыталі і верылі ў напісанае.

Жыцьцё ў заходнебеларускай вёсцы для сярэднестатыстычнага селяніна не было надта заможным. Так, голаду не было, але не было і вялікага дастатку. Людзі, праўда, пакрысе разжываліся, шмат у каго зьяўляліся і ровары, і радыёпрымачы, і ўласныя малацілкі, кузьні, млыны. Але было і шмат беднасьці, асабліва сярод малазямельных. Чуючы радыёказкі з усходняй Беларусі, многія ў іх хацелі верыць і верылі.

Ацьверазеньне прыйшло потым, калі «вызваліцелі» пачалі ўсталёўваць новы парадак, калі на Ўсход пацягнуліся першыя эшалёны з арыштаванымі і сасланымі, калі ўчарашнія аднаасобнікі, аб’яднаныя ў калгасы, атрымалі «за працадні» свае першыя заробкі.

Пасьляваенны савецкі плякат «Навек скасавалі паноў панаваньне...»
Пасьляваенны савецкі плякат «Навек скасавалі паноў панаваньне...»

«Няхай жыве сьвята 11 ліпеня!»

Дзяржаўныя сьвяты, якія грунтуюцца на палітычнай каньюнктуры, часта жывуць ня надта доўга. І рэдка перажываюць тыя палітычныя рэжымы, якія іх паклікалі да жыцьця.

Цяпер ужо мала хто памятае, але галоўным дзяржаўным сьвятам у міжваеннай БССР быў дзень 11 ліпеня — як тады пісалі, «гадавіна вызваленьня Беларусі ад белапалякаў». «Няхай жыве сьвята 11 ліпеня!» — такі плякат у 20–30-я гады ў Менску можна было на пачатку лета ўбачыць на кожным кроку. Хоць насамрэч сьвяткаваць асабліва не было чаго: тыя «белапалякі», якіх выгналі зь Менску 11 ліпеня 1920 году, усяго праз паўтара месяца пасьля адступленьня вярнуліся, і нават яшчэ раз захапілі Менск. Але потым адышлі да Ракава — толькі таму, што апасаліся забіраць надта вялікія тэрыторыі на ўсходзе (хоць расейскія бальшавікі, якія прайгралі савецка-польскую вайну, ім тое і прапаноўвалі).

Тым ня менш дзень 11 ліпеня ў тагачаснай БССР сьвяткаваўся максымальна пампэзна — з парадамі і дэманстрацыямі, працоўнымі падарункамі і ўрачыстымі мітынгамі. Антыпольская прапаганда ўсяляк заахвочвалася і падтрымлівалася. Подых яе дагэтуль можна адчуць, чытаючы літаратурныя творы таго часу — напрыклад, «Дрыгву» Якуба Коласа ці «Палескіх рабінзонаў» Янкі Маўра. Усё гэта было цалкам у рэчышчы тагачаснай савецкай зьнешняй палітыкі зь яе заўважным антыпольскім складнікам. Верасень 1939-га стаў апагеем антыпольскай кампаніі. У савецкіх газэтах у верасьні 1939-га друкаваліся такія, напрыклад, узьнёслыя вершыкі:

«Польши нету больше,
Нету ведьмы злой...»

На што ўжо неаспрэчным і непарушным здавалася для людзей майго пакаленьня сьвята 7 лістапада. Галоўнае дзяржаўнае сьвята ў СССР, якое пасьля вайны ўвайшло ў календары сьвяточных датаў паўтара дзясятка краінаў «сацыялістычнага лягера».

Грандыёзныя парады і ўрачыстыя маршы ад Берасьця да Курылаў. Два выходныя дні з прымеркаванымі да іх прэміямі і сьвяточнымі харчовымі «заказамі» для працоўнага люду — каб маглі закусіць ня толькі «кількай у тамаце», але і сэрвэлятам, і зялёным гарошкам Globus. І што з тым «чырвоным днём календара» сёньня?

Цяпер яго не сьвяткуюць нават у Расеі — на радзіме рэвалюцыі і ейнага правадыра. Лукашэнкава Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, якая спрабуе ўратаваць імя «Вялікага Кастрычніка», але і тут гэта атрымліваецца з кожным годам усё больш абсурдна і недарэчна.

І вось Польшча зноў становіцца ледзь не галоўным вонкавым ворагам. І тое, што ўказам Лукашэнкі ад 7 чэрвеня так званы «Дзень народнага адзінства» загадана адзначаць менавіта 17 верасьня — зусім не выпадкова. (Дарэчы, Дзень народнага адзінства ў Расеі, які там з 2005 году адзначаюць 4 лістапада, таксама мае антыпольскія карані).

На палітычнай мапе сьвету больш няма марыянэтачнай, падуладнай Маскве ПНР, а войскі НАТО стаяць за некалькі кілямэтраў ад Горадні і Берасьця. Старыя страхі і прымхі зноў выпаўзьлі на белы сьвет. Саромецца і бянтэжыцца больш няма чаго. Праўда, у Беларусі па-ранейшаму значную частку насельніцтва — каля 300 тысяч чалавек — складаюць этнічныя палякі. Але цяпер афіцыйныя ўлады на гэтыя абмежавальнікі і перасьцярогі не зьвяртаюць ніякай увагі. Гісторыя нібы вяртаецца на пэўны свой ранейшы віток, задаючы новым пакаленьням урокі, так і не засвоеныя іхнымі бацькамі і дзядамі.

Беларуская ўлада адзначае сьвята, якое народжана антыпольскай палітыкай. І якое, відавочна, зьнікне альбо вернецца да свайго ранейшага фармату гістарычнай даты, як толькі гэтая палітыка зьменіцца.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG