Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаўся першы палёт у космас без прафэсійных астранаўтаў


Касьмічны карабель Dragon, Space X

Кампанія SpaceX запусьціла касьмічны карабель Dragon на арбіту з мысу Канавэрал (штат Флорыда, ЗША). У яго экіпажы ўпершыню ў гісторыі касьмічных палётаў няма прафэсійнага астранаўта. Усе чатыры чалавекі на борце — касьмічныя турысты, якія правядуць на арбіце Зямлі тры дні.

Пра гэта паведамляе SpaceX у сваім твітэры.

Ідэя палёту належыць амэрыканскаму мільярдэру Джарэду Айзэкману. Разам зь ім на арбіту накіраваліся мэдсястра зь дзіцячага анкалягічнага шпіталя St. Jude, пераможца лятарэі і выкладчык гарадзкога каледжу. Фармальная мэта палёту — збор ахвяраваньняў на карысьць дзіцячага шпіталя. Палёт аплачвае Айзэкман, але пра кошт гэтай экспэдыцыі не паведамляецца.

Гэты палёт, як спадзяюцца яго ўдзельнікі і арганізатары, стане важным крокам на шляху да параўнальна масавага касьмічнага турызму.

«Палёт на калязямной арбіце становіцца больш даступным для большай колькасьці людзей, якія змогуць выпрабаваць цуды космасу», — напісаў у твітэры кіраўнік Амэрыканскага касьмічнага агенцтва Біл Нэльсан.

Гэты аўтаматычны касьмічны карабель Dragon ужо пабываў у космасе. Ён даставіў астранаўтаў на Міжнародную касьмічную станцыю (МКС). Ракета-носьбіт Falcon, якая вяртаецца на зямлю, ужо тройчы выкарыстоўвалася для запускаў касьмічных караблёў.

Па просьбе Айзэкмана, палёт будзе праходзіць на незвычайна высокай арбіце за 575 кілямэтраў ад паверхні Зямлі, на 160 кілямэтраў вышэй за арбіту МКС. Нягледзячы на поўную аўтаматызацыю працэсаў кіраваньня палётам, яго ўдзельнікі прайшлі шасьцімесячную падрыхтоўку на выпадак аварыйных сытуацый, якая ўключала трэнінгі ў цэнтрыфузе, палёты на самалётах-зьнішчальніках і сымуляваньне працэсу запуску і пасадкі на касьмічных трэнажорах.

Наступны турыстычны палёт кампанія SpaceX плянуе на пачатак наступнага года. На МКС павінны адправіцца тры прадпрымальнікі ў суправаджэньні былога астранаўта.

У Расеі заплянаваны на 5 кастрычніка запуск карабля «Саюз МС-19». На ім прыбудзе здымачная група фільму «Выклік» — рэжысэр Клім Шыпенка, актрыса Юлія Перэсільд, а таксама камандзір карабля касманаўт Антон Шкаплераў. Яны правядуць здымкі першага мастацкага фільма ў космасе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG