Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча заблякавала рэалізацыю ў Беларусі бізнэс-праекту на 170 мільёнаў даляраў


Меркаваны водны маршрут Е40 паміж Украінай і Беларусьсю, архіўнае фота

Міністэрства клімату і навакольнага асяродзьдзя Польшчы пад ціскам экалягічных арганізацый адклікала ранейшы дазвол на будаўніцтва плаціны «Сяжэва» на рацэ Вісла. Такім чынам, блякуецца і рэалізацыя буйнога праекту ў Беларусі — так званага «Воднага шляху Е40».

Як вынікае з рашэньня, на якое спасылаецца выданьне «Беларусы і рынак», ацэнка ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе падрыхтаваная са шматлікімі парушэньнямі заканадаўства і ня ўлічвае ўсіх спадарожных аспэктаў.

Неўзабаве ў Сяжэве мусілі пачаць узьвядзеньне каскаду плацін, каб забясьпечыць навігацыю не ніжэйшую за IV клясу суднаходзтва і стварыць новыя магутнасьці ГЭС.

У сваю чаргу без каскадызацыі Віслы і будаўніцтва каналу Вісла — Мухавец немагчыма паўнавартаснае злучэньне ўнутраных водных шляхоў Польшчы, Беларусі і Ўкраіны ў рамках «Воднага шляху Е40». Гэта праект будаўніцтва суднаходнай трасы даўжынёй больш за 2000 км, які хацелі пракласьці па Вісьле, Прыпяці і Дняпры, каб злучыць Балтыйскае і Чорнае моры.

На яго рэалізацыю зьбіраліся выдаткаваць да 13 мільярдаў даляраў, у тым ліку да 170 мільёнаў — на работы ў Беларусі. Гаворка вялася пра рэканструкцыю гідраўлічных збудаваньняў на ўсходнім схіле Дняпроўска-Бужанскага каналу, будаўніцтва новых гідравузлоў на Прыпяці з шлюзамі, стварэньне суднаходнага ўчастку міжнароднага воднага шляху на польска-беларускай мяжы і г. д.

Акрамя таго, у вёсцы Ніжнія Жары плянавалася збудаваць вялікі порт, куды маглі пастаўляць грузавыя кантэйнэры з Кітая.

Раней беларускія эколягі і прадстаўнікі грамадскасьці заклікалі адмовіцца ад будаўніцтва «Воднага шляху Е40» з прычыны высокіх экалягічных і інвэстыцыйных рызык. Замест гэтага актывісты заклікалі засяродзіць рэсурсы на альтэрнатыўных рэгіянальных праектах, у тым ліку на разьвіцьці турызму на Палесьсі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG